15 мая апошнія ўдзельнікі рачнога сплаву ў Карпатах, у якім загінула трое беларусаў, вярнуліся ў Беларусь. На чыгуначным вакзале пацярпелых сустракалі рэанімабілі.

Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў удзельнік сплаву Максім Каралеўскі.

Чытайце таксама: Сталі вядомыя імёны беларусаў, якія загінулі ў жахлівай аварыі ў Карпатах ФОТЫ

«Шасцёра чалавек з траўмамі пазваночніка, з пераломамі рэбраў і таза, рванымі ранамі ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх бальніцах. Некаторыя па прагнозах дактароў не змогуць хадзіць яшчэ некалькі месяцаў. У адной пацярпелай чэрапна—мазгавая траўма, складаны пералом костак таза, яшчэ у аднаго з пацярпелых — разрыў абоіх лёгкіх. Спатрэбіцца доўгая рэабілітацыя, якая патрабуе і часу, і грошай. Але галоўнае, што ўсе дома і што жыццю гэтых хлопцаў і дзяўчат больш нічога не пагражае».

Пацярпелыя ў Беларусь вярталіся на цягніку.

Максім Каралеўскі расказаў, што з дастаўкай пацярпелых былі пэўныя праблемы.

«Украінскія дактары не хацелі браць на сябе адказнасць і не давалі дазволу на транспарціроўку параненых. Настойвалі, каб далечваліся ва Украіне. А самі пацярпелыя і іх сем’і настойвалі на вяртанні ў Беларусь. Таму трэба было прымаць рашэнне аб вяртанні. У некаторых турыстаў адсутнічала медыцынская страхоўка, таму ўзніклі пытанні, якім чынам будуць аплачвацца паслугі хуткай дапамогі. Да таго ж, паўтаруся, пастановы ад украінскіх дактароў не было, таму дактары беларускія не маглі суправаджаць пацярпелых. Прынамсі, каб самім аплаціць паслугі рэанімабіля і суправаджэнне двух дактароў, трэба было заплаціць 5 400 беларускіх рублёў», — расказвае Максім.

Максім Каралеўскі адзначае, што ўкраінскія дактары пайшлі насустрач і за медыцынскае абслугоўванне ў бальніцах Івана-Франкоўска і Верхавіны нават не выставілі рахунак.

«Мы за свой кошт набывалі хлопцам і дзяўчатам лекі, прыносілі ежу. А за абслугоўванне, за аперацыі, за койка-месцы ўкраінскія дактары грошай не ўзялі, за што ім вялікі дзякуй. Больш за тое, дактары Верхавіны нават за лекі не папрасілі ні капейкі», — кажа Максім.

Загінулых даставілі ў Беларусь праз два дні пасля здарэння. Яўгена Іванова пахавалі 9 мая, Тамару Ашухіну і Ангеліну Юшкевіч — 10 мая.

«З дастаўкай загінулых былі пэўныя праблемы. Мы спрабавалі зрабіць гэта як мага хутчэй. Трагедыя здарылася на майскія святы, і шмат хто з устаноў ці не працаваў, або працаваў па скарочаным графіку, а таксама тое, што ў Верховине не было многіх устаноў, тыпу перакладчыкаў і натарыусаў, мытнай службы, што значна ўскладняла і запавольвала працэс. У консульстве ж не разумелі, чым яны нам могуць дапамагчы. Мы самі дамаўляліся з агенцтвамі, якія займаюцца дастаўкай загінулых. За кожнага з загінулых заплацілі каля 1000 даляраў. Але, відаць, калі сваякі выйшлі на Міністэрства замежных спраў, працэс паскорыўся», — кажа Максім.

Пра загінулых Максіму гаварыць цяжка. Яўген Іваноў і Тамара Ашухіна былі блізкімі сябрамі Максіма.

«Я адчуваю сваю не, не віну, адказнасць за ўсіх, хто трапіў у гэтую трагічную гісторыю. Тамару і яе хлопца Сяргея я ўгаварыў паехаць у Карпаты. З Яўгенам, які быў арганізатарам сплава, я знаёмы з падлеткавага ўзросту. Мне вельмі балюча чуць, што некаторыя цяпер вінавацяць Яўгена ў тым, што ён не паклапаціўся пра страхоўкі для ўдзельнікаў паходу. Я гутарыў з жонкай Яўгена Таццянай. Сям’я Яўгена падкрэслівае, што адмаўляецца ад любой матэрыяльнай дапамогі. І што яны самі гатовыя падтрымліваць грашыма тых, хто пацярпеў», — расказвае Максім.

Адна з удзельніц паходу, Вольга Станкевіч, расказвае:

«Калі Жэня ўдакладняў ў мяне пра паездку, ён мне рэкамендаваў застрахавацца, паводле яго рэкамендацыі я і Косця з Кацяй застрахаваліся. Сам ён у апошні момант перадумаў з-за чаргі на мяжы, каб не затрымлівацца. Яшчэ дадам, што і украінскія дактары, і мясцовыя жыхары аказвалі нам разнастайную дапамогу, хто чым мог. Простыя людзі аказаліся больш сардэчнымі і спагаднымі, чым тыя, хто вінаваты ў здарэнні. Гаспадар атэлю цалкам мог сабе дазволіць аказаць так неабходную нам матэрыяльную падтрымку, але не зрабіў гэтага. «

Украіна завяла дзве крымінальныя справы. Супраць кіроўцы, па віне якога адбылося ДТЗ, у якім загінулі людзі. Па гэтым артыкуле кіроўцу можа пагражаць да 10 год зняволення. А таксама крымінальная справа ўзбуджаная супраць кіраўніка грамадскай арганізацыі «Федэрацыя рафтынгу Прыкарпацця», у гатэлі якога спынілася група, і які займаўся арганізацыяй сплаваў і арганізацыяй транспарціроўкі.

«Як адбылося, што машына з’ехала ў раку? Тыя, хто быў у кабіне з кіроўцам, гаварылі, што машына падымалася ўгару. Вадзіцель хацеў пераключыць перадачу на больш нізкую, каб машыне было лягчэй. Але нешта там заклінавала ў каробцы перадач. Кіроўца спрабаваў націснуць на тармазы, але машына працягвала накацікам скочвацца назад. Дарэчы, узбочыну ад абрыву аддзяляла толькі адно бервяно. І яно ГАЗ не спыніла», — расказвае Максім.

Прыкра ў гэтай гісторыі тое, што кіраўнік «Федэрацыі рафтынгу Прыкарпацця» не прызнае сваю віну.

«Спачатку ён выбачаўся, абяцаў заплаціць усе выдаткі пацярпелых, а пасля пагутарыў са сваім адвакатам і перарваў усе адносіны з людзьмі, якія пацярпелі праз няспраўную машыну. Адвакат яму забараніў гутарыць з пацярпелымі. Іх пазіцыя ў тым, што яны невінаватыя. Балюча на гэта глядзець. Несправядліва гэта, калі чалавек у сітуацыі, калі загінулі трое людзей, ратуе толькі сваю шкуру», — узрушаецца Максім Каралеўскі.

Адкрытыя дабрачынныя рахункі.

«Трэба аплаціць паслугі дактароў, паслугі адвакатаў. Падтрымаць сем’і загінулых, пацярпелых. Я ведаю, што грашыма нічога не паправіш. Але людзі не павінны заставацца адныя са сваёй бядой. Людзям патрэбна ведаць, што іх падтрымліваюць, што яны не пакінутыя», — падсумаваў Максім Каралеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?