20.01.2009 / 21:43

Бурак Абамчык 30

Размовы пра беларускага Абаму на выбарах-2011 нельга назваць беспадстаўнымі. Піша Алесь Кудрыцкі.

Размовы пра беларускага Абаму на выбарах-2011 нельга назваць беспадстаўнымі. Піша Алесь Кудрыцкі.

Не паспелі яшчэ адцвісці джынсавыя стужкі‑кветкі на дрэўцах ды слупах, як нашыя апазіцыйныя асяродкі, здаецца, ужо амаль зацяжарылі іншай ідэяй – спарадзіць беларускага Абаму. Не здзіўлюся, калі гэтымі доўгімі зімовымі вечарамі ў якім‑небудзь партыйным офісе ўжо пішацца стратэгічны план на наступную прэзідэнцкую кампанію з прыцэлам на «энэргічнага палітыка новай генерацыі», а сам будучы кандыдат – назавем яго Бураком Абамчыкам – прымярае на сябе модны гальштук ды белазубую ўсмешку.

Жарты жартамі, але размовы пра беларускага Абаму нельга назваць цалкам наіўнымі ды беспадстаўнымі. У беларускай ды амерыканскай сітуацыях сапраўды можна адшукаць цікавыя паралелі.

Чаму прыход Барака Абамы зрабіўся сенсацыяй? Найперш таму, што гэты палітык здолеў заваяваць давер большасці жыхароў сваёй краіны, нягледзячы на тое, што належыць да колісь дыскрымінаванай групы
афраамерыканцаў. У сучаснай Беларусі прыход да ўлады беларускамоўнага чалавека і шчырая ўсенародная любоў да яго чым не магчымыя?

Пытанне расы ў ЗША не менш слізкае, чым пытанне мовы ды культурнай прыналежнасці ў Беларусі. Большасць амерыканцаў, у прынцыпе, падзяляе думку, што ўсе грамадзяне краіны, нягледзячы на іх колер скуры, роўныя ў сваіх правах. Падобным чынам і большасць беларусаў (прынамсі, такую выснову можна зрабіць з апошняга перапісу насельніцтва) прымае беларускую мову – тэарэтычна. Іншая рэч, як белыя амерыканцы дачыняюцца з чарнаскурымі ў паўсядзённым жыцці, а паспалітыя беларусы – са сваімі беларускамоўнымі суайчыннікамі. І ў першым і ў другім выпадку стаўленне нярэдка такое самае, як да меншасці. Зірніце на амерыканскія долары – ці шмат пабачыце на іх чарнаскурых прэзідэнтаў? Вось вам – краіна роўных магчымасцяў! Гэта, дарэчы, старая амерыканская дыскусія: чаму палітычная эліта ЗША дагэтуль, у сваёй масе, белая? Адны сцвярджаюць, што ніякая гэта не дыскрымінацыя – проста, маўляў, чарнаскурае насельніцтва надта пасіўнае, не ўмее і не жадае скарыстацца з шанцаў, якія дае ім дэмакратычнае грамадства. Іншыя ж, наадварот, кажуць пра тое, што афраамерыканцы ўжо ад нараджэння маюць горшыя стартавыя ўмовы, бо нараджаюцца ў бяднейшых раёнах, вучацца ў горшых школах, пакутуюць ад побытавага расізму і г.д.

А як у нас, у Беларусі? Вось, скажам, вы – беларускамоўны чалавек, які спрабуе зрабіць кар’еру на дзяржаўнай службе ці ў бізнэсе. Далёка пойдзеце? І калі не выб’ецеся ў людзі, то хто будзе ў тым вінаваты – асяроддзе, варожае да вашай беларускамоўнасці, ці вы самі, няздольныя, насуперак цяжкасцям, дамагчыся поспеху? Куды падзяваліся беларускамоўныя на кіруючых пасадах? Зацерлі іх, не далі ходу? Ці яны, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, прыхавалі перакананні да лепшых часоў, наступілі на горла ўласнаму спеву дзеля кар’еры? Тут, дарэчы,

мы выразна бачым розніцу паміж мовай ды расай – з беларускай на расейскую, польскую, англійскую можна пераключыцца ў любы момант (ці, прынамсі, перавучыцца), а вось колер скуры ў кішэню не схаваеш (калі, канечне, вы не Майкл Джэксан).
Можа, каб беларусам тая беларуская мова была на твары напісаная, дык і былі б яны тады больш прынцыповымі... А так заўжды ёсць спакуса падладзіцца, схавацца, замаскіравацца.

У Барака Абамы такога выбару не было – якім нарадзіўся, такім і ў палітыку пайшоў. Чорнаскурыя палітыкі, насамрэч, ужо неаднаразова рабілі спробы выбіцца ў прэзідэнты ЗША. Дзеля гэтага яны, па старой завядзёнцы, намагаліся мабілізаваць чорнае насельніцтва, скалаціць пярэстую кааліцыю з праваабарончых рухаў, шукалі падтрымкі ў іншых дыскрымінаваных групах – карацей, усяляк спрабавалі ўзмацніць сілу сваёй меншасці. Абама таксама спачатку паддаўся гэтай спакусе. Неяк на пачатку сваёй прэзідэнцкай кампаніі, вярнуўшыся ў ЗША пасля туру па Еўропе, ён пачаў быў акцэнтаваць ўвагу на колеры сваёй скуры: «Я не падобны да іншых прэзідэнтаў на нашых грашовых купюрах!». Вынік быў нечаканым – ад гэтага бяскрыўднага сказу рэйтынг палітыка пачаў падаць.

