Выйшла вялікая каляровая кніжка для дзяцей «Прыгоды Капітана Танакі».

У кнізе — вершы, карцінкі, коміксы з прыгодамі пластылінавага героя і яго сяброў, якіх прыдумаў журналіст НН Алесь Кудрыцкі.

Капітан Танака — гэта маленькі чырвоны пластылінавы слімак. Ён нарадзіўся 15 траўня 2005 году ў інтэрнэт‑дзённіку Алеся Кудрыцкага. Праз нейкі час ён таксама пачаў рэгулярна з’яўляцца на старонках «Нашай Нівы» ў рубрыцы «Газетка дзеткам». Нарэшце, у снежні 2008 г. запрацаваў і адмысловы сайт, прысвечаны пластылінаваму герою.

Танака і яго сябры жывуць у пластылінавай краіне Пластыляндыі. Капітан Танака заўжды трапляе ў розныя прыгоды, даведацца пра якія можна ў коміксах ды паглядзець у мульціках.

«Спачатку я прыдумляю ідэю, — распавядае гісторыю стварэння чарговай серыі коміксу Алесь Кудрыцкі. — Калі ідэя з’явілася, я раблю накід на паперы — прыкладна замалёўваю, як будуць выглядаць фотаздымкі для коміксу. Потым вылепваю ўсіх новых пэрсанажаў ды пластылінавыя прадметы, якія будуць адзнятыя ў коміксе.

Здараецца, даводзіцца нават маляваць цэлыя дэкарацыі для коміксу. Пасьля гэтага запальваю адмысловыя лампы, выстаўляю фон, ды пачынаю здымку на лічбавы фотаапарат. Калі ўсё адзнятае, я ўключаю камп’ютар і пераношу туды здымкі. Адбіраю найлепшыя з іх і адкладаю ў асобную тэчку. Потым з дапамогай адмысловай праграмы выразаю па контуры фігуркі са здымкаў — сантыметр за сантыметрам! Калі ўсе здымкі выразаныя, я спалучаю іх разам, нібы калаж. Займае гэты працэс звычайна пару гадзін, а то і болей».

Тыраж кнігі невялікі — усяго толькі 1000 асобнікаў, так што не прапусціце момант, калі пачнецца продаж.

tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0