«У мяне заробак — 300 рублёў. Што вы з мяне ўсё вытрасеце, што яны прыйдуць і заб’юць, адное і тое ж — пайду лепш павешуся!» — гэта словы рэальнага чалавека, дырэктаркі прадуктовай крамы аднаго з невялікіх беларускіх райцэнтраў, якая праз махінацыі дзялкоў вінаватая лізінгавай фірме амаль 20 тысяч рублёў.

Гэтай безнадзейнай тырадай яна адказвала на пытанне афіцыйных крэдытораў, чаму не плаціць грошы па растэрміноўках за тэлевізар і мабільнік, якіх у яе, да таго ж, і няма — яны ўжо даўно прададзеныя махінатарамі з маржой у сотні даляраў.

І колькі беларусаў паклалі капейчыну ў кішэню махляроў, не скажа ніхто — можа, тысячы, можа, дзясяткі тысяч.

У чым тут справа?

Калі вы жывяце ў кватэры, то бачылі абвесткі «Грошы ў доўг! Усім! Толькі пашпарт!»: наўрад ці ў краіне знойдзецца пад’езд, на які не ляпілі такой пярэстай паперкі.

Фота зроблена на вуліцы Максіма Танка ў Мінску.

Фота зроблена на вуліцы Максіма Танка ў Мінску.

Нават калі вы і не думалі карыстацца паслугай, то варта ведаць, што вас ужо спрабуюць падмануць: ніякіх грошай «у доўг» ніхто не дае, насамрэч схема працуе зусім інакш.

Калі вам рэзка спатрэбіліся грошы і ад нявыкруткі вы набіраеце нумар з абвесткі, то вам прапануюць з пашпартам падысці ў найбліжэйшую краму з тэхнікай: хоць МТС, хоць «Пяты элемент», у залежнасці ад сумы.

Колькі вам там трэба? 2500 рублёў? Возьмеце тэхніку ў лізінг на 5000 рублёў, адразу на выхадзе з крамы аддасцё яе дзялкам, атрымаеце грошы і разбегліся — вось як гэта працуе. Выплачваць растэрміноўку — вам, а яны прададуць новую тэхніку з фірмовай гарантыяй па цане, троху ніжэйшай за рынак, і заробяць на вас тысячу даляраў, у асобных выпадках яшчэ і застаўшыся ў памяці надуранага кліента фінансавым рыцарам-выратавальнікам. Калі ж вы з правінцыі, дарэчы, то не спадзявайцеся нават на палову — атрымаеце траціну.

Як працуе гэтая схема? Аўтар «Нашай Нівы» праверыў на сабе, прыкінуўшыся чалавекам, якому тэрмінова трэба 2000 рублёў.

Доўга шукаць «крэдытора» не давялося — па адпаведным запыце ў інтэрнэце свет прапаноў, маштаб — любы горад краіны.

На наш запыт чалавек на тым канцы папрасіў усяго нічога — прыехаць у гандлёвы цэнтр Green з пашпартам і троху пачакаць каля стэндавай рэкламнай машыны.

На выгляд дзялку год 30, ён мажны і троху пакрыўленым носам. Прадстаўляецца Дзмітрыем.

«Па крэдытнай гісторыі не было праблем? Дзе працуеце?» — першае яго пытанне.

Хлусім, што ёсць растэрміноўка ў МТС за мабільны — «Гэта не лічыцца. Робіце на хлебазаводзе? Нармальна».

Дзмітрый (у чырвоных шортах) тлумачыць схему дзеянняў на падыходах да крамы з тэхнікай. 

Дзмітрый (у чырвоных шортах) тлумачыць схему дзеянняў на падыходах да крамы з тэхнікай. 

«Скажаце, што працуеце паўгода, — працягвае дзялок. — Заробак, секунду, палічу па плацяжах… Скажаце, што заробак у вас рублёў 700, там не правяраюць. На рукі выйдзе 1700, задаволіць вас? 2000 не выйдзе, там усё паразбіралі… Бацькі ёсць у вас? Калі не хочаце, каб ім званілі, скажыце нумар сябра, папярэдзьце, хай прыкінецца вашым братам. Яму пазвоняць з крамы, ён хай пацвердзіць, што вы працуеце, пра ваш заробак хай скажа так: «Я не ведаю, рублёў 700—800». Яму нічога не будзе, ніякай матэрыяльнай адказнасці».

