Група французскіх кампаній прадэманстравала ў Мінаблвыканкаме праект комплексу «Minsk mall park» у Сеніцы, піша Млын.by.

Канцэпцыю комплексу распрацоўвалі тры кампаніі «SKAISTA», «RESKO» і «Zestful Urban Office». Па задумцы французаў комплекс будзе падзелены на 7 блокаў. У першым размесцяцца гіпермаркет, фудкорт, брэндавыя крамы, цэнтры прыгажосці і фітнесу. Другі блок — забаўляльная пляцоўка з картынгам, боўлінгам, стрытболам, футболам, батутным мястэчкам. Таксама архітэктары прапануюць тут пабудаваць невялікі аквапарк з горкамі і басейнамі для заняткаў воднымі відамі спорту.

У трэцім блоку — кінатэатр на 12 залаў, плюс канцэртная зона на вуліцы. Побач з ёй — сцяна для заняткаў альпінізмам і дзіцячая пляцоўка. Чацвёрты блок размесціцца на даху цэнтра. Па ідэі архітэктара частку даху пераўтвораць у лыжны схіл з сінтэтычным пакрыццём, каб катацца можна было зімой і летам. У іншай частцы высадзяць расліны, і яна стане своеасаблівым паркам адпачынку.

Пяты блок адводзіцца пад прадуктовы рынак. Тут жа мяркуецца абсталяваць гарадскую аранжарэю, дзе расліны будуць вырошчваць эксперыментальнымі і экалагічна бяспечнымі метадамі. Шосты блок зоймуць офісныя будынкі, сёмы адведзены пад гатэль.

Паводле разлікаў праекціроўшчыкаў агульная плошча комплексу з улікам дзвюх парковак на 1000 і 3500 месцаў павінна скласці каля 158 900 квадратных метраў. Арыенціровачны кошт аб'екта — каля 300 мільёнаў даляраў.

Для будаўніцтва цэнтра яшчэ трэба знайсці інвестара і атрымаць ухваленне Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?