20.05.2019 / 16:02

Міліцыя: Дадатковых аплатаў за рэлігійныя мерапрыемствы не будзе 2

20 мая Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў атрымала адказ міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча наконт аплаты за паслугі спецыяльных службаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, піша catholic.by

24 студзеня ўрад прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў».

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі звярнулася ў Саўмін з пытаннем, ці гэтая пастанова датычыцца таксама правядзення рэлігійных масавых мерапрыемстваў — працэсій, пілігрымак і іншых абрадаў і цырымоній з удзелам вернікаў.

У адказе з боку ўрада, падпісаным 15 мая міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

У лісце ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады.

На думку міністра, такім чынам заканадаўчымі актамі ў дастатковай ступені створаны ўмовы для арганізацыі і правядзення разнастайных рэлігійных мерапрыемстваў.

4
Цетка Алена / Адказаць
20.05.2019 / 16:17
Чалавек , якi збiраецца на масавае НЕ рэлiгiйнае мерапрыемства , плацiць такiя самыя падаткi , як i вернiкi. Чаму тады фактычна удзел у свецкiх масавых мерапрыемствах з'яуляецца платным ?
1
Ulad / Адказаць
20.05.2019 / 17:31
А на вясельныя "мерапрыемствы"?
А на хаўтурныя "мерапрыемствы"?
А на выпускныя балі і гуляньні?
А на дзень дэсантніка?
А на парад байкэраў?
А на паветра, на ваду, на жыцьцё, на ..?...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру