Можна прывесці і прыклады, як палякі вынішчалі беларусаў на тэрыторыі Беларусі. Піша Тацяна Шаклач з Мінску.

Супярэчлівыя пачуцці выклікаў у мяне артыкул Алы Петрушкевіч «Расстрэл у гонар Першамаю» («НН» за 11 снежня 2008). На першы погляд, гэта аповед пра тое, як у гады вайны ў Заходняй Беларусі партызаны вынішчылі інтэлігентную панскую сям’ю. Але, калі разабрацца, то артыкул гэты — пра тое, як на тэрыторыі Беларусі рускія (і тыя беларусы, якія з імі хаўруснічалі) вынішчылі палякаў (бо, хутчэй за ўсё, сям’я Чарноўскіх была носьбітам польскага нацыянальнага духу).

Але можна прывесці і адваротныя прыклады: як палякі вынішчалі беларусаў на тэрыторыі Беларусі. Сустракала ў літаратуры апісанне не меней жахлівых эпізодаў, як у гады вайны польская партызанская Армія Краёва вынішчала сем’і праваслаўных святароў. Пры гэтым таксама жыўцом палілі.

Армія Краёва ў пасляваенны час развязала сапраўдны тэрор супраць беларускага насельніцтва, якое апынулася на тэрыторыі Польшчы паводле новай савецка-польскай мяжы. Расстрэльвалі толькі за тое, што чалавек называўся беларусам. А для сённяшняй Польшчы акаўцы — героі.

Людзей, ведама, шкада і тых і тых, але сказаць хацелася пра іншае. Гэтыя эпізоды яскрава адлюстроўваюць геапалітычную сітуацыю, якая існуе на беларускіх землях ужо некалькі стагоддзяў: за беларускую тэрыторыю змагаюцца між сабою палякі і расійцы, і пры гэтым гатовыя люта вынішчаць на гэтай тэрыторыі адны другіх. Нянавісць, якую маюць адзін да аднаго гэтыя два народы і якая прарываецца ў палітычных адносінах і сёння, выклікана тым, што яны прагна прэтэндуюць на адзін і той жа аб’ект — Беларусь.

Што ў гэтай сітуацыі рабіць беларусам? Напэўна, дыстанцыявацца і ад тых, і ад тых і абараняць уласныя нацыянальныя інтарэсы.

Я пішу гэта для таго, каб паказаць: Польшча — не шчыры сябар Беларусі. Калі і аказваецца падтрымка беларускаму руху, то з надзеяй, што калі-небудзь, паступова, беларусы апалячацца. Вось і паспяховы прыклад ужо ёсць: польскія беларусы ўжо называюць сябе пры перапісах насельніцтва праваслаўнымі палякамі.

На жаль, «Наша Ніва» салідарызуецца з палякамі. А чым палякі лепшыя за расійцаў, скажыце, калі ласка? Адны русіфікавалі, другія паланізавалі, а якая розніца? Беларушчыне не давалі развівацца ні тыя, ні тыя, нават палякі тут дзейнічалі больш напорыста.

Ад Рэдакцыі. З першай часткай Вашага ліста згодныя, з другой — не. Польшча цяпер не тая, што была. Дый Беларусь не тая. Вы накладаеце старыя гістарычныя крыўды на сённяшні час. А Польшчу змянілі «Салідарнасць» і далучэнне да Еўрасаюзу. Яшчэ 50 гадоў таму інтэлектуалы з асяродку польскага эміграцыйнага часопісу Kultura сфармулявалі, што ў нацыянальных інтарэсах Польшчы — захаванне стабільных межаў і ўмацаванне незалежнасці Беларусі і Украіны. Гэтай канцэпцыяй і кіруецца цяпер новая польская дыпламатыя. «Паланізацыя Беларусі» — нешта з шэрагу нерэальнага сёння. Польскае грамадства шчыра жадае свабодаў і незалежнасці для Беларусі. Напрыклад, палітычныя перамены ва Украіне не прывялі да апалячвання. Наадварот. Менавіта супрацоўніцтва Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы і іншых краінаў Міжмор’я даюць Беларусі шанец на эканамічную і ваенную бяспеку і спакойнае развіццё да таго часу, пакуль сённяшняя імперская Расія не распадзецца на дэмакратычныя дзяржавы. Дарэчы, і лукашэнкаўская групоўка тое пачала разумець. Што да «НН», то яна разлічаная на ўсіх грамадзянаў РБ, незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, на ўсіх, а не толькі на беларусаў. Мы адна нацыя, што складаецца з людзей рознага паходжання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0