17.05.2019 / 11:53

«Тэатр падступаўся да пастаноўкі спакваля» — Купалаўскі ў ліпені прэзентуе «Шляхціца Завальню» 1

Пасля Купальскага тыдня ў першай палове ліпеня ў Купалаўскім — прэм’ера! На Вялікай сцэне адбудзецца спектакль «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у рэжысуры Алены Ганум. Інсцэніроўку паводле выдатнага твора Яна Баршчэўскага зрабіў Сяргей Кавалёў, паведамляецца на сайце тэатра.

Тэатр падступаўся да пастаноўкі «Шляхціца» спакваля. Гарталі альбомы з неверагоднай графікай Валерыя Славука, шмат размаўлялі. З віцебска-полацкім каларытам твора артыстаў на самым пачатку працы знаёміў запрошаны пісьменнік-палачанін Уладзімір Арлоў.

Разам наведалі славутыя мясціны Баршчэўскага ў Полацку. А нядаўна прыйшла навіна з Валыні, з гopaда Чyднaў, пра нечаканую знаходку надгробка Яна Баршчэўскага. Пліту на падворку дома адшукала школьніца Алена. Як не згадаць словы самога Баршчэўскага: «Нельга людзям пярэчыць, што няма цудаў на свеце».

Гістарычны час будзе пераплятацца ў спектаклі з часам міфалагічным. А ягоны алегарычны змест падмацуе выдатная сцэнаграфія мастакоў Кацярыны Шымановіч і Сяргея Ашухі. Арыгінальную музыку для пастаноўкі піша кампазітар Віктар Кісцень. Харэограф пастаноўкі — Вольга Скварцова.

У спектаклі занятыя Генадзь Аўсяннікаў, Мікалай Кучыц, Алена Сідарава, Тамара Міронава, Іван Кушнярук, Іван Трус, Раман Падаляка, Сяргей Чуб, Валянціна Гарцуева, Антаніна Дубатоўка, Марта Голубева, Крысціна Дробыш, Міхаіл Зуй, Павел Паўлюць, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Паўлаў ды шмат іншых купалаўцаў.

1
Дзяўчынка / Адказаць
17.05.2019 / 12:45
Рэд. Дзякуй!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру