20.05.2019 / 17:13

«Басовішча» пройдзе апошні раз  6

30 фестываль музыкі маладой Беларусі «БАСовішча» будзе апошнім, які зарганізуе Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Члены БАС пасля многіх абмеркаванняў з сябрамі фестывалю вырашылі, што ў 2019-м арганізуюць «БАСовішча» ў апошні раз.

Падставай для гэтага стала складаная фінансавая сітуацыя, якая не дае магчымасці правесці мерапрыемства на высокім узроўні.

«Гэта было нялёгкае рашэнне, — кажа Лідзія Пякарская, член Галоўнай управы БАС. — Але трэба мець адвагу і прызнацца самім сабе, што так будзе найлепш».

Члены аб’яднання сардэчна дзякуюць усім за падтрымку на працягу трыццаці гадоў. А таксама ўсім папярэднім басаўцам, выступоўцам, журы конкурсу маладых гуртоў, якое дапамагала знаходзіць зорак беларускай сцэны. Дзякуем усім тым, хто прыязджаў на «БАСовішча» і радаваўся яднанню палякаў і беларусаў.

Сёлетні фестываль будзе апошнім, які арганізуе БАС. «Чакаем аднак, што прынясе будучыня», — дадае Лідзія Пякарская.

На падтрымку фестывалю абвешчаны збор сродкаў. Плануецца сабраць 15 тысяч злотых (каля 8 тысяч рублёў), і 11 тысяч ужо ёсць. Ахвяраваць на «БАСовішча» можа кожны. 

Запрашаем: 19—20 ліпеня 2019, Гарадок, урочышча Борык! Сярод сёлетніх хэдлайнераў Volski, Крама, Дзецюкі, NaviBand, Re1ikt, Znich… Поўны лайнап будзе агучаны неўзабаве.

Далучыцца да «БАСовішча» можна ўжо ў гэту пятніцу, 24 траўня! У мінскім клубе «Берлін» (Тучынскі завулак, 2А) адбудзецца апошняе «Адборышча» — адборачны тур маладых музыкантаў, найлепшыя з якіх паедуць у конкурсную частку. Удзел возьмуць 8 калектываў: luty sakavik, анты-кавербэнд «Гарадскі Вал», BarRokka, Harmonix College, Skroź, Paulinn, Atesta, Fishtank, а таксама леташні пераможца — Snop Snoū. Уваход вольны. Да сустрэчы!

1
Ліцьвін металіст / Адказаць
20.05.2019 / 17:23
Treba dapamahčy, bo heta adziny taki maštabny fest biełaruskaj muzyki za miežami Biełarusi, my jak narod abaviazanyja jaho padtrymać.
4
Бел / Адказаць
20.05.2019 / 17:27
Зараз такі час, што можна БАСовішча арганізаваць недалёка ад беларуска-польскай мяжы, але на беларускай тэрыторыі!!!
Дзе-небудзь у бязвізавай зоне "Брэст". Напрыклад на ўскрайку горада Пружаны, якая ўваходзіць у бязвізавую зону, ёсць выдатнае вадасховішча: звярніцеся да мясцовых уладаў з прапановай правесці там опен эйр - думаю дазволяць...
1
Усяслаў / Адказаць
20.05.2019 / 19:22
Сум...
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру