27 мая з раніцы ў Лепелі шукалі малое дзіця. Знік хлопчык Яраслаў, якому было 2 гады і 8 месяцаў.

Як паведаміў тэлеграм-канал Nexta, у міліцыю звярнулася мама хлопчыка: маўляў, малы знік, калі яны гулялі ў парку. Але пазней праверылі відэа: маці ішла адна. А затым знайшлі і самога Яраслава — у гаспадарчай пабудове нездалёк ад дома. Хлопчык быў мёртвы.

Тут знайшлі цела хлопчыка. Фота: СК

Тут знайшлі цела хлопчыка. Фота: СК

Пакуль невядомая прычына смерці малога. Мясцовая міліцыя не каментуе здарэнне.

Вядома, што хлопчык жыў з мамай Аленай. Ёй 23 гады, родам Алена з-пад Лепеля. Яна завочна вучылася на псіхолага ў Віцебску, пасля некаторы час жыла там з мужам Максімам. Нарадзілася дзіця — той самы хлопчык Яраслаў.

Праўда, пасля пара разышлася, абое вярнуліся ў Лепель. Сын застаўся з Алёнай. Максім, бацька малога, жыве з іншай жанчынай, Алена — з новым сужыцелем. Па словах сваякоў, Алена ўжо паспела зацяжарыць ад новага каханка.

Алена, мама хлопчыка.

Алена, мама хлопчыка.

Пра абаіх бацькоў сястра Максіма кажа коратка: «Бесталковыя». 

Максім — звычайны рабочы, працаваў то тут, то там. Алена не працавала нідзе, бо была ў дэкрэце.

Сястра Максіма абвінавачвае Алену ў злоўжыванні алкаголем. Сцвярджае, што бачыла жанчыну выпіўшай, нават калі тая гуляла з сынам. 

Цяпер з Аленай, найхутчэй, працуюць следчыя. У якім яна статусе, пакуль што невядома.

Праўда, сёстры Алены ў п’янстве вінавацяць яе былога мужа:

«Алена не п’е! А той Максім якраз аматар выпіць — прыходзіў з пляшкай піва праведваць сына. Расказваў усім, што ён апранае і абувае малога — а гэта рабіла Алена і я як хросная маці», — кажа сястра Алёны.

Недзе з год таму Алена і Максім разышліся. Аліменты Максім не плаціць, бо развод так і не афармлялі. Але хутка пазнаходзілі сабе новых каханкаў і нарабілі новых дзяцей: сужыцелька Максіма паспела нарадзіць ад яго. Алена сустрэла цяперашняга сужыцеля — Андрэя К. і таксама зацяжарала.

Андрэй працуе ў лясгасе.

Андрэй К.

Андрэй К.

«Харошы хлопец, Яраслаў яго нават татам пачаў называць», — кажа сястра Алены.

Па словах жанчыны, Андрэй на выходных быў дома, а раніцай 27 мая з’ехаў у камандзіроўку. Тэлефон у мужчыны выключаны.

Пазней Следчы камітэт паведаміў: і Алена, і Андрэй пад вартай. Смерць малога насіла крымінальны характар, цяпер мама хлопчыка і яе сужыцель падазраюцца ў забойстве. Заведзеная крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0