Катэдж у Драздах, які належыць былому міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму, здаецца за $3800 на месяц.

Алег Праляскоўскі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Алег Праляскоўскі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Адпаведная прапанова з'явілася на сайце агенцтва нерухомасці «Благадом».

Адметнасць аб'явы ў тым, што ў ёй нават пазначана іншая вуліца, чым тая, на якой у рэальнасці стаіць дом Праляскоўскага. Няма і ніводнага фотаздымку звонку. Так робіцца, каб журналісты не змаглі ідэнтыфікаваць катэдж.

Тым не менш крыніцы «Нашай Нівы» пацвярджаюць, што гаворка ідзе менавіта пра дом Праляскоўскага.

Чытайце. Артылерыст-ідэолаг: топ-5 фактаў пра звольненага міністра Алега Праляскоўскага

Плошча катэджа — 456 квадратных метраў. У ім шэсць жылых пакояў. На першым паверсе знаходзяцца гасціная і кабінет. На другім — чатыры спальні і ванна з джакузі. На трэцім, мансардным паверсе ёсць гульнявы пакой і трэнажорная зала. Нарэшце, на цокальным паверсе — сауна з пакоем адпачынку, більярд і кацельня. Асобна стаіць альтанка з мангалам.

Участак у Драздах дастаўся Праляскоўскаму, як і іншым прадстаўнікам лукашэнканкаўскай наменклатуры, у сярэдзіне 2000-ых. Элітная зямля дасталася яму задарма альбо амаль задарма.

Хто суседзі экс-міністра? Побач стаіць дом Наталлі Пяткевіч, якая ў свой час была намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Праз дарогу — катэджы святара Фёдара Поўнага і бізнэсмена Паўла Тапузідзіса (ён адзін з нямногіх, хто сам купляў дом).

Чытайце. Ад Абельскай да Ярмошынай: 112 уладальнікаў катэджаў у Драздах, поўны спіс

Крыніцы «Нашай Нівы» сцвярджаюць, што Алег Праляскоўскі пасля адстаўкі пераехаў у Расію і займаецца бізнэсам у Падмаскоўі. Яго сям'я засталася ў Беларусі.

Чытайце. Жонка Праляскоўскага ўзначальвае прававы аддзел БелТА — чым жыве сям’я былога галоўнага ідэолага краіны

Алег Праляскоўскі

Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Сергіевым Пасадзе ў Расіі. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Працаваў загадчыкам аддзела ў Службе бяспекі Прэзідэнта Беларусі, генеральным дырэктарам БелТА, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (2003—2007), памочнікам прэзідэнта — начальнікам Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта (2007—2008), дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта (2008—2009), міністр інфармацыі (2009—2014).

Чытайце. Былы кіраўнік АНТ Кісель здае катэдж у Драздах за $6500 на месяц. Як вам інтэр’еры? ШМАТ ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?