Граф Густаў Адольф Іяхім Рудзігер фон дэр Гольц паваяваў у Фінляндыі на баку Манергейма, а пасля ўзначальваў армію балтыйскіх немцаў. Выступаў за стварэнне Балтыйскага герцагства. Фота: Wikimedia Commons.

Граф Густаў Адольф Іяхім Рудзігер фон дэр Гольц паваяваў у Фінляндыі на баку Манергейма, а пасля ўзначальваў армію балтыйскіх немцаў. Выступаў за стварэнне Балтыйскага герцагства. Фота: Wikimedia Commons.

Нядаўна мне падарылі кнігу Аляксандра Антонавіча Сабалеўскага (1886—1983) «Успаміны народнага настаўніка».

Хоць успаміны былі напісаныя на замову выдавецтва яшчэ ў 1971—1973 гадах, тады справа да друку не дайшла. Відаць, яны не надта ўпісваліся ў ідэалагічную лінію. Толькі дзякуючы руплівасці ўнукаў аўтара ў 2018 годзе кніга нарэшце пабачыла свет. І я з захапленнем умомант прыглынуў яе ўсю.

Ратуючыся ад рэпрэсій польскіх уладаў, Сабалеўскі ў 1920-м выехаў з роднай Дзісеншчыны ў Савецкую Беларусь і стаў дырэктарам 20-й беларускай школы ў Менску. Падчас апошняй вайны быў выкладчыкам настаўніцкіх курсаў у Глыбокім. Працаваў «пад прыкрыццём» — са згоды 4-й Беларускай партызанскай брыгады.

Атрымаў на гэта ад партызан адпаведныя дакументы. Вельмі цёпла згадвае пра выкладчыка эмігранцкі пісьменнік Кастусь Акула (а ў тыя часы проста студэнт Саша Качан) у рамане «Змагарныя дарогі».

Пасля вайны Сабалеўскі меў вялікія праблемы з Глыбоцкім падпольным райкамам КПБ(б). У вайну пра існаванне такога райкама ў Глыбокім ніхто і не чуў, аднак пасля вайны гэтыя «райкамаўцы» занялі кіраўнічыя пасады. Дакументы, выдадзеныя Сабалеўскаму 4-й Беларускай партызанскай брыгадай, яны аб’явілі несапраўднымі, «набытымі за самагонку ў партызан». З-за гэтага Сабалеўскі ніяк не мог уладкавацца на сталую працу. Аднак потым усё нармалізавалася, і яго нават узнагародзілі медалямі за ўдзел у партызанскім руху.

А на набярэжнай возера Кагальнае ў Глыбокім, дзякуючы высілкам усё тых жа ўнукаў, не так даўно з’явіўся помнік дзеду-глыбачаніну, правобразам якога стаў Аляксандр Сабалеўскі.

Глыбокае. Помнік дзеду-глыбачаніну. Фота: Wikimedia Commons.

Глыбокае. Помнік дзеду-глыбачаніну. Фота: Wikimedia Commons.

Ва ўспамінах мяне заінтрыгавала падзея, якая адбылася ў Дзісенскім павеце восенню 1918 года. Аляксандр Сабалеўскі апісаў яе ў раздзеле «Дзяржава Латгалія». Працытую:

