Каля года жыхарцы Маладзечанскага раёна бракавала смеласці набраць «102» і расказаць пра скандаліста-сужыцеля. Тэлефанаваць у міліцыю не хацела, баялася, што суседзі прысаромеюць. Звярнуцца да праваахоўнікаў дзяўчыну ўгаварылі на працы, зноў убачыўшы яе ў сіняках, паведамляе міліцыя.

У той вечар 36-гадовы жыхар вёскі Мароські як звычайна быў выпіўшы. Ужываць пасля працы пару літраў піва для мужчыны стала нормай. Але ў прыхільнасці да алкаголю ён абвінаваціў сваю сужыцельку, маўляў, у п'яным выглядзе ходзіць на працу. Гэтае падазрэнне і справакавала скандал.

Лаянка перарасла ў рукапрыкладства. Адабраўшы мабільны тэлефон, мужчына біў сужыцельку нагамі і рукамі, цягаў за валасы і душыў. Рэальна ўсвядоміла пагрозу забойства жанчына тады, калі пачула: «Я цябе заб'ю і закапаю за хлявом, і ніхто не даведаецца». Верагодна, спалохалася яна не толькі за сваё жыццё, бо разам з імі жыве і яе 9-гадовая дачка.

Скарыстаўшыся няўважлівасцю сужыцеля, жанчына схапіла яго тэлефон і набрала нумар брата. Сваяк адразу ж прыехаў на дапамогу і забраў сястру. Дарэчы, пасля скандалаў жанчына заўсёды ўцякала да сваякоў. Толькі яны і калегі былі ў курсе сямейнага жыцця. У адных шукала прытулак пасля скандалаў, ад іншых чакала падтрымкі. Суседзі з гэтай нагоды адмоўчваюцца, маўляў, нічога не чулі.

Мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак сам ён апраўдвае сябе, маўляў, так праводзіць «выхаваўчыя гутаркі». Дарэчы, раней у поле зроку міліцыі ён не трапляў. Па месцы працы, у мясцовым рыбгасе, яго характарызуюць станоўча.

Узбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Пагроза забойствам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0