23.05.2019 / 17:17

Художница Наталья Сухая научит делать авторские открытки! Мастер-класс по вытинанке — 29 мая

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашаюць на майстар-клас па вырабе аўтарскіх паштовак у тэхніцы «выцінанка» ў межах цыкла майстар-класаў «Беларускія рамёствы. Традыцыі і сучаснасць»

У наш хуткаплынны час электронных лістоў так прыемна атрымаць у падарунак «жывую» паштоўку, а калі гэтая паштоўка да таго ж зробленая ўручную, то яна тым больш будзе грэць сэрца.

Паштоўка — гэта самы просты спосаб выказаць свае пачуцці і шчырыя пажаданні, універсальны падарунак, які можна падарыць з любой нагоды любому чалавеку. І ў той жа час, калі паштоўка зробленая з любоўю сваімі рукамі, то яна можа стаць асаблівым знакам увагі.

А як прыемна прыгадваць нейкія знакавыя падзеі і яркія жыццёвыя моманты, разглядаючы паштоўкі! 

Мы прапануем падчас майстар-класа 29 траўня зрабіць паштоўкі ў тэхніцы «выцінанка». Гэта від народнага мастацтва, распаўсюджаны ў Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. З цягам часу дабрабыт насельніцтва павялічваўся, і паступова выцінанка страціла сваю папулярнасць, саступіўшы месца новым спосабам дэкору жытла. Аднак сёння дзякуючы сучасным беларускім майстрам выцінанка атрымала новае мастацкае асэнсаванне і новае жыццё.

Такім чынам, выцінанка — адначасова і традыцыйнае мастацтва, і вельмі сучаснае, экалагічнае і ўніверсальнае. Займацца выцінанкай можа кожны. Для гэтага патрэбныя толькі нажніцы, папера і фантазія! 

29 траўня сакрэтамі свайго майстэрства падзеліцца Наталля Сухая — мастачка, Народны майстар Беларусі, удзельніца шматлікіх выставаў, аўтар кніг па выцінанцы. Творы Наталлі знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Літвы, Швецыі ды іншых краін Еўропы.

Па выніках майстар-класа вы:

— атрымаеце задавальненне ад захапляльнага працэсу стварэння карункавых узораў з паперы пад кіраўніцтвам майстра;

— зробіце ўнікальны падарунак для блізкага чалавека;

— засвоіце карысны навык па стварэнні аўтарскіх паштовак у тэхніцы «выцінанка» і зможаце рабіць прыемнасці сваім родным і сябрам пры любой нагодзе.

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13)

Калі: 29 траўня (серада), 18:00

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера