Нацыянальнае агенцтва па супрацьдзеянні карупцыі Украіны апублікавала дэкларацыю аб даходах прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага.

У 2018 годзе Зяленскі задэклараваў 9,7 мільёна грыўняў (каля 370 тысяч даляраў) даходаў, а таксама дом, кватэру і нумары ў гатэлі.

Амаль палову сродкаў (каля 160 тысяч даляраў) ён зарабіў у студыі «Квартал 95». Каля 210 тысяч даляраў ён атрымаў з іншых крыніц даходаў.

Прэзідэнт з'яўляецца ўласнікам дома ў Кіеве плошчай 353 квадратныя метры, кватэры ў 131 квадратны метр, зямельнага ўчастка плошчай 1200 квадратных метраў, двух парковачных месцаў. Акрамя таго, ва ўласнасці Зяленскага знаходзяцца некалькі кватэр у Італіі, кватэра ў Вялікабрытаніі і доля ў гасцінічных нумарах у Грузіі.

У Зяленскага таксама ёсць 190 тысяч даляраў і 107 тысяч еўра гатоўкай. Іншыя сродкі ён захоўвае на рахунках «Прыватбанка», пераважна ў Латвіі. На рахунках — 440 тысяч даляраў, 1 мільён грыўняў (каля 38,2 тысячы даляраў) і 130 еўра.