Такі лікбез выпальвае Дзмітрый — бачна, што ставіць акцэнты на важным і абмінаць неістотнае ён ужо навучаны. Мы пакуль што нібыта не зусім разумеем, што трэба зрабіць, просім патлумачыць, адказ такі: «Узяць у лізінг тэхніку, якую я дашлю эсэмэскай». Пытае нумар і дасылае: узяць трэба Samsung Galaxy A10+ і разумны гадзіннік Samsung R800, каштуе гэта ўсё 3500 рублёў.

На гэтым моманце няўдалы камерсант пракалоўся: даслаў смс не з «рабочай» сімкі, па якой мы перагаворваліся, а з той, на якой у яго мэсэнджары, праз гэта мы ў будучыні вызначым ягоную асобу.

На гэтым моманце няўдалы камерсант пракалоўся: даслаў смс не з «рабочай» сімкі, па якой мы перагаворваліся, а з той, на якой у яго мэсэнджары, праз гэта мы ў будучыні вызначым ягоную асобу.

«Калі спытаюць, для каго бярэш, кажы, што для сябе: маўляў, даўно прыглядваў. Мабільнік бяры ў перламутравым колеры, гэта белы, калі што. Будуць прапаноўваць дадатковыя гарантыі — адмаўляйся», — сканчвае ён інструктаж.

— Дык можа вы са мной?

— Не, я не пайду.

— Чаму?

— Ну, са мной могуць не даць.

— Чаму?

— Ай, ідзі».

У чаканні кліента дзялок адпраўляецца гуляць па ГЦ.

У чаканні кліента дзялок адпраўляецца гуляць па ГЦ.

З гэтай размовы можна зрабіць выснову, што Дзмітрый схіляе мяне ўзяць тавар у лізінг і потым перадаць яму за нейкую суму грошай.

Але што такое лізінг?

Гэта максімальна простая сістэма крэдытавання, калі нават не трэба збіраць даведкі з работы, шукаць паручальнікаў. Праверка плацежаздольнасці мінімальная.

Але паводле дамовы лізінгу, тавар належыць лізінгавай кампаніі да таго моманту, пакуль вы не зробіце фінальны плацеж. Мабільнік і гадзіннік, такім чынам, не мая ўласнасць, і Дзмітрый пра гэта цудоўна ведае.

У пункце дамовы з кампаніяй наўпрост напісана: «Кліент не мае права перадаваць тавар у часовае карыстанне ці ўласнасць трэцім асобам». Пакаранне такое: «У выпадку адчужэння тавару ў любой форме лізінгадаўца мае права запатрабаваць выплаты штрафу ў памеры да 100%».

Кажучы проста, калі чалавек пратэрмінуе выплаты і лізінгавая кампанія папросіць яго вярнуць тавар, а таго не акажацца, то ўсё: 3500 рублёў растэрміноўкі ператворацца ў 7000 рублёў, не ўлічваючы штрафаў за пратэрмінаваныя плацяжы і ўсё астатняе.

Гэта сапраўдная кабала. Так, нават з атрыманай «у доўг» тысячы можна літаральна за пару месяцаў застацца вінным дзесяць, калі не плаціць своечасова.

Менавіта пра гэта казала тая дырэктарка, якую мы цытавалі ў пачатку матэрыялу. Яна ўзяла ў лізінг мабільнік і тэлевізар, які і без таго каштуе як крыло самалёта, атрымала ўтрая менш, а неўзабаве будзе павінна лізінгавай кампаніі $10 тысяч.

Але праблема з’явы мае больш граняў, чым звычайныя адносіны між крэдыторам і заёмшчыкам.

Калі глянуць на гэта з гледзішча дзяржавы ці прадпрымальніка, то што атрымліваецца? Існуе нейкая група дзялкоў, якая пусціла карані па ўсёй краіне, не плаціць падаткаў, не стварае працоўных месцаў, не сплачвае ПДВ, атрымліваючы пры гэтым звышпрыбыткі!

Дзе вы бачылі такі прыбытак за адзін дзень?

Купіць новы тэлефон з афіцыйнай гарантыяй (яе ж выдаюць крамы) за 1000 рублёў, калі каштуе ён 2000 рублёў, а потым прадаць, хай, за 1800 рублёў. Восемсот рублёў прыбытку з адной толькі ўгоды!

Адметна, што і беларусы страцілі свой сялянскі інстынкт — як можна аддаць тавар за паўцаны, калі ты сам можаш прадаць яго даражэй?

У законах няма рэальных механізмаў, па якіх можна было б прыцягнуць такіх дзялкоў да адказнасці. І гэта нарадзіла ў іх пачуццё поўнай беспакаранасці і адкрытасці: атрыманы махлярскім чынам тавар рэалізуецца потым на розных інтэрнэт-пляцоўках, у сацыяльных сетках.

