22 красавіка каля аднаго з дамоў у Полацку знайшлі цела 26-гадовага Рамана Цыро. Яго моцна збілі, а пасля закапалі пад домам.

Цяпер усе трое падазраваных пад вартай. Дваім з іх няма яшчэ і 18 гадоў, іх затрымалі ў Полацку. Трэці, старэйшы хлопец, паспеў збегчы ў Расію, але там яго затрымалі.

Чытайце: Закапалі жыўцом, бо кахаў школьніцу? Падрабязнасці трагедыі ў Полацку, дзе падлеткі забілі мужчыну

Раман Цыро, якога збілі і закапалі на падворку бацькоўскай хаты

Раман Цыро, якога збілі і закапалі на падворку бацькоўскай хаты

Цяпер малодшыя хлопцы вінавацяць свайго старэйшага сябра. Але незразумела, што штурхнула маладзёнаў на такі страшны крок. Мама загінулага запэўнівае, што канфлікт быў праз 16-гадовую школьніцу, з якой сустракаўся Раман: нібыта падазраваныя патрабавалі ад хлопца напісаць распіску, што ён адмаўляецца ад дзяўчыны. Але ж сама школьніца кажа, што і з Раманам яна проста сябравала, а не сустракалася, дый ніхто з троіцы падазраваных да яе не заляцаўся.

«Наша Ніва» звязалася са сваякамі і знаёмымі хлопцаў. Усе вінавацяць, хутчэй, лад жыцця хлопцаў, алкаголь ці наркотыкі. Ну і таксама таго старэйшага сябра.

Слава, 16 гадоў, вучыўся ў палітэхнічным каледжы

«Слава — ціхі хлопец, які ніколі не лез ў праблемы. Ён нават не выглядае на свае 16 гадоў. Што ён там рабіў, калі забівалі таго Рамана, я ўявіць не магу, — расказвае сябар хлопца. — Мяркую, што Слава проста выпадкова аказаўся ў той сітуацыі. Ён ахвяра абставінаў. Пра тое, каб у Славы былі праблемы з алкаголем, я не ведаю.

Але гэта ж закон раёна: твой таварыш п’е — і ты мусіш піць, твой таварыш б’е — і ты мусіш біць. Таму яны цяпер і адправяцца туды, куды адправяцца, яшчэ і чалавека загубілі».

Юрый, 17 гадоў, вучыўся на плітачніка

Другі непаўналетні фігурант справы — Юрый. Яму 17 гадоў.

Непаўналетнія падазраваныя Слава (злева) і Юрый

Непаўналетнія падазраваныя Слава (злева) і Юрый

Юра з шматдзетнай сям’і. Але цяпер маці жыве з айчымам хлопца. Абое стала нідзе не працуюць, кажуць іх знаёмыя. Айчым часам бярэ шабашкі, плюс атрымліваюць дапамогу на дзяцей. Праблемы з алкаголем у сям’і таксама ёсць. Мама цяпер не п’е, бо пэўны час таму закадзіравалася, а вось айчым выпівае.

Хлопец вучыўся ў прафесійным ліцэі будаўнікоў. Спецыяльнасць — плітачнік. Але яшчэ за пару месяцаў да трагедыі яго адлічылі — не здаў экзамены.

«Вучыўся ён сярэдне: і не добра, і не кепска. Бойкі часам былі: не сказаць, што любіў біцца, але мог паўдзельнічаць», — кажа былы аднагрупнік Юры.

Іншы хлопец, які рос разам з Юрам і Славам, вінаваціць у здарэнні лад жыцця хлопцаў. І старэйшага хлопца — 20-гадовага Вадзіма, трэцяга падазраванага, які пасля забойства збег у Расію:

«Галоўная праблема ў тым, што яны вельмі рана пачалі піць і гуляць. У Юры з дзяцінства былі праблемы: ён выпіваў, таксікаманіў.

Плюс прыклад Вадзіма — яму 20 гадоў, і для малодшых ён быў вулічным аўтарытэтам».

Юрый і той самы Вадзім (справа)

Юрый і той самы Вадзім (справа)

Вадзім, 20 гадоў, вучыўся на кухара

«Сам ён неўраўнаважаны, мягка кажучы. Я на 99% упэўнены, што ўсё там адбылося праз таго Вадзіма, — кажа суразмоўца «Нашай Нівы». —

Вадзім ніколі нідзе не працаваў. Прайшоў нейкія курсы кухара, але на працу так і не хадзіў.

Ён мог выпіць і пачаць казаць: усё, хачу пабіцца з кімсцьці.

Неяк мы сустрэлі ўвечары п’янага Вадзіма, параілі яму ісці дадому, бо міліцыя забярэ. У адказ ён пачаў крычаць: якая міліцыя, мне пофігу. І гэта быў першы выпадак, каб не міліцыя прычапілася да мінака, а ён да міліцыі: Вадзім пабег за патрульнай машынай з крыкамі. А калі яна спынілася, ён палез у бойку з міліцыянтамі. Яго забралі, канечне, але, здаецца, не асудзілі, далі штраф.

Вадзім пастаянна гаварыў на нейкія турэмныя тэмы, паказваў парэзаныя рукі, расказваў, што гэта ён ад нажа адбіваўся…

І ўсе яны пілі там, дзе можна было выпіць. Ды і Грамы — сам раён такі, там гэта масавая з’ява».

Праўда, Уладзімір, родны брат Вадзіма, абараняе свайго сваяка. Ён мяркуе, што вінаватыя наркотыкі.

«Я не выключаю, што той, каго прыкапалі, і сам мог на іх кінуцца. Ён быў такі рэзкі хлопец. А Вадзім справядлівы, ён заўсёды абараняў сваіх і сяброў і знаёмых. Мог проста за малодшых заступіцца, — кажа Уладзімір. — Акрамя таго, пасля забойства той Юра казаў аднаму з мальцаў на раёне, што яны штосьці пакурылі ў той вечар».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?