Байцы спецназу міліцыі ў цывільным затрымалі лідэра руху «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча разам з актывістам арганізацыі Сяргеем Кастыленкам.

Гэта адбылося праз некалькі хвілінаў пасля завяршэння акцыі, якую праводзілі актывісты «Маладой Беларусі» каля сталічнага універсама «Серабранка» з нагоды Дня салідарнасці.

Актывісты раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра зніклых. Пасля завяршэння акцыі маладыя людзі стаялі на прыпынку аўтобусу, калі каля іх спыніўся мікрааўтобус з танаваным шклом, і адтуль выскачылі людзі ў цывільным. Яны схапілі Артура Фінькевіча і ягоны ноўтбук, які, як падалося назіральнікам, цікавіў іх нават больш. Артур спрабаваў перадаць кампутар Сяргею Кастыленку, але схапілі і яго.

Артур Фінькевіч паспеў паведаміць па тэлефоне, што ён знаходзіцца ў Першамайскім РАУС. Раней ён казаў, што міліцыя Першамайскага раёна пагражала Артуру прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці за ілжывы данос. Справа тычыцца снежаньскіх падзеяў, калі Артура схапілі каля пад’езду, закінулі ў мікрааўтобус, дзе збівалі, а потым выкінулі ў поле.

Дазнаўца Першамайскага РУУС сп.Смірноў паведаміў паплечнікам Артура Фінькевіча, што ён сапраўды дастаўлены ў РУУС у справе снежаньскіх падзеяў у якасці пацярпелага. Следчы мае да яго некалькі пытанняў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0