«У верасні 1918 г. акупанты [немцы — яшчэ ішла Першая сусветная вайна] … вырашылі стварыць … самастойную марыянетачную дзяржаву Латгалію, каб утрымаць яе за сабой. Для прывядзення ў жыццё гэтай задумы ў горадзе Дзісна быў скліканы з’езд. Дэлегатам ад горада Глыбокага і воласці быў выкліканы ў Дзісну ўрач Мікалай Пулікоўскі. Я прапанаваў глыбоцкаму валасному старшыні Дайлідзёнку заявіць пратэст на з’ездзе аб тым, што мяшчане горада Глыбокага і сяляне Глыбоцкай воласці нікога не ўпаўнаважвалі вырашаць пытанне аб далучэнні горада Глыбокага і воласці да новай дзяржавы Латгаліі. Мы паехалі ў Дзісну, і там мною на з’ездзе быў зачытаны пратэст, які падтрымалі некаторыя дэлегаты, заявіўшы аб нежаданні народных мас Дзісеншчыны далучацца да новай выдуманай дзяржавы. Гэты пратэст быў зроблены ў прысутнасці нямецкіх афіцэраў, якія займалі месца ў прэзідыуме і, па сутнасці, вялі з’езд. Але з’езд большасцю галасоў вынес пастанову аб утварэнні «дзяржавы Латгалія». Праз некалькі дзён з Дзісны было атрымана паведамленне на імя мясцовага начальніка паліцыі аб уключэнні горада Глыбокага і Глыбоцкай воласці ў «дзяржаву Латгалія». Паведамленне гэтае было прачытана начальнікам паліцыі на валасным з’ездзе. Я ўскочыў на бочку і выступіў з прамовай супраць такога рашэння. Сход сялян гнеўна адхіліў гэтае рашэнне. Тое ж адбылося і ў астатніх валасцях павета. Так новая буржуазная «дзяржава Латгалія», не нарадзіўшыся, перастала існаваць».

Глыбокае часоў нямецкай акупацыі, паштоўка 1918 года «Гарадскі краявід Расія — Літва».

Глыбокае часоў нямецкай акупацыі, паштоўка 1918 года «Гарадскі краявід Расія — Літва».

На тэрыторыі, дзе жыве народ з малаакрэсленай ідэнтычнасцю, можна па праве моцнага зляпіць якую заўгодна дзяржаву. Пра гэта сведчыць абвяшчэнне Латгаліі. Каб немцы затрымаліся ў рэгіёне трохі даўжэй, то на пратэст Сабалеўскага, відаць, ніхто не звярнуў бы ўвагі.

Глыбокае часоў нямецкай акупацыі, паштоўка 1918 года «Беразвецкі кляштар пад Глыбокім».

Глыбокае часоў нямецкай акупацыі, паштоўка 1918 года «Беразвецкі кляштар пад Глыбокім».

Паказальна, што «дзяржаве Латгалія» стараліся надаць усе прыкметы легітымнасці. Прайшоў сход у Дзісне, на якім былі дэлегаты. Усё было сур’ёзна! Сама ідэя «дзяржавы Латгалія» з’явілася «пры садзейнічанні мясцовых контррэвалюцыйных сіл», а рашэнне з’езда дэлегатаў было «прачытана начальнікам паліцыі на валасным з’ездзе» ў Глыбокім. І каб немцы захавалі ўплыў даўжэй, то хто ведае… Аднак 11 лістапада 1918 года ў Нямеччыне выбухнула рэвалюцыя, працягваць вайну немцы ўжо не маглі і ў снежні пакінулі Беларусь. І гістарычны цягнік «дзяржавы Латгалія» ў 1918 годзе незваротна сышоў, пакінуўшы толькі такія вось эпізадычныя згадкі.

Пра спробу нямецкіх уладаў далучыць частку этнічнай тэрыторыі Беларусі да дзяржавы пад уладай балтыйскіх немцаў пісаў і вядомы беларускі дзеяч, ксёндз Адам Станкевіч. І хоць у інтэрпрэтацыі Станкевіча гаворка ідзе не пра Латгалію, а пра Курляндыю, відавочна, што ў абодвух выпадках маецца на ўвазе адна і тая ж з’ява.

«У пачатку чэрвеня месяца 1918 года нямецкія акупацыйныя ўлады загадалі насельніцтву з усіх гмін Браслаўшчыны сабрацца ў Браслаўі, а насельніцтву з гмін Дзісеншчыны ў Дзісну, каб выказацца, да каго яно хоча належаць: да Расеі, да Літвы ці да Курляндыі. Аб Беларусі не ўспаміналі зусім. Не выяснялі такжа, якія мелі быць нашы правы ў Літве і што гэта такое мела быць гэта Курляндыя. Усе абшарнікі [памешчыкі, паны] і блізкія да іх цягнулі за Курляндыю. Сялянству стала ясна, што яны хінуцца да Курляндыі пад апеку нямецкіх баронаў, каб абараніць свае землі. Сяляне, пакінутыя самі сабе, пачалі непакоіцца. Але вось на гэты самы з’езд з’явіўся такжа і я, які па сканчэнні навук у Пецярбурзе, да выезду свайго ў Вільню, прабываў часова ў Барадзенічах. Я, відзячы, што справа тут сапраўды не чыстая, рашыў памагчы сялянам выйсці з дужа цяжкага і адказнага палажэння. Памагчы сялянам і пакіраваць імі мне не было трудна — быў я там ужо шырока знаны і меў на народ вялікі ўплыў. Вось жа тысячная грамада сялян на чале са мной арганізавала веча прад тым домам, дзе немцы нараджаліся з абшарнікамі. На вечы аднагалосна была прынята пастанова: устрымацца ад адказу на нямецкія пытанні аб дзяржаўнай прыналежнасці Браслаўшчыны да належнага выяснення справы і да аканчальнага спынення вайны. Жменька ж абшарнікаў пастанавіла так, як гэтага хацелі немцы — яны выказаліся за Курляндыяй.

