«Наша Ніва» звязалася з уласнікам аўтамабіля з рэгістрацыйным нумарам «у694ор98». Па інфармацыі блогера Нехта, менавіта на гэтым аўтамабілі быў выкрадзены і забіты 22-гадовы лейтэнант ДАІ Яўген Патаповіч.
53-гадовы Васіль Н. — ураджэнец Смаленскай вобласці Расіі, але мае беларускае грамадзянства і жыве ў Віцебску.
«Мая машына цэлы дзень стаяла пад вокнамі інтэрната, дзе мы жывём разам з жонкай. Учора ўвечары прыйшла міліцыя, машыну забралі. Цяпер яна ў іх на экспертызе. Ці браў хто машыну, я не ведаю. Калі я прыйшоў, яна была на месцы», — запэўніў ён карэспандэнта «Нашай Нівы».
У Расіі распаўсюджаная з'ява — выраб рэгістрацыйных нумароў-дублікатаў. Атрымліваецца, што па краіне адначасова ездзіць некалькі «аднолькавых» машын.
Найчасцей сапраўдны ўласнік аўто даведваецца пра гэта, толькі калі яму прыходзяць чужыя штрафы за фотафіксацыю.