20.01.2009 / 21:47

Балта‑Чарнаморскі саюз 51

Жыццё прымусіла рэалізоўваць гэтую ідэю тых, хто яе тармазіў.

Жыццё прымусіла рэалізоўваць гэтую ідэю тых, хто яе тармазіў.

У дзень інаўгурацыі Абамы і аднаўлення паставак расійскага газу ў Еўропу ў Чарнігаве сустрэліся кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны Аляксандр Лукашэнка і Віктар Юшчанка. Гэта быў выразны палітычны сігнал Захаду і Ўсходу. Сігнал падвойны: ні адзін ні другі не прынялі запрашэння Мядзведзева і не паехалі ў Маскву на газавы саміт у мінулую суботу.

Беларуска‑ўкраінская сустрэча ў вярхах доўгі час адкладалася, каб нарэшце адбыцца ў момант найбольшага абвастрэння расійска‑ўкраінскіх і пацяплення беларуска‑еўрапейскіх адносінаў.

На пачатку чарнігаўскай сустрэчы

Лукашэнка ў прысутнасці журналістаў нагадаў аб прапанове прэзыдэнта Ўкраіны стварыць калідор Чорнае мора — Балтыйскае мора. «Мы гатовыя працаваць з вамі і з краінамі Балтыі ў гэтым кірунку»,
— сказаў ён.

Ідэі, вылучаныя яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя беларускім палітыкам Антонам Луцкевічам і адроджаныя ў 1990‑х, грунтуюцца на разуменні супольных інтарэсаў дзяржаваў, размешчаных між Чорным і Балтыйскім морам. За гэты час змянілася структура эканомікі, але не геапалітычная рэальнасць. На ўсходзе — Расія са сваімі інтарэсамі, а энергетычную бяспеку можна гарантаваць толькі ўраўнаважваннем патокаў усход‑захад новымі — з поўдня на поўнач.

Беларусь — звяно ва ўсходнееўрапейскім ланцугу, без якога Балта‑Чарнаморская вось не будзе поўнай.

Якія канкрэтныя формы можа мець супраца Ўкраіны і Беларусі сёння?

Па словах Юшчанкі,

у Чарнігаве была дасягнутая дамоўленасць аб аднаўленні экспарту ўкраінскай электраэнергіі ў Беларусь і праз нашу краіну ў Балтыю,
дзе пасля закрыцця Ігналінскае АЭС будзе дэфіцыт электрычнасці. Рэалізацыю гэтага праекту 15 студзеня ў Гомелі абмяркоўвалі віцэ‑прэм’еры беларускага і ўкраінскага ўрадаў Уладзімір Сямашка і Аляксандр Турчынаў. Яны суправаджалі прэзідэнтаў і ў Чарнігаве ў якасці кіраўнікоў супольнай міжурадавай камісіі па гандлёва‑эканамічнай супрацы.
Юшчанка і Лукашэнка дамовіліся аб арганізацыі трохбаковае сустрэчы міністраў замежных справаў Літвы, Беларусі і Ўкраіны
ў Літве, каб падрыхтаваць адпаведныя праекты рашэнняў.

Бакі абмеркавалі таксама іншыя ініцыятывы, цікавыя для дзвюх краінаў, а таксама Польшчы і Балтыі, у тым ліку транспартны калідор «Вікінг», які мае злучыць рэгіён ад Скандынавіі да Турцыі.

Наступны пункт супадзення інтарэсаў – газавая сфера. У мінулыя гады «Газпрому» ўдавалася цаной зніжак эфектыўна блакаваць каардынацыю дзеянняў Украіны і Беларусі. Гаворачы пра канфлікт гэтага году, Юшчанка падкрэсліў, што «ўжо ніколі не будзе газавая палітыка такой, якой яна была да 1 студзеня 2009 году. Выйдуць усе з навукай: Украіна, Беларусь, Расія, Еўрапейскі Саюз. Мы больш такімі не будзем: бесклапотнымі, даверлівымі».

З часам Украіна і Беларусь маглі б выбудаваць супольны маршрут для транзіту нафты й газу з зоны Каспію.

Лукашэнка падкрэсліў, што праект нафтаправоду «Адэса‑Броды» не страціў сваёй актуальнасці для Беларусі.
«Мы можам забяспечваць праз нашу транспартную сістэму нафтай дзяржавы Балтыі, Польшчу», — сказаў А.Лукашэнка. Ён лічыць, што ў выпадку рэалізацыі праекту будзе выгадна перапрацоўваць каспійскую нафту на беларускіх НПЗ.

Дзве краіны ўзаемадапаўняльныя і ў некаторых іншых сферах.

Лідэры Беларусі і Ўкраіны маюць розны палітычны радавод. Адзін стварыў аўтакратыю і выказваў намер кіраваць ёю неабмежаваны час. Другі прыйшоў да ўлады ў выніку мірнае рэвалюцыі і, мяркуючы па ўсім, пасля сканчэння першага ж тэрміну сваіх паўнамоцтваў, наступнай зімой, пакіне сваю пасаду.

На твары аднаго засталіся шнары ад атручвання дыяксінам, які вырабляецца ў расійскіх лабараторыях. Другі 15 гадоў кіраваў, задобрываючы насельніцтва за кошт расійскіх датацый. Аднак злабадзённыя эканамічныя патрэбы прымушаюць іх размаўляць.

«Мы чакаем вас у Мінску ў любы час з працоўным ці афіцыйным візітам. Нашы людзі таксама з цікавасцю чакаюць вашага прыезду», — цытуюць Лукашэнку журналісты.

На шляху стратэгічнага супрацоўніцтва ў Міжмор’і стаіць яшчэ істотная перашкода – розніца палітычных сістэмаў.
Усе краіны Балта‑Чарнаморскае зоны – дэмакратычныя, акрамя Беларусі. Лукашэнку ўжо 10 гадоў не запрашалі на міжнародныя сустрэчы кіраўнікоў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Прыклад Еўрасаюзу паказвае, што эфектыўна супрацоўнічаць могуць толькі краіны аднаго ладу, паяднаныя блізкасцю палітычных культураў. Таму амаль чатырохгадзінная гаворка ў Чарнігаве не магла не выходзіць за рамкі эканомікі. Хоць перамовы адбываліся ў фармаце сам‑насам і пра іх дэталі нічога не вядома, пасля сустрэчы

Лукашэнка выказаў удзячнасць Юшчанку за «каласальную пастаянную падтрымку» на ўсіх узроўнях камунікацыі з еўрапейскімі ды амерыканскімі партнёрамі,
дзякуючы чаму ўдалося «наладзіць дыялог між Беларуссю і Захадам».
0
Scooter / Адказаць
19.01.2009 / 18:13
Гэта сустрэча столькі разоў адмянялася, што ня верыцца, што яна нарэшце адбудзецца.
0
Партызан / Адказаць
19.01.2009 / 18:52
Пасьля гэтага, па сьведчаньню ўкраінскіх патрыётаў ды аналітыкаў, Юўча чакае такі пралёт на выбарах, што будзе варта прасіць паітычны прытулак у Лукашэнка!
0
Беларус / Адказаць
19.01.2009 / 20:36
Прэзiдэнт-кiраунiк - цудоунае параунаньне!
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру