Польская паліцыя затрымала 51-гадовую жанчыну за «прафанацыю вобраза Божай Маці». Жанчына распаўсюджвала малюнкі Панны Марыі з німбам, размаляваным у колеры вясёлкавага сцяга ЛГБТ, паведамляе партал Onet.

Кіраўнік МУС Польшчы Ёахім Брудзінскі напісаў у твітары:

— Я ўдзячны польскай паліцыі за эфектыўную аперацыю па выяўленні і затрыманні асобы, якая падазраецца ў прафанацыі святога для палякаў вобраза Божай Маці. Ніякія размовы аб свабодзе і «талерантнасці» не даюць нікому права абражаць пачуцці вернікаў.

Жанчыну затрымалі ў горадзе Плоцку ў Цэнтральнай Польшчы. Яна каля мясцовага касцёла размяшчала на біятуалетах і сметніках налепкі і постары з выявай Чанстахоўскай Божай Маці. Німбы Панны Марыі і немаўляці Хрыста на малюнках былі размаляваныя ў колеры вясёлкі (сцяг ЛГБТ).

Затрыманай прад'явілі абвінавачанне ў абразе рэлігійных пачуццяў і злоўжыванні аб'ектам рэлігійнага культу. За падобнае злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі на тэрмін да 2 гадоў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0