З прысутных на гэтым вечы ніхто не знаў настолькі нямецкай мовы, каб граматна ўлажыць пастанову. Некаторыя ж узноў немцы лепш зналі расейскую, як беларускую мову. Дзеля гэтага пастанова гэта зрэдагавана па-расейску.

Характэрна, што велізарная большасць гэтага веча выказалася не толькі проціў прылучэння Браслаўшчыны да Расеі, Літвы і Курляндыі, аб чым пыталі немцы, але да выяснення справы і да аканчэння вайны — такжа і проціў прылучэння да… Беларусі. Гэтак зрабіць дыктаваў здаровы сялянскі інстынкт асцярожнасці, бо ж і ў беларускім Менску былі тады яшчэ немцы, і Беларусі, залежнай ад Нямеччыны, беларускія сяляне не хацелі.

Гэтак жа сама была агулам настроена і тая інтэлігенцыя, якая ішла разам з сялянствам. Я асабіста ўважаў, што, нягледзячы на нішто, трэба выказацца за прыналежнасць Браслаўя да Беларусі. Аднак мае перагаворы з інтэлігенцыяй і з выбітнейшымі сялянамі не давялі ў гэтай справе да нічога, і прыйшлося паддацца аграмаднай большасці».

Адам Станкевіч. «Беларускі хрысціянскі рух»

 ***

Вайна за незалежнасць Латвіі, выйграная з дапамогай Эстоніі

Літва і Эстонія, дзе немцаў жыло менш, а нацыянальныя рухі былі мацнейшыя, здолелі стварыць незалежныя дзяржавы першымі. У Латвіі ўсё было складаней.

Незалежнасць Латвіі была абвешчаная толькі ў лістападзе 1918-га (для параўнання: Беларусь абвясціла яе ў сакавіку 1918-га, Літва і Эстонія — у лютым 18-га).

Немцы хацелі стварыць на тэрыторыі Латвіі і сумежных раёнаў падкантрольную сабе дзяржаву ці дзяржавы (Курляндыю, Лівонію, Латгалію аб’яднаць у Балтыйскае герцагства). Яны абапіраліся на балтыйскіх немцаў і, калі разбілі бальшавікоў, не пусцілі ў Рыгу ўрад Карліса Улманіса, а стварылі новы, пранямецкі латвійскі ўрад на чале з лютэранскім пастарам Андрэўсам Недрэ.

Акрамя таго, у Балтыі дзейнічалі расійскія белагвардзейскія атрады Мікалая Юдзеніча і Паўла Бермонт-Авалава.

Аднак армія Эстоніі разбіла ландсвер, армію балтыйскіх немцаў, у чэрвені 1919 года і прывяла да ўлады ўрад Улманіса, які абапіраўся на Брытанію, Францыю і Эстонію.

Навастворанай арміі Латвіі, у якую ўвайшлі і часткі былога ландсвера, давялося другі раз паваяваць з «чырвонымі латышскімі стралкамі» — бальшавікамі, якія хацелі зрабіць Латвію савецкай.

Усяго вайна за незалежнасць Латвіі доўжылася год і восем месяцаў, у ёй загінула каля 8000 чалавек, а каля 14 000 было паранена.

Яшчэ каля 5000 чалавек загінула ад чырвонага тэрору і 3000 — ад белага тэрору.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?