Міхаіл Герчык, фота Андрэя Лянкевіча

Міхаіл Герчык, фота Андрэя Лянкевіча

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра амаль забытага сёння беларускага пісьменніка Міхаіла Герчыка і апісвае свае ўражання ад прачытання яго кнігі «Непрыдуманыя гісторыі».

Я — пісьменнік, а значыць змушаны чытаць вельмі шмат. Значна болей, чым можа сабе дазволіць чалавек, што мае нармальную работу. Уласна, я за выняткам гэтага амаль нічога не раблю: толькі чытаю і пішу сам. Часам у пошуках рэдкага чытва я раскопваю сапраўдныя шэдэўры. Радзей натыкаюся на шэдэўры, якія былі напісаныя ў Беларусі і пра Беларусь, пра якія ўсе забыліся. І вось зусім рэдка здараецца так, што я выходжу на бліскучыя тэксты, пра якія ніхто асабліва і не ведаў аніколі. Сёння я раскажу вам пра адну такую кнігу. Вы не зможаце спампаваць яе за адзін клік у Гугле.

Калі вельмі каротка, у маім дзяцінстве быў такі знаны беларускі аўтар, Міхаіл Герчык. Ягоныя наклады перавышалі Караткевічавы.

Міхаіл Герчык: Не спадзяваўся выбрацца адтуль

Ён пісаў пераважна для дзяцей, але тое, як ён пісаў для дзяцей, абазначала ў ім неверагодны, горкаўскага памеру, талент. Тыя, каму цяпер 40-50 гадоў, з лёгкасцю прыгадаюць Герчыкавы «Сонечны круг» і «Аповесць пра залатую рыбку». Па шэрагу прычын, перш за ўсё праз тое, што пісаў Герчык па-руску, неўзабаве пасля распаду СССР на Міхаіла Навумавіча пачалі забывацца. Пасля смерці ў 2008-м ад яго застаўся хіба што артыкул у Вікіпедыі, на які не так проста выйсці. 

Дык вось, абсалютна выпадкова я натрапіў у сеціве на сляды той кнігі ўспамінаў, якую ў 2007-м годзе, у гэтым вось інтэрв’ю «Нашай Ніве», Герчык згадваў пад назвай «Мроі». Кніга, аказваецца, была ім скончаная да смерці, але ніколі не была выдадзеная (фрагмент быў апублікаваны ў 2005-м у амерыканскім рускамоўным часопісе Florida).

Цяпер гэты збор твораў ляжыць на асноўных інтэрнэт-бібліятэках, то шукайце «Герчик. Невыдуманные истории» і атрымлівайце асалоду.

«Непрыдуманыя гісторыі» — гэта нізка аповесцяў пра аўтарава паваеннае дзяцінства і сталыя гады, у якіх квяціста, смешна і страшна намаляванае паўсядзённае жыццё БССР. Калі вы хочаце даведацца пра тое, чым былі часы застою ў Мінску — пампуйце Герчыка. З яркасцю, супастаўляльнай з «Аўтаматам з газіроўкай» Уладзіміра Някляева, з тэксту прагляне савецкі абсурд. 

Таленавіты фільм Міхала Ідава «Гумарыст» — адно з апошніх удалых выказванняў пра застой — хуценька паблякне.

Ну вось, напрыклад, аповед пра тое, як у кастрычніку 1964-га наш герой, супрацоўнік дзяржаўнага выдавецтва і папулярны пісьменнік БССР, апынуўся ў Гродна, дзе яго ўключылі ў склад камісіі па знішчэнні сталінскай кніжнай спадчыны. Ён мусіў вызначаць, якія тамы, што ўхвалялі культ генералісімуса, руйнаваць, а якія — пакідаць. Дзякуючы Герчыку, дарэчы, не спалілі «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй Крапівы, Коласа і Глебкі 1953-га года, што (аказваецца) адкрываўся ўхвалай Іосіфу Вісарыёнавічу (пра тое, што кніжку пакінулі, Герчык вельмі шкадаваў, бо слоўнік, на ягоную думку, русіфікаваў і забруджваў нашу мову). Уначы Герчык уключае радыёпрымач і на польскіх хвалях чуе, што Хрушчоў адпраўлены ў адстаўку. Раніцай ён нягучна пераказвае навіну сваім гарадзенскім сябрам у рэстарацыі. Пара, мужчына і жанчына, што снедаюць за столікам побач, змаўкае.

А па вяртанні ў Мінск Герчыку паведамляюць, што ён больш не працуе ў выдавецтве «Беларусь», а ягоны новы раман прыбіраецца з выдавецкага плану назаўсёды. Таму што «ў Гродна зладзіў антысавецкі мітынг у рэстаране».

Ён бяжыць у ЦК, але там толькі пацвярджаюць рашэнне выдавецтва. Герчык спрабуе давесці, што абмеркаванне адстаўкі Хрушчова не з’яўляецца «антысавецкім мітынгам», але мінская культурная наменклатура з ім не згодная. І толькі пасля пагрозы выправіцца «шукаць праўду» ў Маскву Герчыка аднаўляюць на працы.

Чытаеш пра тое, як лёгка было трапіць «у дысідэнты» ў 1964-м, і часткова разумееш атмасферу ў Беларусі цяпер. Усё тое самае, толькі тая хворая на параною «наменклатура» канчаткова ўпэўнілася ў сваёй значнасці і найвышэйшасці. І ў Маскву «па праўду» ўжо не паедзеш: усе галоўныя дзядзі сядзяць тут. І адчуванне, што жыць у Беларусі надта вальней з апісаных Герчыкам часоў, не зрабілася.

Суды над «сектантамі» ў савецкім Мінску, на якія за палову гадзіны да пачатку важнага паседжання наганяюць курсантаў-міліцыянтаў, каб публіцы не хапіла месца; жанчына з малым дзіцем, жытло якой упадабаў следчы НКУС у 1946-м, і таму ён пляскае ёй у пашпарт пячатку, якая забараняе жыць у сталіцы БССР і абласных цэнтрах (і потым следчы, канечне ж, засяляецца ў яе дамок на вул. Магілёўскай) — усё гэта як бы і пра мінулае, і як бы не.

 Асноўная выснова з «Непрыдуманых гісторый» Герчыка: нічога ў гэтай краіне не змянілася. Цяпер усё роўна так, як было ў 1940-м, 1950-м, 1960-м. І, выглядае, гэтаксама ж будзе і ў 2040-м, і ў 2050-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?