16 студзеня 1991 г. выйшаў першы нумар спартовай газеты «Прессбол».

Незалежны беларускі праект на паўгоду маладзейшы за найбуйнейшае на сёння спартовае выданне на прасторах СНД, газету «Спорт-Экспресс».

У 1991 г. «Прессбол» расцэньваўся - і цяпер расцэньваецца таксама - як альтэрнатыва традыцыйнаму «Физкультурнику Белоруссии» (сёння - органу Мінспорту «Спортивная панорама»). «Прессбол» стараўся тады асвятляць праблемы весела, цікава, непрадузята, з гумарам.

Аглядам чэмпіянату Беларусі па футболе ў сярэдзіне 1990-х пазайздросцілі б рэзідэнты «Камеды Клаб».

Спачатку газета выходзіла раз на тыдзень (у аўторкі), ад 1995 г. дадаўся васьмістаронкавы нумар у пятніцы. Потым газета паспрабавала перайсці на чатырохразовую перыядычнасць, а некаторы час з'яўлалася ў сталічных шапіках у панядзелак па абедзе - і карысталася шалёнай папулярнасцю. У цэнтры яе вокамгненна разбіралі.

Напачатку 1990-х выданне спрабавала рэагаваць на палітычныя падзеі ў краіне. Замену старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча на Мечыслава Грыба газета пракаментавала артыкулам «Погрибение».

Зазнала газета і судовы пераслед.
Самы гучны прыклад - пазоў ужо былога міністра фінансаў і экс-кіраўніка федэрацыі гімнастыкі Мікалая Корбута, а таксама пазбаўленне акрэдытацыі на паездку на Алімпійскія гульні ў Пекін.

***

«Прессбол» выстаяў. Ад ліпеня 2008 году ён вярнуўся на выхад чатыры разы на тыдзень (аўторак-серада), павялічыў наклад, тыднёвы наклад цяпер складае каля 90 тыс. асобнікаў.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца сайт выдання.

Паводле рэйтынга "Акавіты" (напр, сярэднясутачны рэйтынг) ён уваходзіць у тройку самых чытаных СМІ, следам за "Хартыяй", і "Камсамолкай". Так, у наведнікаў Спортивной панорамы наведнікаў у 20 разоў меней.

«Наша Ніва» віншуе «Прессбол» з паўналеццем і зычыць і далей развівацца і стаць паўнацэннай штодзённай газетай (з выхадам, як мінімум шэсць разоў на тыдзень :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?