Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2019 | Наша Ніва
«Наша Ніва» здзьмухвае пыл з газетнага архіву і пачынае даследаваць суперсучасную гісторыю Беларусі.Мы згадаем з'явы і падзеі,
што сталі сімваламі 2000-х. Адшукаем у архівах фотаздымкі, матэрыялы, якія найбольш поўна, жыва апісваюць стыль гэтага забытага дзесяцігоддзя.
Эпоха, калі сучасная Беларусь стала магчымай
Новае тысячагоддзе, міленіум-лінолеум, першыя персанальныя VHS-камеры і CD у «багатых» беларусаў. Дым нью-ёркскіх вежаў-блізнят і сыход Ельцына. На ТБ – засілле КВЗ, першыя рэаліці-шоу і эра MTV. Прымерка джынсаў і красовак на кардонках «Жданоў» і «Дынама». Спробы пабудовы «вялікага наратыву» – ідэалогіі беларускай дзяржавы – і эстэтыка пратэсту па іншым баку. Разбудова «месцаў сілы» традыцыйнага Мінска знакавымі архітэктурнымі аб'ектамі. Хвалі моладзевых субкультур і народная мода.
2001
2002
2003
2000  2001 2002  2003 2004  2005 2006  2007 2008  2009
Якой была эпоха 2000-х? Якім чынам яна зрабіла сучасную Беларусь магчымай? Чым мы жылі і як выглядалі? Мода, спажыванне, культура, тэхналогіі, героі і зоркі тых часоў - у нашым праекце з Samsung Galaxy A50.
Частка 1
Мода, стыль, эстэтыка
Моду 2000-х цяпер успамінаюць з усмешкай і лёгкімі дрыжыкамі. Пачуццё меры і густу тады было не ў трэндзе, а знарочыстая сэксуальнасць успрымалася як штосьці натуральнае. З іншага боку, чаго чакаць ад эпохі, калі ў кумірах была Пэрыс Хілтан?
Вечарына ў Мінску, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Конкурс «Містэр Інтэрнэт», 2005 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Вулічная мода
У нулявыя мы насілі джынсы з заніжанай таліяй, клёш, шырокія штаны з мноствам кішэняў і брыджы. Калі спадніца, то экстрэмальнае міні, больш падобнае да пояса. Маст-хэвам лічыліся легінсы: іх надзявалі пад сукенкі, тунікі і топікі. Модныя і сціплыя абіралі чорныя мадэлі, сапраўдныя львіцы (не толькі свецкія) – леапардавыя. Тады ж у гардэробе прапісаліся плюшавыя спартыўныя касцюмы. І ўсё б нічога, але насілі іх не з красоўкамі, а з басаножкамі на шпільках. Высокія абцасы, дарэчы, былі на піку папулярнасці і ўспрымаліся як абутак на кожны дзень. Практычнасць – гэта наогул не пра 2000-я. Інакш як патлумачыць захапленне тонкімі доўгімі шалікамі, калготкамі ў сетку і гарсэтамі?
Модніцы тых часоў актыўна набывалі металічныя рамні-ланцугі, боты з вострымі насамі і рэчы са стразамі (больш, яшчэ больш стразаў!). Усё гэта лёгка змяшчалася ў гардэробе аднаго чалавека на палічцы побач з сумкай Hello Kitty. Народнай любоўю карысталіся і майкі-сеткі. Наколькі ў гэтай сінтэтыцы камфортна ў спякоту – пытанне, але адчуванне зорнасці ўзроўню «Валерый Лявонцьеў» было гарантавана.
Відэа: BIAŁORUŚ MIŃSK 2002 centrum / Jack Mariusz
Мадэльер Іван Аўплатаў падчас моднага паказу, 2005 г.
Фота з архіву Нашай Нівы
Рынкі:
Жданы і Дынама
Відэа: Мінск 1998 / Віктар Аранін
Рабочы на рынку Дынама, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Сталічныя моднікі хадзілі па стыль у Benetton ГУМа і Mustang на Казлова, але асноўная маса моладзі і іх бацькі апраналіся на рынках. Першаснае назапашванне капіталу «чаўнакоў» ужо адбылося, таму прапанова задавольвала попыт без праблем. Паласатыя палаткі і сумкі ў клетку – галоўныя патэрны таго часу. Кітайска-турэцкі шырспажыў быў у кожным беларускім горадзе. Па больш модныя рэчы прыходзілася выбірацца на «Дынама» (красоўкі) ці «Ждановічы» (джынсы). Шпацыр па коле і фраза «яшчэ паходзім і вернемся» – галоўныя маркеры спажывання нулявых. Тады абноўкі мелі сезонны характар – да школы, да выпускнога. Рэчаіснасць не дазваляла набываць рэчы, што проста былі на зніжках. Да эпохі гандлёвых цэнтраў і распродажаў заставалася яшчэ амаль цэлае дзесяцігоддзе.
А што пад вопраткай? Эстэтыка цялеснага праз масавую культуру пранікла і ў публічную сферу. Пірсінг пупка, тату матылька на паясніцы і іерогліф на шыі шакавалі бацькоў і настаўнікаў, але рабілі фурор на вуліцы. Бровы вышчыпвалі ў нітачку ці ўвогуле збрывалі і малявалі новыя (так, сёння ўжо ніхто не разумее, навошта). Гэты трэнд задавала рэклама тату-салонаў са слоганам «Прыгажосць і ніякага болю». На зубы клеілі стразы, а ў сумачцы заўжды насілі ружовы бляск для вуснаў. Адным словам, светам кіраваў гламур і жаданне быць падобнымі да зорак MTV.
Самае цікавае, што некаторыя рэчы з нулявых вяртаюцца. Спіс вялікі, але вось асноўнае: майкі-сеткі, касухі металістаў (цяпер такую можна і пад вечаровую сукенку), абутак з завостранымі насамі і красоўкі на масіўных падэшвах.
Вольга Барабаншчыкава ў свае найлепшыя часы, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Канцэрт пераможцаў «Басовішча» ў «Рэактары», 2005 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Вясельная мода
Сесці ў лімузін разам з маладымі лічылася вялікай раскошай. Зручна не было нікому, але для адчування шчасця можна і пасунуцца. Пачаўся час рамантычных love-story ў горадзе ці на прыродзе. Да рытуалу ўваходжання праз каравай у браму сталоўкі ці рэстарана дадалося чаплянне вясельных замкоў на масты і выпусканне белых галубоў. У Мінску маладыя адпраўляюцца на шпацыр па Траецкім, трымаюцца на шчасце за фалас анёла з Вострава слёз і кідаюць у ваду папяровыя беларускія рублі.
Вакол вясельнай цырымоніі ў нулявыя разбудавалася цэлая індустрыя. Для годнай падзеі, «якая бывае раз у жыцці», стала недастаткова адных толькі шарыкаў на машынах і пратакольных фота ў ЗАГСе.
Выстава вясельных паслуг, 2005 г.
Фота: bymedia.net
Андрэй і Надзея, 2008 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Яшчэ адзін вясельны трэнд нулявых – каляндар. Неверагоднай удачай лічылася пабрацца шлюбам у прыгожую дату – 01.01.01, 02.02.02, 03.03.03. Запісваліся ледзьве не за год! ЗАГСы адказвалі на гэта сваімі рытуаламі: у такія даты сустракалі шлюбныя пары з караванамі. На адну цырымонію – 15−20 хвілін. Можна расслабіцца, наступны раз такое здарыцца ў 2101-м годзе.
Нявесты імкнуліся быць падобнымі да прынцэс, таму абіралі сукенкі з гарсэтам-бюсцье і самай пышнай спадніцай, якую толькі можна было адшукаць. Надзявалі пальчаткі, упрыгожвалі шыю і рукі кідкай біжутэрыяй ці крышталямі Свароўскі – каму што дазваляў бюджэт. А яшчэ хіт нулявых – выцягнутыя каскадныя букеты (на слэнгу вясельных фатографаў – «ручныя гранаты»).

