Арганічныя хларыды, якія транспартуюцца разам з нафтай па трубаправодах, не маюць каразійнай актыўнасці да матэрыялу трубаправодаў, абсталявання і канструкцый рэзервуараў. Забруджаная арганічнымі хларыдамі нафта магла пашкодзіць толькі абсталяванне на нафтаперапрацоўчых заводах. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы расійскай кампаніі «Транснафта».

Раней улады Беларусі сцвярджалі, што з-за пападання ў магістральны нафтаправод няякаснай расійскай сыравіны пацярпела дарагое абсталяванне на НПЗ і сам трубаправод.

У расійскай кампаніі прызналі, што арганічныя хларыды маюць крытычны ўплыў на працу абсталявання нафтаперапрацоўчых заводаў. Пад уздзеяннем высокіх тэмператур (больш за 150°С) на НПЗ арганічныя хларыды раскладаюцца з вылучэннем салянай кіслаты, якая прыводзіць да значнай карозіі ўнутранай паверхні трубаправодаў і абсталявання НПЗ.

А вось у трубаправодах такой праблемы няма, бо пры тэмпературах перапампоўкі, прынятых у расійскай кампаніі (5-40°С) раскладання арганічных хларыдаў не адбываецца і тым самым адсутнічае імавернасць негатыўнага каразійнага ўплыву на працу магістральнай трубаправоднай сістэмы, гаворыцца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0