Арменія зацвердзіла прадстаўленага Беларуссю кандыдата на пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Пра гэта паведамляе выданне News.am са спасылкай на прэс-службу ўрада Арменіі.

З 1 студзеня 2020 года дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась па прынцыпе ратацыі прыступіць да выканання абавязкаў генеральнага сакратара АДКБ. Аб ухваленні яго кандыдатуры прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў падчас візіту Зася ў Ерэван.

Ён назваў дасягненне дамоўленасцей «станоўчым», падкрэсліўшы, што функцыянаванне АДКБ «з'яўляецца адным з найважнейшых элементаў сістэмы бяспекі Арменіі», што робіць Ерэван зацікаўленым у эфектыўнай рабоце арганізацыі. Таксама ён падкрэсліў неабходнасць захавання балансу сіл у свеце і рэгіёне і выказаў надзею, што краіны-члены АДКБ будуць дзейнічаць у адпаведнасці з духам і літарай статута арганізацыі. «Арменія верная гэтаму прынцыпу», — дадаў ён.

Зась, падзякаваўшы Пашыняну за адабрэнне сваёй кандыдатуры і прыём, паабяцаў, што, знаходзячыся на пасадзе генеральнага сакратара, ён прыкладзе ўсе намаганні для развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — удзельнікамі Дагавора, а таксама павелічэння эфектыўнасці арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0