Дзеянні пілотаў падчас пасадкі Sukhoi Superjet 100 у Шарамеццева прывялі да катастрофы, у якой загінуў 41 чалавек. Гэтая версія з'яўляецца дамінуючай у расследаванні крымінальнай справы аб крушэнні самалёта, паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, блізкія да следства.

Выданне пералічвае асноўныя памылкі пілотаў, якія выконвалі рэйс «Аэрафлота» з Масквы ў Мурманск 5 мая. Першая з іх — рашэнне пілотаў ляцець праз навальнічны фронт. Праз 14 хвілін пасля пачатку палёту камандзір экіпажа паведаміў па рэзервовым канале сувязі, што ў самалёт трапіла маланка, з-за чаго адключылася аўтаматыка.

Другая памылка — лётчыкі паспяшаліся вярнуцца і прызямліцца ў Шарамеццева замест таго, каб пратрымацца ў паветры некаторы час і выпаліць лішнюю газу. У выніку самалёт садзіўся з максімальнай масай, якая стварае дадатковыя цяжкасці пры пасадцы.

Нарэшце, апытаныя газетай эксперты звяртаюць увагу на памылкі пры прызямленні: пілоты не здолелі правільна зайсці на пасадку ў ручным рэжыме і перавысілі шляхавую хуткасць, а затым пагоршылі сітуацыю, не справіўшыся з адскокамі самалёта ад узлётна-пасадачнай паласы. Пасля другога такога «скачка» стойкі шасі прабілі паліўныя бакі, і пачаўся пажар рухавіка.

Пасажыры, якія загінулі ў катастрофе, размяшчаліся ў хваставой частцы самалёта — яны атрымалі сур'ёзныя траўмы яшчэ падчас «скачкоў» лайнера і выбрацца з салона самастойна не маглі, адзначае выданне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0