Ілюстрацыя законнасці таго, што адбываецца: забіраць тэхніку і разлічвацца Дзмітрый кліча на паркоўку, далей ад чужых вачэй, дзе ні чалавека. 

Ілюстрацыя законнасці таго, што адбываецца: забіраць тэхніку і разлічвацца Дзмітрый кліча на паркоўку, далей ад чужых вачэй, дзе ні чалавека. 

Адсачыць рэальны аб’ём такога шэрага дэмпінгаванага рынку на практыцы немагчыма: мы пагаварылі і з прыватнымі прадпрымальнікамі, і з лізінгавымі кампаніямі.

Першыя кажуць, што нанесеная ім шкода ў выглядзе недаатрыманага прыбытку ёсць, але ацаніць яе цяжка, бо кліенты проста не даходзяць да крамы: «Які дурань пойдзе браць тэлефон, у цану якога ўключаныя ўсе зборы, калі ў інтэрнэце можна купіць такі самы танней?»

А ці могуць ацаніць памеры такіх угодаў лізінгавыя кампаніі? Пра гэта мы папрасілі расказаць супрацоўніка кампаніі, дзе мы афармлялі тэлефон і гадзіннік.

Ён кажа, што пра схему яны ведаюць і таксама ад яе церпяць — зацікавіліся тады, калі адна з іх работніц расказала пра тое, што нейкі чалавек прапануе ёй новы «Айфон» за спрыянне ў заключэнні ўгодаў — яна мусіць ухваляць лізінг тым людзям, якіх ён прыводзіць.

«Зыходзячы з нашага досведу, угоды па схеме «Грошы ў доўг» заключаюцца на сумы большыя за 500 рублёў. Частка людзей рэальна сплачвае гэтыя крэдыты. Таму возьмем да ўвагі ўгоды на суму больш за 500 рублёў з неплацежаздольнымі кліентамі.

Аналіз угодаў з верасня па снежань 2018 года ў чатырох пунктах афармлення дамоваў у Мінску паказаў, што з усёй запазычанасці больш за 46% складае запазычанасць, якая ўтварылася ў выніку схемы «Грошы ў доўг», — тлумачыць юрыст кампаніі. 

Гаворка вядзецца толькі пра адну сеткавую краму, а насамрэч толькі ў Мінску іх мноства: салоны «МТС», «Вэлком», «Пяты элемент», «Электрасіла» і гэтак далей, а крэдытаваннем займаюцца пад дзясятак арганізацый.

Ці спрабавала кампанія звярнуцца ў органы? 

Так, і нічога не атрымалася. 

«Праваахоўныя органы адмаўляюцца заводзіць крымінальныя справы ў дачыненні да арганізатараў схемаў «Грошы ў доўг» праз адсутнасць складу махлярства і наяўнасці грамадзянска-прававых адносін. Органы дзяржаўнага кантролю, уключаючы ДФР і падатковыя інспекцыі, таксама не бачаць падстаў праводзіць разбіральніцтва па факце наяўнасці ў схеме «Грошы ў доўг» прыкмет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, нясплаты падаткаў, легалізацыі грашовых сродкаў, здабытых злачынным шляхам. Імаверна, прычына ў тым, што неабходна сабраць дастатковую доказную базу, што цяжка і доўга. У выніку ніякіх перашкодаў для дзейнасці такіх асоб няма», — выказвае здагадку па выніках зваротаў прадстаўнік кампаніі.

Няўжо і сапраўды нічога нельга зрабіць і такія дзялкі могуць і надалей беспакарана нажывацца, нічым не рызыкуючы?

Гэта нам патлумачыў пракурорскі работнік, які просіць не называць яго імя.

«Гэтая схема першапачаткова з’яўляецца незаконнай, але даказаць яе незаконнасць вельмі цяжка — парадокс! — кажа ён. — Што тут за склад злачынства? Па-людску тут відавочнае махлярства, юрыдычна ж склад будзе тады, калі будзе даказана, што махляр прымусіў чалавека ўзяць тавар, а потым аддаць яму за маленькую суму, ведаючы, што тавар не належыць яму на праве ўласнасці. Для гэтага патрэбна заява ад пацярпелага, бо справа па махлярстве заводзіцца пры наяўнасці пацярпелых. Далей будзе задачай даказаць, што сапраўды быў прымус, што махляр сапраўды ведаў, што таму чалавеку, у каго ён бярэ тавар, тэхніка не належыць. Зрэшты, пытанне і да фармулёўкі «доўг». Які ж гэта доўг, калі тэхніка не сыходзіць у заклад, а адбіраецца? Тут таксама ёсць прыкмета махлярства — чалавека свядома ўводзяць у зман, абяцаючы нейкую форму закладу, хаця гэта не так. А з гледзішча, напрыклад, падатковых органаў, каб завесці справу, трэба даказаць нясплату падаткаў у буйным памеры — гэта тысяча базавых велічынь, або 25 500 рублёў, і гэта толькі падаткаў! Падлічыце цяпер, на якую суму тады трэба, каб было зроблена ўгодаў, і ўсё гэта — адным чалавекам, і ўсё гэта — зафіксаваць».

