Станіслаў Маркелаў. Фота газета.ру
Маркелаў бараніў сям'ю чачэнцаў Кунгаевых. Апроч таго, ён у свой час бараніў у Маскве Ю.Іванюковіча, які напісаў на шыльдзе беларускага пасольства «Жыве Беларусь», а таксама нашых суайчыннікаў, што асудзілі на 9 гадоў за кантрабанду таблетак ад кашлю.
Станіслаў Маркелаў быў забіты ў панядзелак сярод дня ў самым цэнтры горада — каля дома №1 на вуліцы Прачысценка, паведаміў журналістам кіраўнік маскоўскага ўпраўлення Следчага камітэта пры пракуратуры Расіі Анатоль Багмет. Ён не выключыў, што забойства адваката звязана з яго прафесійнай дзейнасцю.
У інтэрвію радыё «Эхо Москвы» бацька забітай дзяўчыны Віса Кунгаеў паведаміў,
што апошнім часам на адрас Маркелава паступалі шматлікія пагрозы.
Маркелаў быў забіты стрэлам у галаву з пісталета з глушыльнікам.Ён вяртаўся з прэс-канферэнцыі, прысвечанай справе Буданава, дзе заявіў, што падасць скаргу ў Страсбур.
Пры нападзенні на адваката была паранена дзяўчына — паводле папярэдніх звестак, журналістка «Новой газеты». Яна дастаўлена ў бальніцу з агнястрэльным раненнем галавы.
Увечары Настасся Батурава памерла.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Right Watch паставіла забойства Станіслава Маркелава ў адзін шэраг з забойствам журналісткі Ганны Паліткоўскай.
* * *
Станіслаў Маркелаў прадстаўляў інтарэсы пацярпелых ў гучнай справе аб забойстве чачэнскай дзяўчыны Эльзы Кунгаевай.
Вінаватым у забойстве быў прызнаны палкоўнік Юры Буданаў. Ён быў асуджаны на 10 год пазбаўлення волі, і ў мінулы чацвер суд задаволіў яго хадайніцтва аб умоўна‑датэрміновым вызваленні (УДВ).
Станіслаў Маркелаў апратэставаў рашэнне пра УДВ.
***
Станіславу Маркелаву было 34 гады. Ён узначальваў Інстытут вяршэнства права, ладзіў праваабарончыя семінары, прыяжджаў з лекцыямі, у тым ліку, паведамляецца, што ў Мінск.
Маркелаў у розны час бараніў інтарэсы сваякоў ахвяраў «Норд-Оста», чачэнцаў, што пацярпелі ад рук супрацоўніка Ханты-Мансійскага АМОНу, галоўнага рэдактара газеты «Химкинская правда» Міхаіла Бекетава, якога летась зверскі збілі невядомыя, і сем'яў антыфашыстаў і мігрантаў, што загінулі ад рук маскоўскіх скінхедаў.
***
Станіслаў Маркелаў бараніў увосень 2007 г. у Басманным судзе расійскай сталіцы беларуса Юрася Іванюковіча,які абвінавачваўся ў тым, што чорным маркерам напісаў на шыльдзе беларускага пасольства «Жыве Беларусь!!!» і «БТ хлусіць!!».
Адвакат Маркелаў настойваў на тым, што ўчыненыя маладым чалавекам дзеянні не маглі кваліфікавацца інакш як адміністратыўнае правапарушэнне.
Станіслаў Маркелаў таксама бараніў беларусаў, якіх асудзілі ў Маскве на 9 гадоў за кантрабанду таблетак ад кашлю.
***
Справа Буданава
Улетку 2003 г. Буданаў быў прызнаны вінаватым у забойстве чачэнкі 18-гадовай Эльзы Кунгаевай, якое адбылося ўвесну 2000 году.
31 снежня 2002 г. ваенны суд прызнаў Буданава ненармальным у момант здзяйснення злачынства, вызваліў яго ад крымінальнай адказнасці і направіў на мрымусовае лячэнне.
Але 28 лютага 2003 году Вярхоўны суд адмняіў гэта рашэнне і вярнуў справу ў Паўночна‑Каўказскі акруговы ваенны суд, які прызнаў Буданава вінаватым у выкраданні і забойстве дзяўчыны і прысудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі, пазбавіўшы яго таксама звання палкоўніка і дзяржаўных узнагарод.
Буданаў быў у зняволенні 8,5 гадоў.
Суд чатыры разы адхіляў яго хадайніцтвы аб умоўна‑датэрміновым вызваленні.
Палкоўнік Буданаў, дарэчы, таксама абвінавачваўся ў згвалтаванні Эльзы Кунгаевай, але потым абвінавачанне было з яго знята. Згвалтаванне (дакладней здзек з мёртвага цела) узяў на сябе шараговец Аляксандр Ягораў, які быў потым амніставаны (ён на судзе заявіў, што рабіў гэта з дапамогай сапёрнай рыдлёўкі, хоць ні да гэтага, ні пасля ніякіх псіхічных адхіленняў у яго не было заўважана).