Заходнія селебрыці ўжо тады пачалі ўводзіць у моду ўборы простых сілуэтаў, але беларускія салоны не давалі ніводнага шанцу пайсці пад вянец без фальбонаў, тыяры і пластмасавых кветак у валасах. Калі сёння нявесты любяць прычоскі з эфектам лёгкай неахайнасці, то ў 2000-х локаны выкладвалі літаральна пад лінеечку.

Дарэчы, касцюм «з адлівам» для жаніха ці дзядзькі з-пад Любані – не менш важны атрыбут вяселляў тых часоў.
Стас і Каця, 2008 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Міс Беларусь
Першы конкурс «Міс Беларусь» адбыўся яшчэ ў 1998 годзе, але як з'ява – пошук і дэманстрацыя дзяржаўнага эталону прыгажосці – сфармаваўся акурат у нулявыя. Брэнд «беларускія прыгажуні» пачалі эксплуатаваць паўсюль: у ідэалагічнай рабоце, уязным турызме і мадэльным бізнэсе. Эпоха інстаграм-мадэляў яшчэ не пачалася, таму для многіх дзяўчат гэта была адзіная магчымасць здабыць папулярнасць.
У 2002-м конкурс трапіў пад патранат дзяржавы. Пра фінал тады пісалі: бедна, затое сумленна. Карону марылі надзець многія дзяўчаты. Вольга Неўдах з Брэстчыны, якая перамагла ў 2002-м, у сваім дзённіку, што вяла падлеткам, сярод жаданняў пісала «стаць міс».
Відэа: Міс Беларусь 98 / Svetlana Kuznetsova
Вольга Неўдах, «Міс Беларусь – 2002»
Фота: delaemvmeste.by
Перад шоу бясконца ішлі рэпетыцыі, трэніроўкі. Але экскурсій і паездак па краіне, як у цяперашніх удзельніц конкурсу, не было. За перамогу я атрымала карону, невялікі грашовы прыз ($550 – NN.by) і проста пазнавальнасць. На той момант конкурс сапраўды быў папулярны, значны. На мяне, зусім не падрыхтаваную, абрынулася вядомасць: усюды бралі інтэрв'ю, давалі зніжкі ў кавярнях і крамах.
У 2008 годзе арганізацыя конкурсу перайшла да тэлеканала АНТ. Прызы сталі заўважна лепшыя: у той год «міс» – віцябчанцы Вользе Хіжанковай – падарылі аднапакаёўку ў сталіцы.

