Цяперашняя беларуская дзяржава ніяк не вызначыцца, хто Каліноўскі ўласна для яе. Дапаможам жа разам зрабіць ёй правільны выбар, бо, як пісаў сам Каліноўскі,

«Не народ для ўрада, а ўрад для народа!».

Увосень адбудзецца перапахаванне паўстанцаў 1863—1864 гадоў, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні. Сярод іх тыя, хто ў якасці пароля выкарыстоўваў словы: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Дык узаемна!». Першы сярод іх — Кастусь Каліноўскі, да вобраза якога як да заступніка звяртаўся наш народ у найцяжэйшыя моманты ХХ ст., калі яго існаванне знаходзілася пад пагрозаю.

Постаць Каліноўскага, які спрычыніўся да паўставання незалежнай Рэспублікі Беларусь — адна з найбольш паважаных у беларускай гісторыі, ушанаваная ў вялікай колькасці твораў літаратуры і мастацтва. Нездарма ў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» (2019), выдадзенай Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, пра Каліноўскага сказана, што яго заклік змагацца «за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную» стаў нацыянальнай ідэяй беларусаў ХІХ — пачатку ХХ ст.

Аднак сёння супраць Кастуся Каліноўскага як сімвала змагання нашага народа з самымі разнастайнымі захопнікамі вядзецца сапраўдная «інфармацыйная вайна». У яе, відавочна, заангажаваныя і прадстаўнікі афіцыйных уладаў, якія намагаюцца дыскрэдытаваць вобраз аднаго з найважнейшых беларускіх нацыянальных герояў. Сведчанне таго не толькі падручнікі і выказванні асобных палітыкаў, але і імкненне праігнараваць і замаўчаць адну з найважнейшых падзеяў, сведкамі якой мы з’яўляемся, — знаходжанне парэштак Кастуся Каліноўскага і іх урачыстае перапахаванне.

Мы, неабыякавыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, абвяшчаем пачатак кампаніі Kalinouski2019.

Наша мэта — папулярызацыя вобраза Кастуся Каліноўскага. Мы заклікаем далучацца да кампаніі кожнага, хто неабыякавы да імя лідара паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі і Літве, каб годна прадставіць беларускі бок на ўрачыстасцях, якія маюць адбыцца 2 лістапада 2019 года на славутых віленскіх могілках Росы. Менавіта там будуць перапахаваныя парэшткі нашага нацыянальнага героя разам з іншымі паўстанцамі, забітымі ў Вільні ў 1863—1864 гадах.

Сведкам гэтай гістарычнай падзеі павінны быць як мага больш беларусаў!

У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі актыўна адбываецца ўшанаванне месцаў памяці, звязаных з падзеямі 155-гадовай даўніны. На сёння іх ужо амаль 60. У выніку актыўнай пазіцыі беларуская грамадскасць дамаглася напісання па-беларуску ўсіх прозвішчаў паўстанцаў, парэшткі якіх знайшлі ў Вільні падчас археалагічных раскопак у 2017—2019 гадах.

Кампанія Kalinouski2019 складаецца з некалькіх этапаў, прадстаўленых разнастайнымі мерапрыемствамі. Больш падрабязная інфармацыя будзе змяшчацца ў сацыяльных сетках:

Фэйсбук
Інстаграм
Суполка «Каліноўскі 2019»
Суполка «Каліноўскі — мой герой»

Мы прапануем далучацца да кампаніі Kalinouski2019 ўсіх зацікаўленых!

Гэта ўжо зрабілі гурт «Дзецюкі», які ў межах кампаніі прэзентуе песню «Час касінераў», вядомы вытворца патрыятычнай вопраткі LSTR, які выпусціў новы прынт «Gloria Victis» і «Беларуская музычная альтэрнатыва» (БМА group), якая ладзіць музычную кампанію «UZAJEMNA!/УЗАЕМНА!».

 

ПАКАЖАМ ЖА РАЗАМ, ШТО НАРОД, У ІМЯ ЯКОГА КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ ЎЗЫШОЎ НА ШЫБЕНІЦУ, ПАМЯТАЕ СВАЙГО ГЕРОЯ!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0