УНІАН

УНІАН

Каманда абранага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага апублікавала праграму інаўгурацыі, згодна з якой на 20 мая ў лідара краіны запланавана некалькі мерапрыемстваў.

Згодна з праграмай, з 10:00 па 11:00 па мясцовым часе (супадае з мінскім) Зяленскі прынясе прысягу на вернасць украінскаму народу падчас урачыстага пасяджэння Вярхоўнай рады.

Затым прэзідэнт прыбудзе на цырымонію прадстаўлення камандуючых відамі УСУ, падыме дзяржаўны сцяг і разам з жонкай Аленай Зяленскай пачне прымаць кіраўнікоў замежных дэлегацый, што прыбылі на цырымонію інаўгурацыі.

Пасля гэтага, з 14:30 да 17:00, Зяленскі правядзе двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый у будынку адміністрацыі прэзідэнта.

Дзейны кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка напярэдадні інаўгурацыі Уладзіміра Зяленскага пажадаў яму паспяховага прэзідэнцтва.

«Змена ўлады — прыкмета нашай прыналежнасці да еўрапейскай цывілізацыі. Дэмакратыю мы захавалі нават ва ўмовах расійскай агрэсіі. Заўтра ўлада пераходзіць да новага прэзідэнта, якога вы абралі на сумленных і свабодных выбарах», — адзначыў Парашэнка.

«Украіну мы захавалі, «Наваросію» — пахавалі. Агрэсара, значна мацнейшага за нас, — спынілі. Стварылі войска, якое стала адным з наймацнейшых на кантыненце. Абапіраючыся на міжнародную праўкраінскую кааліцыю, яно надзейна трымае абарону на Усходзе», — падкрэсліў Парашэнка

Новаабранаму прэзідэнту Парашэнка пажадаў паспяховага прэзідэнцтва. «Уладзіміру Зяленскаму жадаю паспяховага прэзідэнцтва. Яшчэ месяц таму мы былі заўзятымі апанентамі на выбарах. Але ўжо заўтра, так здарылася, што ён будзе прэзідэнтам маёй роднай краіны. Краіны, якую люблю і ў чыё еўрапейскую будучыню устойліва веру. Дык няхай Гасподзь Украіну захоўвае, а яе новаму кіраўніку — дапамагае ў працы», — дадаў Парашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0