Беларусы гандлююць на пляцоўцы аб'яў «Куфар» майскімі жукамі, прычым у Наваполацку яны самыя дарагія, піша «Віцебскі кур'ер».
Усяго журналіст знайшла чатыры аб'явы на гэтую тэму, давалі іх жыхары Мінска і Наваполацка.
Цэны на тавар адрозніваюцца. Самых дарагіх жукоў ловяць у Наваполацку — па 2 рублі за штуку. У аб'яве аўтар піша, што «хрушч новы, толькі што злоўлены». Але дадае: «гандаль мае месца».
А вось у Маскоўскім раёне Мінска жукоў вам аддадуць ужо па 20 капеек за аднаго.
Сустракаюцца і «аптовыя» прапановы — партыя жукоў (10 штук) абыдзецца ў 5 рублёў.
Стан жукоў паказана ў аб'явах як «новы». Трое з чатырох чалавек прадаюць іх для рыбалкі, напрыклад, на галаўля. У Заводскім раёне Мінска іх прадаюць у катэгорыі «хатнія гадаванцы» — у якасці корму.