«Але законы не высечаныя ў камені раз і назаўжды, яны эвалюцыянуюць разам з эвалюцыяй грамадства, прэцэдэнтамі новых злачынстваў і хібамі існых сістэм. Была б воля і запыт — такую махлярскую схему заканадаўча можна хутка крыміналізаваць, каб следчыя не ламалі галаву, як прыцягнуць такога дзялка да адказнасці па ўсёй строгасці. Аб’ектыўна следчаму сёння выгадней заняцца справай, у якой ён бачыць перспектыву, а не вось гэтым. Што датычыць абвестак у інтэрнэце, то тут таксама ўсё проста: спайс вы па інтэрнэце не купіце, напрыклад, вам такую прапанову проста не пакажуць. Тэхнічна гэта проста», — дадае пракурор.

Варта таксама ўспомніць, што ў момант, калі наш журналіст заключаў угоду на мабільнік і гадзіннік (потым мы яе скасавалі), побач спрабавалі аформіць лізінг дзве асобы, чые твары выдавалі лад жыцця. Ім, праўда, адмовілі. 

Але аператар падзяліўся з намі хітрыкамі махінатараў з такой катэгорыяй — маргіналамі. 

«У такую пастку трапляюць не толькі людзі ўмоўна прыстойныя, але наіўныя, — расказала дзяўчына. — Была гісторыя, калі да мяне за гадзіну прыйшло тры чалавекі, я адмовіла ім у выдачы.

Ад кіраўніцтва быў запыт: чаму тры адмовы, калі нібыта людзі працуюць, з анкетай усё добра? Дык яны ўсе ў адным пінжаку былі! Я так разумею, што гэтыя махляры проста бралі нейкіх алкаголікаў і, каб надаць ім прэзентабельны выгляд, накідалі пінжак і адпраўлялі браць крэдыт.

Было відавочна, што яго вяртаць ніхто не збіраецца. На што б гэтыя людзі пусцілі атрыманыя капейкі, таксама відавочна», — расказала нам супрацоўніца лізінгавай кампаніі ў адным з гандлёвых цэнтраў.

Варта адзначыць, што такія дамовы заключаюць і банкі. Але тут ёсць нюансы: праз спецыфіку прэміравання супрацоўнікаў часам складваецца спрыяльная для махляроў сітуацыя.

«Палачная сістэма ў банкаўскай сферы ў нейкім выглядзе існуе, яна патрэбна і для матывацыі. На практыцы гэта азначае, што твой заробак будзе залежаць ад колькасці заключаных угодаў, або ад працэнту па ім. Гэта азначае, што калі біяграфія чалавека выглядае больш-менш прымальнай для выдачы лізінгу, то яму, найхутчэй, яго дазволяць. Ці бярэ ён тавар для сябе, ці расплаціцца за яго — гэта ўжо праблема не аператара. Ён, можа, ужо звольніцца, калі калектары банка пачнуць спаганяць грошы», — патлумачыла нам супрацоўніца аднаго з банкаў.

Замкнёнае кола. 

Як жывуць дзялкі? 

Дзялкі нічога не баяцца, а часам пакідаюць сляды. Таму пры пэўным жаданні можна знайсці іх акаўнты ў сацыяльных сетках.

Той самы Дзмітрый падставіўся, і мы праз нейкі час змаглі дакладна вызначыць ягоную асобу. 

З іменем ён не падмануў — сапраўды Дзмітрый, прозвішча — Дудко. 

Яму 33 гады, вырас у Мінску і скончыў тут школу. Мае дзяцей. 

Некалі Дзмітрый меў ІП, але быў выключаны з рэестра прадпрымальнікаў на пачатку года «ў сувязі з неажыццяўленнем дзейнасці больш за 12 месяцаў».

Афіцыйна ён нідзе не ўладкаваны, бізнэсу афіцыйна не вядзе прынамсі паўтара года. 

На якія грошы тады ён вядзе багаты лад жыцця? Гэта загадка з відавочным адказам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?