Самую-самую беларуску абіраюць кожныя два гады. Цікава, што часцей за ўсіх «каранавалі» дзяўчат з імем Вольга, а 8 з 11 «міс» былі брунеткамі, што зусім не адпавядае распаўсюджанаму міфу пра светлавалосых і блакітнавокіх беларусак. Стандарты прыгажосці застаюцца тымі ж: спадарынь плюс-сайз на конкурс па-ранейшаму не бяруць. І з татуіроўкамі «Міс Беларусь» стаць нельга.
"
Вольга Неўдах
Вольга Хіжанкова, 2008 г.
Фота: delaemvmeste.by
Дзяржаўна-эстэтычны канон
Беларусь нулявых спрабуе выбудаваць уласную аб'ектнасць у гарадской прасторы. Можна казаць, што ў гэты час краіна пачынае набываць адметныя формы рэпрэзентацыі – для сваіх і для чужых. На архітэктурным узроўні – дзесяцігоддзе вялікіх будоўляў, якія сфармуюць дзяржаўны архітэктурны канон. Мы ўступалі ў 2000-я з вялікім постсавецкім багажом: асноўная інфраструктура Мінска стваралася ў часы БССР, цэнтральны праспект Францыска Скарыны быў ці не адзіным «месцам сілы». Тут праводзіліся і афіцыйныя парады, і апазіцыйныя акцыі пратэстаў.
Пасля гучных перайменаванняў цэнтральных праспектаў у 2005-м фінансавы і культурны цэнтр Мінска перасоўваецца на праспект Пераможцаў (Машэрава). Менавіта тут з канца 2000-х будзе з'яўляцца інфраструктура сённяшняга часу. У адваротным кірунку, на Кастрычніцкай, хіпстары заактыўнічаюць толькі ў «дзясятых».
м
Свята 3 Ліпеня на праспекце Францыска Скарыны, 2000 г.
Фота: bymedia.net
Акцыя супраць перайменавання праспектаў. Мінск, 2005 г.
Фота: Арцём Лява
Стыль таго часу інтэрнаўты ЖЖ акрэслілі як «агратрэш». Па ўсёй краіне пафаснымі франтамі праходзяць «Дажынкі», «святы гарадоў» і «Славянскі базар». Лічылася, што маштаб святкавання мусіць адпавядаць маштабу краіны. Яшчэ адзін дзяржаўны трэнд 2000-х – спробы прыдумаць ідэалогію беларускай дзяржавы. На змену трывожным і няпэўным дзевяностым прыходзяць стабільныя нулявыя.
Новая ўлада бярэцца выбудоўваць сваю «сістэму каардынат». Прычым яна закранае розныя гістарычныя эпохі. У Верхнім горадзе распачынаецца маштабная рэканструкцыя. Цяпер і не скажаш, што будынак мінскай Ратушы з'явіўся тут усяго 15 год таму.
Свята жніва, 2005 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Будоўля Ратушы ў Мінску, 2003 г.
Фота: bymedia.net
Дыямент – гэта, па-першае, вельмі зручна з пункту гледжання функцыянальнасці. А па-другое, мае эстэтычную значнасць. Праект доўга праваляўся на паліцы з-за адсутнасці фінансавання. Праз восем гадоў на праблемы бібліятэкі звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы – і тут усё закруцілася. Шкляная форма пакрыцця дыямента вельмі надзейная: будынак разлічаны на 500 гадоў!
Грошы на бібліятэку збіралі ўсёй краінай. Скідваліся банкі, заводы, студэнты «па тысячы», простыя жыхары – людзі ахвяравалі на «дыямент» каля двух мільёнаў даляраў. Пісалі, што сярод спонсараў быў нават Садам Хусэйн. Усяго на будоўлю пайшло 100 мільёнаў даляраў. Работы вяліся круглыя суткі: і ў снег, і ў дождж. Фонд бібліятэкі – восем мільёнаў кніг і дакументаў – перавозілі каля чатырох месяцаў. І ў чэрвені 2006-га «дыямент ведаў» з агляднай пляцоўкай на вышыні 73 метраў адчыніў свае дзверы для наведнікаў.
"
Бібліятэка
Віктар Крамарэнка, «Камсамольская праўда», 17 верасня 2008 г.
З таго часу «Нацыяналка» прапісалася на вокладцы школьных дзённікаў і вясельных фота. І стала прадметам жартаў, бо наватарскую форму ўспрымалі па-рознаму: «кубік-рубік», «чупа-чупс»… «Калі ў Нацыянальнай бібліятэцы ўключаецца падсветка, дзесьці ў Буда-Кашалёве адрубаецца электрычнасць», – жартавалі ў народзе. Дыямент не раз трапляў у рэйтынгі самых дзіўных і недарэчных будынкаў, але апынаўся і ў Топ-30 найпрыгажэйшых бібліятэк свету. Карацей, у беларусаў з «Нацыяналкай» такі ж лёс, як у свой час у парыжан з Эйфелевай вежай.
Будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, 2005 г.
Фота: bymedia.net
Дзяржаўна-патрыятычная акцыя «За незалежную Беларусь» каля Нацыянальнай бібліятэкі, 2007 г.
Фота: bymedia.net
Пра тое, што мінскаму вакзалу неабходны апгрэйд, гаварылася яшчэ 40 год таму. Жыхароў у горадзе-героі станавілася ўсё больш, пасажырапаток павялічваўся. У 1975-м правялі Усесаюзны архітэктурны конкурс, але з дзевяці прапанаваных праектаў ніводзін не задаволіў журы. У 1990-я стары вакзал знеслі, хоць прэса і выступала супраць.
Правялі новы конкурс. На гэты раз перамог праект архітэктараў і інстытуцкіх сяброў Віктара Крамарэнкі і Міхаіла Вінаградава. Будоўля заняла шэсць гадоў. Праўда, не ўсё задуманае ажыццявілі. Напрыклад, адмовіліся ад ідэі перанесці аўтавакзал «Цэнтральны» на Дружную. Абноўлены Мінск-Пасажырскі пачаў працаваць 30 снежня 2000 года, але цалкам будаўніцтва завяршылася толькі ў канцы 2002 года. Сучасныя залы чакання, крамы, буфеты, падземны ўзровень... Адной з фішак стаў шкляны фасад, які адкрыў гасцям сталіцы цудоўны від на браму горада. «Як у Еўропе», – уздыхалі. І ўручылі Гран-пры Нацыянальнага фестывалю архітэктуры.
Вакзал
Будаўніцтва чыгуначнага вакзала ў Мінску, 1995 г.
Фота: Аляксей Чуркін / arch.by
А ў 2007-м скончылі будаваць гатэль «Еўропа». Тады казалі, што гэты навабуд не ўпісваецца ў аблічча Мінска.
Хроніка
20
00
01
Мемарыял на Нямізе
Мемарыял «Яма»
Палац Рэспублікі
07

Адмена штампаў на выезд з краіны
09

Дабудавана «Мінск-арэна»
Еўрарамонт і аазіс
У 2000-я мы перажылі эпідэмію еўрарамонтаў. Чаму гэты рамонт называўся еўрапейскім і як насамрэч выглядалі кватэры ў Парыжы і Стакгольме, многія не ведалі, але падзялялі любоў да імпартных будматэрыялаў і аддавалі шалёныя грошы, каб асучасніць інтэр'ер. Перапланіроўкі, столі ў некалькі ярусаў, аркі і нішы – трэнды нулявых. У модзе былі камень і плітка, а таксама гіпсакардон, які дазваляў увасобіць уласныя дызайнерскія фантазіі. Варта дадаць, што бум на еўрарамонты непазнавальна змяніў і шматлікія архітэктурныя помнікі Беларусі.
А яшчэ мы палюбілі пластык і ўсоўвалі яго паўсюль: пластыкавыя вокны, сцены, столі, плінтусы. Толькі дзверы металічныя. На кухнях пачалі ўбудоўваць тэхніку ў паліцы і замяняць класічныя сталы барнымі стойкамі «пад мармур». А ў залі – майстраваць калоны і подыумы. Папулярнасць здабылі закругленыя сталы і люстэркі з хвалістым краем.
Беларусы абіраюць дзверы на выставе «Будэкспа», 2005 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
У інтэр'ерах паболела яркіх колераў: чырвоны, жоўты, сіні, аранжавы… Найбольш смелыя афармлялі пакоі ў афрыканскім стылі: «тыгр» і «зебра» на тканінах, выявы пальмаў, велізарныя вазы… Для тых, хто не мог сабе дазволіць натуральную скуру, жлобінская фабрыка выпускала «плюшавыя» дываны. Рэклама абяцала, што з ім інтэр'ер набудзе шык, і прапаноўвала набыць рэч у якасці небанальнага падарунка шэфу.
А ў дварах забуяў штучны аазіс! Тэрыторыю азелянялі пальмамі з бутэлек і засялялі пластыкавымі пчоламі і парасятамі – своеасаблівыя беларускія тропікі. Фасады хат аздаблялі метровымі пано з рознакаляровых закрутак – арт-сайдынг сваімі рукамі.
Легендарны ЖЭС-арт на вуліцы Сядых у Мінску, 2011 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Хвалі субкультур
У 2000-я ўсе хацелі адрознівацца. На гэты час прыпадае пік «класавай» масавай культуры, якую да канца дзесяцігоддзя амаль цалкам размые свет інтэрнэту. Беларусы ўключыліся ў глабальны кантэкст. Субкультуры існавалі заўсёды, але ў нулявыя стрэлілі хіп-хоп, эма, готы і клубная культура дабстэпу. Панкі з 1990-х камерцыяналізаваліся і ператварыліся ў шырокую хвалю падлеткавага пратэсту. Прыналежнасць да субкультур вызначала ўсё: музычны густ, вобраз і светапогляд.
Панк-канцэрт у Моладзевым тэатры, 2006 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Панк на вуліцы ў Жодзіне, 2005 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Сёння чорны колер – дызайнерская стрыманасць і прастата. У нулявых жа гэта быў колер пратэсту. Праўда, з украпленнем ружовага ці салатавага. Эма-кід у кедах, з касой чолкай і сумкай праз плячо – важны атрыбут гарадской культуры сярэдзіны нулявых. Што праўда, іх субкультура знікла з беларускіх вуліц гэтак жа хутка, як і з'явілася. Дзеці выраслі, і боль прайшоў...
Рэхам 1990-х ля «Філары» ці сцяны Цоя каля Палаца Рэспублікі адгукаліся панкі. Гэтай субкультуры даспадобы былі ўсе ўзросты, бо фармавалася яна дзесяцігоддзямі. Для беларускіх нулявых жа гэта, бадай, самая важная частка масавай культуры. У кожнага быў знаёмы нефармал з доўгімі валасамі і значком «Пагоня». Масіўныя «сцілы» з палатак на «Дынама» (эканом-варыянт – вайсковыя берцы), касухі і храміраваныя ланцугі – галоўныя дэталі гэтай культуры. Панк-сцэна буяла дзясяткамі гуртоў, а гарадзенскіх ці рэчыцкіх нефармалаў ведала шмат крутых чувакоў і чувіх.
Панкі,готы, эма
Канцэрт «Моладзь супраць наркотыкаў», Жодзіна, 2006 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Трушныя панкі на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, 2005 г.
Фота: bymedia.net
Фанаты падчас пратэсту пасля зносу «Сцяны Цоя» ля Палаца Рэспублікі ў Мінску, 2009 г.
Фота: bymedia.net
Кацярына Якута-Гядзько, выкладчыца каледжа, 30 гадоў:

- Субкультурай эма я зацікавілася ў 2006 годзе, калі прыехала вучыцца ў Брэст ва ўніверсітэт. У інтэрнаце была лакальная сетка, дзе ўсе дзяліліся музыкай. Эма-кірунак тады якраз быў папулярны: Tracktor Bowling, Amatory, Jane Air, Enter Shikari… Такая музыка падыходзіла пад мой настрой, мне падабаўся гэты запал, выбух.

У адзенні, канечне, пераважалі чорны і ружовы колеры. Бралася ўсё гэта пераважна з сэканд-хэндаў. Там можна было дастаць арыгінальныя і танныя рэчы — на стыпендыю не разгуляешся. Я любіла талстоўкі, ірваныя джынсы, напульснікі, рамяні з заклёпкамі, бранзалеты і ланцужкі. Сама малявала акрылам прынты на майках і вешала шпількі.
Моладзь у Мінску, 2007 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Міла Малая, настаўніца нямецкай мовы, 28 гадоў:

– Усё пачалося ў 2005 годзе, калі ў санаторыі пазнаёмілася з музычным каналам «Першы альтэрнатыўны». Там я пачула HIM і Evanescence. Моцна ўразілі кліпы: гэта было штосьці новае, незвычайнае. Пасля таго пры любой магчымасці мы куплялі з братам дыскі розных метал-гуртоў.

Па тэкстах песень Lacrimosa і Rammstein я вучыла нямецкую мову. Наогул, слухала не толькі gothic-кірунак, але і больш цяжкую музыку – падабаліся Children of Bodom, Cradle of Filth, Dimmu Borgir.

Паступова захапленне субкультурай стала адлюстроўвацца ў адзенні. Спачатку я купляла тэматычныя ўпрыгажэнні – самым любімым быў крыж анх, які ў той час насілі ўсе готы. Потым, калі паступіла ў педагагічны ліцэй у Рэчыцы, насіла даўгія, у падлогу, спадніцы і гарсэты. Памятаю, як марыла купіць «сцілы» – на тыя чаравікі пайшло чатыры стыпендыі.


Міла ў 2006 годзе.
Танцавальная культура пранікала ў Беларусь са спазненнем на некалькі год. Напачатку нулявых андэграўндам лічыўся дабстэп. Да нас стыль дайшоў ужо цалкам камерцыяналізаваным і забуяў ламанымі рытмамі ці не ва ўсіх начных клубах. Прыгожа жыць і рухацца беларусы тады ўжо ўмелі.
Дабстэп, хіп-хоп, ціктонік
Відэа: Гуру ціктоніка / gereXciTerr
Вечарына ў мінскім начным клубе, 2005 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
У пачатку 2000-х ламанай хваляй па магнітафонах разліваўся хіп-хоп. Прычым важнай была не столькі музыка, колькі ўменне танцаваць. Па тэлевізары ў моладзевых праграмах паказвалі відэаўрокі акрабатычных кульбітаў, а ў шматлікіх дамах культуры адкрываліся секцыі брэйк-дансу. Амаль на дзесяцігоддзе хіп-хоп стаў ці не адзінай дзяржаўнай субкультурай на шматлікіх днях моладзі: пратэсту панкаў няма, музыка незразумелая, ну і здароўе трэба, каб таньчыць ніжні брэйк.
Да сустрэчы на экранах
Тэкст
Наталля Лубнеўская
Дызайн і тэкст
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910