Тады

Барак Абама абраў кардынальна іншы шлях – ён выкінуў з прамоваў любыя ўзгадкі пра «будучага першага чарнаскурага прэзідэнта». Замест гэтага ён прэзентаваў сябе выключна як «прэзідэнта, які прынясе змены».
Калі вы прасочыце кампанію Абамы, то заўважыце, што ён не толькі не выкарыстоўваў свой колер скуры для стварэння іміджу, але ўвогуле ўсяляк намагаўся абыходзіць расавыя пытанні, канцэнтруючыся замест гэтага на праблемах, якія стаяць перад усёй Амерыкай. Больш за тое – чым больш актыўнай рабілася кампанія, тым старанней кандыдат імкнуўся пазбягаць таго, каб яго наўпрост звязвалі з негрыцянскім рухам, многія з дзеячоў якога, заслужана ці не, для многіх амерыканцаў выглядаюць радыкаламі.

Уявіце сабе, што беларускамоўны палітык, набраўшы папулярнасць, раптоўна пачынае пазбягаць кантактаў з апазіцыйнымі партыямі ды рухамі, абыходзіць у прамовах «моўныя» пытанні, а ў інтэрв’ю «Першаму музычнаму» раіць маладым апазіцыянерам узяцца за розум (запрошаны на тэлеканал MTV, Абама параіў афраамерыканскай моладзі кінуць моду насіць прыспушчаныя порткі).

«Зазнаўся! Прадаўся! Здраднік!» – пачуе ён у свой бок.
Нядзіўна, што многія дзеячы амерыканскага чорнага руху дужа пакрыўдавалі на Абаму.

Парадаксальна, але на пачатку перадвыбарчай кампаніі апытанні паказвалі, што чорнае насельніцтва не так ужо і верыла ў поспех Абамы.

«Ніхто яго не пусціць да ўлады, а калі і пусцяць, то адразу заб’юць», – такая была логіка.
А яшчэ многія меркавалі так: «Хай Хілары Клінтан белая, але яна, прынамсі, мае болей шанцаў на перамогу, дык прагаласую за яе – абы толькі дэмакраты перамаглі». Падобным чынам той‑іншы з нас пачынае губляць веру у хоць нейкую верагоднасць таго, што беларускамоўны палітык калі‑небудзь атрымае поспех.

Але, калі шанцы Абамы на перамогу зрабіліся сапраўды рэальнымі, то нават самыя пакрыўджаныя суцішыліся – надта высокія былі стаўкі. Першы чорны прэзідэнт ЗША – гэта вам не жарты! А тое, што ён афраамерыканец – дык гэта бачна і без залішніх словаў.

У выніку, пытанне расы Абамы знікла як тэма, адышло на другі план. А на першы план выйшаў змест ідэяў маладога палітыка. Хілары Клінтан зрабіла стаўку на «досвед», а Барак Абама на «змены» – і гэтае кароткае слова зрабілася ключом да яго перамогі. Рэспубліканцы абрыдлі амерыканцам сваімі войнамі ды барацьбой з тэрорам. Людзям захацелася зменаў.

Напярэдадні мінулых парламенцкіх выбараў у верасні 2008 г. НІСЭПД правёў апытанне, з якога вынікала, што

большасць (61,8%) беларусаў не вераць, што ў краіне нешта зменіцца, і ў той жа час 52,2% жадаюць, каб гэтыя змены адбыліся.
«Змены, у якія мы можам паверыць», – такім быў дэвіз Барака Абамы. Акурат для нас.

Атрымліваецца, справа зусім не ў колеры гальштука, які пачэпіць сабе на шыю Бурак Абамчык. І, нават карыстаючыся расейскай мовай, ён не гарантуе сабе перамогі, а выбраўшы беларускую, не асудзць сябе на паразу (як, зрэшты, і наадварот). Галоўнае – натхніць беларусаў на веру ў змены. Ну і каб сам быў здольны. Як Абама.

0
Татьяна / Адказаць
20.01.2009 / 23:24
Для НН - Нашенькой Навинке (сожете поместить? или слабо, цезура дущит?) Барак Обама имеет платформу и победил он потому что ее защищал, имел команду толковых людей и люди поверили и поддержали эту платформу. Люди в Беларуси не верят потому что им никто никакой платформы не предлагает и даже не пытается. Пресса поддерживает - вот люди не поимают, какие то бабки ненавидят оппозицию, вот мы так пакутуем здесь в Беларуси, у нас тут все особое и особые трудности с населением - ну не верит оно в перемены и тд. Перемены нужно растить - бережно и неуклонно. Но, конечно, такими вот статьями с легким пренебрежением и смешком - типа и нам бы так было не плохо бы заиметь такого же президентика, премены не рождаются. Чему вы учите людей и куда вы им открываете окно? Просто подаете материал горяченьким с небольшой цензуркой для своего имиджика. Спросите хоть раз про то, что сможет сделать оппозиция для народа позитивное в плане экономики - что отстоять, про что написать, или что сможет сделать для социального сектора, по энергии и тд. Бурак Абамчык - не смешно а грустно,писаки!
0
Цікаўная / Адказаць
21.01.2009 / 00:54
Хто аўтар? АМАЛЬ ГЕНІАЛЬНА, А ХТО НАПІСАЎ, НЕВЯДОМА! Навошта хавацца?
0
ambers Цікаўнай / Адказаць
21.01.2009 / 03:52
напісана-А.Кудрыцкі
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру