Газета параўнала цэны ў Маскве, Нью-Ёрку і Брэсце.

Карэспандэнт радыёстанцыi Dеutsсhе Wеllе прайшоўся па крамах i iншых установах Нью‑Ёрка з сумай, эквiвалентнай 10 еўра, i прыкiнуў, што за гэтыя грошы можна купiць.

Інiцыятыву калегi падхапiў карэспандэнт «Известий» у Маскве i супаставiў кошт тавараў i паслуг з маскоўскiмi цэнамi.

А ваш карэспандэнт захацела параўнаць гэта з коштам прадукцыi ў самым заходнiм горадзе былога Савецкага Саюза, а цяпер Рэспублiкi Беларусь.
Калегi пачыналi з «ежы духоўнай», не будзем адступаць ад традыцыi. Так, у Нью‑Ёрку за азначаную суму пакупнiк прыгледзеў дзве кнiжкi — зборнiкi Джэка Лондана i О. Генры. У расiйскай сталiцы кнiгi названых аўтараў даражэйшыя. А ў нас, у трох кнiжных крамах, якiя я абзванiла, гэтых аўтараў не знайшлося наогул. Затое на 36 тысяч рублёў можна купiць дзве‑тры кнiжкi беларускiх аўтараў, як класiкаў, так i сучасных.

Нямецкi журналiст пахвалiўся, што за дзясятку ён наведаў знакамiты нью‑ёркскi «Метрапалiтэн», у Маскве Музей выяўленчага мастацтва iмя Пушкiна можна наведаць за палову гэтай цаны. А вось у нас музейныя цэны проста сiмвалiчныя — квiток у Краязнаўчы музей каштуе для дарослага адну тысячу рублёў, для дзiцяцi — паўтысячы, недарагi ўваход на выставы, розныя музейныя вернiсажы. Затое наведванне рэзiдэнцыi Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы якраз наблiжаецца да запаветных 10 еўра. Мае дзецi разам з класам ездзiлi напярэдаднi Новага года, давялося плацiць па 30 тысяч рублёў (сюды ўваходзiць i праезд з Брэста i назад).

Схадзiць у кiно ў Нью‑Ёрку i Маскве абыдзецца ў 7‑8 еўра. У нас у кiнатэатры «Беларусь» фiльм можна паглядзець за 1 еўра, каля 2 еўра — крыху больш за 6 тысяч — каштуе бiлет на прэм’ерны паказ. I на канцэрт класiчнай музыкi самыя дарагiя бiлеты дасягалi толькi 30‑35 тысяч.

Нямецкi «эксперыментатар» пахвалiўся, што ён добра пад’еў у нью‑ёркскiм рэстаранчыку за ўсю суму
, маскоўскi журналiст за абед заплацiў прыкладна столькi ж.
Брэсцкая не самая дарагая, але i нятанная кавярня «Стары горад» прапаноўвае абеды таксама ад 30 тысяч.

Ну а калi трэба не толькi пад’есцi? Амерыканскi калега купiў за 9 еўра паўтаралiтровую бутэльку добрага iтальянскага вiна, у Маскве столькi ж каштуе напалову меншая бутэлька такога ж напою. У нас добрае вiно таксама нятаннае, а вось гарэлкi можна купiць болей, чым у Амерыцы. Нямецкi калега нагледзеў бутэльку горкай 1,75 л за 10 еўра. Масквiч за гэту суму намерыўся купiць 5 паўлiтровак «Жытняй» i слоiк салёных агурочкаў. А ў нас, калi купiць 5 бутэлек вытворчасцi Брэсцкага лiкёра‑гарэлачнага завода, то на гуркi можа i не хапiць, а выйдзе толькi слоiчак кобрынскага зялёнага гарошку. Яблыкi ў нас каштуюць прыкладна як у Амерыцы, а вось апельсiны ў iх значна таннейшыя.

Ну а апранацца лепш за акiянам, у крайнiм выпадку — у расiйскай сталiцы. Фiрмовыя джынсы калега знайшоў у Нью‑Ёрку за 10 еўра, у Маскве столькi каштуюць турэцкiя. У Брэсце прыстойныя джынсы, прывезеныя з Турцыi праз Хмяльнiцкi, можна набыць за 80‑90 тысяч,

ну а фiрмовы тавар менш чым за 100 долараў не знойдзеш.

Можна паiранiзаваць, што ў многiм запавет Мiкiты Хрушчова — дагнаць i перагнаць Амерыку — мы выканалi.

Вось толькi з зарплатай трэба падцягнуцца
. Але калi на свае зарплаты мы набываем даражэйшыя джынсы i наогул умудраемся нядрэнна жыць, то невядома яшчэ, хто да каго павiнен па вопыт ехаць.

Святлана Яскевіч, Звязда