18.05.2019 / 13:15

«Там ляжыць дзве сотні беларусаў»: падарожжа ў Монтэ-Касіна, дзе адбылася адна з самых вядомых бітваў Другой сусветнай 22

Сёння — 75-я ўгодкі бітвы пад Монтэ-Касіна каля Рыма, калі саюзніцкія войскі разграмілі немцаў, у выніку чаго захапілі сталіцу Італіі.

Бываюць падзеі, што рыхтуюцца адмыслова да юбілеяў, значных датаў, а бываюць супадзенні — жыцця і гістарычных угодкаў. Гэткаю выпадковаю стала паездка з калегамі на Монтэ-Касіна за тыдзень да чарговай гадавіны тае крывавае бітвы, што скончылася 18 мая 1944 г.

Да гарадка Касіна ад Неапаля можна даехаць за дзве гадзіны на рэгіянальным цягніку. У горадзе і ваколіцах знаходзяцца тры мемарыяльныя могільнікі, звязаныя са знакамітай бітвай: брытанскі (каля 5 тысячаў пахаванняў), нямецкі (каля 20 тысячаў) і польскі (каля 1 тысячы). Пры гэтым да апошняга дабірацца найскладаней: трэба ўздымацца высока ўгару, амаль да самага бенедыктынскага абацтва, за якое так жорстка змагаліся ў 1944-м.

Выгляд абацтва з могілак

Ад чыгуначнага вакзала ў Касіна да дзейнага і сёння абацтва тройчы на дзень ходзіць мясцовы аўтобус, што за 1 еўра падыме вас на вышыню больш як 500 метраў. Калі не трапілі на аўтобус, можна даехаць на таксоўцы ў любы час, але ўжо за 20 еўра. Пераважная ж большасць наведнікаў і ў абацтва, і на польскі могільнік прыязджаюць адмысловымі экскурсійнымі аўтобусамі. Шмат іх мы спаткалі каля ўваходу ў каталіцкую святыню; значна меней, але былі тыя аўтобусы і на могілках.

Польскі вайсковы могільнік знаходзіцца на той самай гары, крыху ніжэй па схіле за абацтва (хвілінаў 10—15 пешкі). Ён быў запачаткаваны адразу пасля сканчэння бітвы, паводле загаду генерала Уладзіслава Андэрса — камандзіра 2-га Польскага корпуса, што стаў асноўнай вайсковай сілаю ў змаганні за стратэгічную вышыню. Каля 1050 жаўнераў былі пахаваныя тут ужо да адкрыцця могільніка ў верасні 1945 г. Колькі асобаў дадалося пазней, у тым ліку і сам генерал Андэрс з жонкаю.

Памерлы ў 1970 г. у Лондане, ён завяшчаў пахаваць сябе побач са сваімі жаўнерамі.

Магіла Уладзіслава Андэрса і яго жонкі Ірэны

Пахаванні на могільніку месцяцца ў дзевяці вялікіх секцыях (па два шэрагі ў кожнай), якія размяшчаюцца на розных узроўнях — кожны наступны ўсё вышэйшы па схіле. Пераважная большасць надмагілляў мае традыцыйныя чатырохканцовыя крыжы, але ёсць секцыі і з шасціканцовымі праваслаўнымі, а таксама іўдзейскія пахаванні.

Нас, зразумела, цікавілі пахаваныя на могільніку жаўнеры-беларусы. Паводле сведчанняў эміграцыйных публікацыяў яшчэ ад пачатку 1950-х, тут знайшлі спачын больш за 250 нашых суайчыннікаў (паводле гісторыка Юрыя Грыбоўскага, менавіта беларусаў сярод іх каля 180). Ураджэнцаў беларускіх земляў тут можна знайсці ва ўсіх секцыях, але ў праваслаўнай іх пераважная большасць.

Мы ішлі ўздоўж шэрагаў пахаванняў, учытваючыся ў надпісы. На большасці надмагілляў пазначаны рэгіён (найчасцей павет), з якога паходзіў жаўнер. Спыняліся перад кожным «нашым», рабілі здымкі.

Багата тут Наваградскага, Пастаўскага, Ваўкавыскага, Браслаўскага, Ашмянскага і іншых заходнебеларускіх паветаў, жыхароў якіх пасля 1939 г. шмат вывозілі ў далёкую Сібір, адкуль праз колькі гадоў яны намагаліся трапіць у «ратавальную» польскую армію, каб знайсці апошні спачын у гэткай жа няблізкай італьянскай зямлі…

На некаторых надмагіллях польскія нацыянальныя стужкі, на магілах жаўнераў з Львова — жывыя кветкі-гваздзікі, відаць, нядаўна была тут украінская дэлегацыя. Надпісы на надмагіллях паказваюць шырокую геаграфію ўдзельнікаў бітвы: сустракаецца і расійская Разань, і амерыканскі Нью-Джэрсі… На адным надмагіллі месцам нараджэння пазначаны «Мінск. Расія». На 1917 г. гэта, безумоўна, было праўдаю, але непрыемна чапляе гэтая пазнака…

,

Пахаванне за пахаваннем абыходзім увесь могільнік. Зробленыя здымкі ўсіх «нашых» надмагілляў. Яны з часам будуць апрацаваныя і дададзеныя ў віртуальную базу звестак пра беларускія пахаванні на Захадзе, што мы ствараем.

Варта адзначыць, што польскі могільнік на Монтэ-Касіна — адно з найбольшых месцаў кампактнага пахавання беларусаў на чужыне. Большымі ёсць хіба што адмысловыя беларускія могільнікі, створаныя паваеннымі эмігрантамі ў Нью-Джэрсі, Кліўлендзе ці Мельбурне. Але да стварэння гэтага мемарыяла беларусы дачынення не мелі.

На эміграцыі сярод беларусаў былі ветэраны Монтэ-Касіна, што згадвалі тыя падзеі, адзначалі ўгодкі. Захаваліся сціплыя сведчанні пра бітву ў мастацкай літаратуры, згадаем «Смерць і салаўі: Успаміны афіцэра-беларуса з-пад Монтэ-Касіна» Пётры Сыча. Або вось яшчэ «Макі» Міхася Кавыля:

Можа сэрцу мне даць адпачынак
На аблоні суцішных вятроў?
Макі, макі на Монтэ-Касіна
Беларуская жывіць кроў.

Хай квітнеюць на вояў магілах,
Мне ня шкода, люблю я квяты;
Але бачу — арол белакрылы
Па-над макамі ў небе застыў.

Беларусаў ён душы вартуе,
Каб да Бога са скаргай ня йшлі,
Што за справу ня тую сьвятую,
За чужую палеглі ў зямлі…

Не, я сэрцу ня дам адпачынак
На аблоні суцішных вятроў,

Макі, макі на Монтэ-Касіна
Беларуская жывіць кроў…

Упершыню тэкст быў выдрукаваны год таму.

***

Пасля высадкі саюзнікаў на Сіцыліі становішча немцаў у Італіі пагоршылася.

Немцы разумелі стратэгічную значнасць узвышша Монтэ-Касіна. На ім і суседніх узгорках была збудавана лінія ўмацаванняў, празваная лініяй Густава. Са студзеня 1944 года было некалькі беспаспяховых спробаў з ходу ўзяць умацаванні. Эфекту не прынеслі й шматлікія бамбаванні з паветра. Дарога на Рым была заблакаваная.

Таму камандаванне саюзнікаў пастанавіла ўзмацніць атакі на ўзвышша з боку Касіна.

Галоўнаю сілай чацвёртай атакі (апэрацыя Diadem, 11—19 траўня) быў вызначаны Другі польскі корпус пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Акрамя таго, у атацы бралі ўдзел брытанскія, амерыканскія, новазеландскія, паўднёваафрыканскія і французскія аддзелы.

Першая атака прынесла цяжкія страты (асабліва сярод каманднага складу), дый не ўдалося ўтрымаць такія ключавыя пазыцыі, як узвышша «593», але дазволіла брытанцам выбіць немцаў з дольнай часткі Кляшторнага ўзгорку і горада Касіна.

Другая атака (распачатая 16 мая) нарэшце стала пераломнаю. Польскі корпус перахапіў нямецкі загад аб адыходзе з кляштару. Быў распачаты артылерыйскі абстрэл дарогі адыходу. Уночы 17-18 мая 1944 года немцы цалкам пакінулі кляштар, каб ня трапіць у акружэнне саюзнікаў. Ранкам над кляштарам узьняліся белыя сцягі.

Быў вывешаны польскі сцяг, а затым брытанскі.

Дарога на Рым была вольная. Горад быў заняты 4 чэрвеня. Пад Монтэ-Касіна немцы абараняліся 4 месяцы.

Польскі корпус згубіў у той бітве 924 жаўнераў забітымі, 2930 параненымі, 345 зніклымі. Сярод загінулых больш за 200 ураджэнцаў Беларусі, з іх этнічных беларусаў — 180 чалавек.

Наталля Гардзіенка

1
Жвір / Адказаць
18.05.2019 / 13:25
Dziakuj za apoviad.
1
Той самы / Адказаць
18.05.2019 / 13:34
Вечны супакой. 
1
Лях / Адказаць
18.05.2019 / 14:06
Ведаю аднаго сваяка з Валожыншчыны, якi там застауся ляжаць
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру