«Несмяротны полк» у Алматы. Фота «Спутнік-Казахстан».
Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на «Несмяротны полк» у Алматы, некалькі тысяч — у сталіцы краіны, Нур-Султане. Дзяржаўныя СМІ Казахстана рэпартажаў пра гэта не далі, афіцыйныя ўлады ўдзелу ў акцыі не бралі.
Затое ў сталіцы разам з дэманстрантамі прайшлі пасол Расіі ў Казахстане і кіраўнік прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва». Да іх далучыліся паслы Арменіі, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана і Туркменістана, паведамляе казахскі «Спутнік» са спасылкай на фэйсбук пасольства Расіі. Пасла Беларусі ў ліку ўдзельнікаў ён не называе. Не бралі ўдзелу і прадстаўнікі афіцыйных уладаў Казахстана.
Паслы Расіі, Арменіі ды некаторых іншых краін на «Несмяротным палку» ў Нур-Султане. Фота са старонкі пасольства Расіі ў фэйсбуку.
«Спутнік» ацэньвае лічбу ўдзельнікаў у Алматы ў 130 тысяч чалавек. Фоты з дрона такіх ацэнак не пацвярджаюць: гаворка, хутчэй, пра некалькі дзясяткаў тысяч.
Шэсце ў Алматы. Фота tengrinews.kz.
«Несмяротныя палкі» былі арганізаваныя таксама ў большасці абласных цэнтраў Казахстана. Там яны сабралі па некалькі соцень удзельнікаў.
Шэсці ў Казахстане прайшлі ў атмасферы нервознасці. 7—9 мая ў краіне былі заблакаваныя сацсеткі: фэйсбук, Ютуб, інстаграм.
Улады заглушылі мабільны інтэрнэт на маршруце шэсця ў Алматы. У краіне знік доступ да дзясятка інтэрнэт-рэсурсаў СМІ і грамадскіх арганізацый, ад радыё «Свабода» да «The Village Казахстан». На шэсці ў Алматы затрымалі шэраг актывістаў казахскай апазіцыі. Затрыманні адбыліся таксама ў Нур-Султане і Атырау.
Дзяржаўныя і праўладныя казахскія СМІ не далі ні рэпартажаў, ні фотаў з шэсцяў «Несмяротнага палка».
Агенцтва Казінформ абмежавалася паведамленнямі пра святкаванне Дня Перамогі ў Карагандзе і Байкануры і падкрэсліла, што «карагандзінцы пранеслі па гарадскіх вуліцах партрэты не толькі сваіх продкаў, але і казахскіх батыраў: Батыр-Баяна, Жыдэбай-Батыра, Аралбай-Батыра ды іншых».
Напружанасць у Алматы тлумачылася тым, што апазіцыйны рух «Дэмакратычны выбар Казахстана», прызнаны ўладамі краіны экстрэмісцкім, заклікаў далучыцца да шэсцяў «Несмяротны полк» з лозунгамі пратэсту.
1 Мая акцыі пратэсту супраць Назарбаева і адсутнасці ў краіне дэмакратыі сабралі сотні людзей у розных гарадах краіны. Для Казахстана гэта рэкорд, прычым улады выставілі сябе на пасмешышча, калі ў прысутнасці рэпарцёраў затрымалі нават хлопца з чыстым аркушам паперы, які выйшаў на плошчу ва Уральску. Усяго 1 мая было затрымана не менш за 80 чалавек.
Як і ў Беларусі, Дзень Перамогі ў Казахстане — святочны дзень, пры гэтым казахскія ўлады незадаволеныя спробамі Расіі выкарыстаць перамогу ў вайне ў сваіх палітычных мэтах. Таму афіцыйная Астана пастаралася мінімізаваць святкаванне і ўзяць яго пад кантроль. Афіцыйныя асобы ўзялі ўдзел ва ўскладанні кветак да помнікаў.
Расійскія прадстаўніцтвы і прарасійскія арганізацыі 9 Мая правялі акцыю «Несмяротны полк» у 90 краінах свету.