Радаўніца. Колішнія вясковыя могілкі на ўскраіне райцэнтра. Беларусы памінаюць продкаў. Хто за самаробнымі столікамі, хто абрус на магілу паслаўшы.Чырвоныя яйкі, цукеркі, паналіваныя чаркі для жывых і памерлых. Пабачыўшы каго са знаёмых, нібы ў хату, запрашаюць да стала ў сваю агароджу. Непадалёк ад уваходу аўталаўка прапануе прадукты і напоі ў асартыменце. Пыльная палявая дарога да шашы. Праз дарогу па лагчынцы, дзе-нідзе парослай маладымі дрэўцамі, што цягнецца паўз усе могілкі, ідуць людзі. Хто шукае зручнага месца да ветру схадзіць, хто гэтак шлях да шашы скарачае, бо на дарозе машыны пыляць.

Самотны малады міліцыянер флегматычна стаіць пасярод лагчыны і нікога не чапае.

Дзве прыбраныя ў выходныя строі, але падпітыя ўжо маладзіцы цягнуць пад рукі старую ў квяцістай хустцы, зусім п’янюшчую. Падыходзяць да міліцыянера. Просьба да ахоўніка правапарадку, прамоўленая на ўсё наваколле ўражвае сваёй нечаканасцю:

— Сфатаграфіруйцеся з нашаю мамаю!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?