Прамы авіярэйс Мінск — Хельсінкі можа быць адкрыты ў 2009 годзе. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве і Фінляндыі (па сумяшчальніцтве) Уладзімір Дражын сёння на сустрэчы ў Беларускай гандлёва‑прамысловай палаце з парламенцкай дэлегацыяй Фінляндыі.

Паводле слоў дыпламата, гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы з кіраўніцтвам авіякампаніі Fin Air. Прадстаўнікі беларускага авіяперавозчыка НАК «Белавія» далі згоду, каб рэйс ажыццяўляў фінскі бок. «Мы мяркуем, што ў 2009 годзе можа адбыцца падпісанне адпаведнага пагаднення», — дадаў пасол.

Карыстаючыся выпадкам, Уладзімір Дражын звярнуўся да парламентарыяў з просьбай пасадзейнічаць адкрыццю авіярэйса, які дасць магчымасць пазбегнуць нязручнасцей, звязаных з неабходнасцю ляцець праз Рыгу.

Працягласць пералёту Мінск — Хельсінкі з наяўнасцю прамых авіязносін зменшыцца да 60 мінут (цяпер з улікам перасадкі — амаль 4 гадзіны).

«Былі вывучаны патокі магчымых пасажыраў і прызнана, што частка пасажыраў з Паўднёва‑Усходняй Азіі, якія ляцяць, як правіла, з аэрапорта Хельсінкі, будуць карыстацца гэтым рэйсам. Ён будзе запатрабаваны», — лічыць Уладзімір Дражын.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0