Работнікі турыстычнага ведамства Аўстраліі былі літаральна заваленыя заяўкамі, атрыманымі пасля абвесткі пра пошук супрацоўніка для выканання «найлепшай працы ў свеце».

Вэбсайт, створаны спецыяльна для прыёму заявак, не вытрымаў колькасці ахвотнікаў і ляснуў, прыняўшы за тры дні больш за мільён паведамленняў ад патэнцыйных работнікаў.

Праца на трапічным востраве Гамільтан, што на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Аўстраліі (штат Квінсленд), не патрабуе чагосьці звышнатуральнага – дастаткова жадання плаваць, займацца дайвінгам і хадзіць пад ветразем.


Шчасліўчыку даецца яшчэ і заробак 150 тыс. аўстралійскіх даляраў (103 тыс. амерыканскіх) за шэсць месяцаў.

Таксама прапануецца бясплатнае пражыванне на шыкоўнай віле з басейнам.

Колькасць прэтэндэнтаў на вакансію настолькі вялікая, што супрацоўнікі дэпартамента турызму ўраду Аўстраліі былі вымушаныя павялічыць колькасць сервераў, што прымалі заяўкі, з аднаго да дзесяці.

Найлепшая праца ў свеце

Галоўныя абавязкі дазорцы Гамільтана – адной з аўстралійскіх выспаў Уітсандзі – наступныя: карміць рыбаў ды збіраць пошту.

Апроч таго яму давядзецца весці відэа-дзённік, рабіць фатаздымкі і пакідаць запісы ў інтэрнет-блогу для прыцягнення турыстаў.

На абвестку ўжо атрымана 2 тысячы відэазаявак, у пятніцу іх пачала праглядаць каманда з 10 чалавек.

Мяркуецца, што да сканчэння прыёму заявак (22 лютага) прыйдзе яшчэ некалькі дзесяткаў тысяч відэазапісаў.

Выспа Гамільтан – гэта блакітнае неба ледзь не 365 дзён у год, вада і чысты пясок.

У траўні дзесяць прэтэндэнтаў, якіх адбярэ спецыяльная камісія, і яшчэ адзін, якога вызначаць галасаваннем наведнікі сайту дэпартамента турызму Квінсленду, адправяцца на атоку для ўдзелу ў фінале, які пройдзе ў форме сумоўя.

Пераможца прыступіць да працы 1 ліпеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?