10.05.2019 / 16:27

Артрыт, артроз, астэахандроз: засцерагчыся ад пагроз 3

Што гэта за захворванні?

Агульна кажучы, гэта захворванні суставаў: артрыт — запаленне, артроз — заўчасная дэгенерацыйная змена тканак, якія ўтвараюць сустаў, астэахандроз — дэгенерацыйна-дэфармацыйныя змены міжпазванковых дыскаў пазваночніка.

Гэтыя хваробы маюць сходныя сімптомы, а парой бываюць узаемазвязаныя. Лечацца доўга, часта пераходзяць у хранічную форму і нават прыводзяць да інваліднасці, але пры своечасовым лячэнні і выкананні пэўных правіл цалкам магчыма пераадолець іх наступствы.

Што такое артрыт?

Запаленне суставаў можа здарыцца ў любым узросце. Прычынай можа стаць інфекцыя, траўма, іншае захворванне (напрыклад, рэўматызм, псарыяз, падагра і інш.). Артрыт можа стаць наследкам занадта інтэнсіўных спартовых заняткаў, занадта цяжкай фізічнай працы.

Сімптомы запалення сустава: сустаў ацякае, павялічваецца, чырванее, баліць, асабліва пры спробах руху.

Лячэнне артрыту залежыць ад прычыны, якая яго выклікала. Калі ён — вынік іншага захворвання, то, натуральна, лячыць трэба найперш яго. Гэта не заўсёды проста, бо, напрыклад, прычыны рэўматоіднага ці псарыязнага артрыту да канца невядомыя, і, адпаведна, лячэнне не заўсёды эфектыўнае. Калі ж запаленне сустава — першаснае, асноўнае захворванне, то лячэнне будзе накіравана на абязбольванне, зняцце запалення пры дапамозе супрацьзапаленчых сродкаў, фізіяпрацэдур. Добры эфект дае ўвядзенне ў хворы сустаў гарманальных сродкаў, якія знімаюць запаленне.

Што такое артроз?

Пры артрозе назіраецца дэградацыя тканін сустава, але запалення няма. Часцей гэта здараецца ў людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, пажылых, але, як і іншыя хваробы, зараз артроз «маладзее». Змены развіваюцца павольна, выклікаючы боль, абмежаванне рухаў, дэфармацыю і нерухомасць суставаў. У большасці выпадкаў прычына артрозу не высветленая, але мае значэнне спадчыннасць. Выяўляецца артроз часцей за ўсё пасля якіх-небудзь перанесеных захворванняў.

Артроз можа уразіць любыя суставы, часцей за ўсё — пазваночнік, тазасцегнавы, каленны ці плечавы сустаў.

Лячыць захворванне трэба комплексна і доўга, з падборам індывідуальнай схемы прыёму лекавых прэпаратаў і немедыкаментозных сродкаў. Усе методыкі лячэння артрозу можна падзяліць на 3 групы: немедыкаментозныя, лекавыя, хірургічныя. Да першых адносіцца правільны лад жыцця, у невострай стадыі — спецыяльная гімнастыка, фізіяпрацэдуры, выкарыстанне прыстасаванняў, якія знімаюць нагрузку на хворы сустаў (палка, артапедычныя падкладкі ў абутак і т. д.). Што датычна лекаў, то назначаюць абязбольвальныя, нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі, глюкакартыкастэроідныя гармоны. Пры іх ужыванні боль і запаленне знікаюць за кароткі час, што павышае якасць жыцця. Таксама ўжываюцца лекі з групы хандрапратэктараў — сродкі, якія аднаўляюць пашкоджаную храстковую тканіну і абменныя працэсы ў ёй за кошт актывацыі крывацёку і стымуляцыі з'яўлення новых клетак храстка.

Хірургічныя метады прымяняюць у тым выпадку, калі іншыя не даюць выніку. У цяжкіх выпадках праводзяць замену сустава пратэзам, што дазваляе цалкам аднавіць працаздольнасць пацыента.

Як праяўляецца астэахандроз?

Змены могуць быць як у міжхрыбетнікавых суставах, так і міжхрыбетнікавых дысках, на розных узроўнях хрыбта. У выпадку парушэнняў у шыйным аддзеле боль аддае у вобласць пляча, з'яўляецца здранцвенне рук, асабліва ноччу. З'яўляюцца галаўныя болі ў вобласці патыліцы. Калі болі лакалізуюцца ў грудным аддзеле, могуць праяўляцца з'явы міжрабрыннай неўралгіі. Пры лакалізацыі міжрабрыннай неўралгіі злева, боль можа нагадваць сардэчнае недамаганне.

Часцей за ўсё боль лакалізуецца ў паяснічным аддзеле хрыбта. Клінічныя праявы дэгенератыўных паражэнняў вельмі разнастайныя і могуць спадарожнічаць іншым захворванням хрыбта, таму перад прызначэннем лячэння неабходна рэнтгеналагічнае даследаванне пазваночніка.

Зараз з’явіліся даследванні, у якіх даказваецца, што астэахандроз можа быць і прычынай гіпертаніі: пры астэахандрозе хрыбетнікі змяшчаюцца, перадушваюць сасуды, мозг не атрымлівае дастаткова кіслароду і «дае каманду» арганізму кампенсаваць гэта іншымі сродкамі. Сэрца пачынае працаваць інтэнсіўней, сасуды сціскаюцца, ныркі перастаюць адводзіць вадкасць — так павышаецца ціск, пачынаецца гіпертанія. Такая гіпертанія можа быць знятая толькі пры ўзнаўленні нармальнай дзейнасці сасудаў.

У лячэнні астэахандрозу важна адрэгуляваць лад жыцця; патрэбныя частыя перыяды адпачынку, выключэнне фізічных перагрузак.

Вельмі эфектыўнай з’яўляецца лячэбная гімнастыка. Комплексы такой гімнастыкі ёсць у інтэрнэце ў вольным доступе.

Ці існуе эфектыўная прафілактыка захворванняў суставаў?

Так. Найперш, гэта разумная фізічная актыўнасць. Важна не заседжвацца, але й не перагружаць суставы празмерна. Сачыце за паставай. Неабходна правільна харчавацца і кантраляваць вагу. Залішняя вага часта спрыяе таму, што суставы перадчасна зношваюцца. Што датычна дыеты, то большасць дактароў лічаць, што яна павінна, у цэлым, проста быць збалансаванай, не утрымліваць фастфуду, прадуктаў з хімічнымі дабаўкамі. Народная пагалоска сцвярджае, што вельмі карысны для прафілактыкі захворванняў суставаў халадзец, заліўныя стравы, бо яны спрыяюць аднаўленню храсткоў за кошт рэчываў, якія выдзяляюцца ў булён пры доўгай варцы мяса і костак. У прынцыпе, гэта так. Але гэтыя стравы не пойдуць на карысць тым, у каго ёсць захворванні печані, нырак або павышаны ўзровень халестэрыну ў крыві.

Ірына Дастанка, фота Public Domain Pictures

0
Yurasius / Адказаць
10.05.2019 / 16:45
Шаноўная рэдакцыя, сукупнасць клетак, якія звязаныя агульным паходжаннем і выконваюць агульныя функцыі, называецца "тканка", а не "тканіна".
0
Алесь / Адказаць
10.05.2019 / 21:11
На жаль, тэма актуальная.
0
Ліса / Адказаць
11.05.2019 / 19:18
Мне уже поздно)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру