29.05.2019 / 17:47

Новы прэзідэнт Літвы: Заходні лад жыцця не выклікае сумневаў. Думкі пра «трэці шлях» наіўныя 9

Абраны прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наблізіўся да нацыянальнага рэкорду, сабраўшы ў другім туры выбараў дзве траціны галасоў выбаршчыкаў. Ён выступае за сацыяльную роўнасць, пашырэнне прысутнасці жанчын ва ўладзе, прызнанне расійскай агрэсіі — і сяброўства з рускім народам, гаворыцца ў інтэрв'ю ВВС.

Наўседа прыйшоў у палітыку з прыватнага банкаўскага сектара. Ён называе сябе незалежным кандыдатам, яго не падтрымлівала ні адна партыя, а ўсе 130 тысяч еўра ахвяраванняў на выбарчую кампанію Наўседа атрымаў ад прыватных асоб.

Адзіная сувязь з палітыкай — праца з экс-прэзідэнтам Літвы Валдасам Адамкусам. Яны пазнаёміліся ў 2003 годзе: падчас перадвыбарчай кампаніі Адамкуса Наўседа быў яго пазаштатным дарадцам. Абраны прэзідэнт Літвы прызнае ўплыў папярэдніка.

Займацца экспартам дэмакратыі на постсавецкай прасторы Наўседа не збіраецца: «Я думаю, што самі людзі Украіны і іншых краін павінны вырашаць гэтую праблему, наўрад ці экспарт нейкі дэмакратыі — найлепшая альтэрнатыва. Але дзяліцца тымі набыткамі, якія атрымала Літва з уступленнем у ЕС… Гэта заходнія каштоўнасці — мы павінны дзяліцца, а людзі самі вырашаць»

Гітанас Наўседа, фота wikipedia.org

«Расія — агрэсар»

Расію абраны прэзідэнт Літвы лічыць агрэсарам з-за падзей у Крыме і на ўсходзе Украіны.

«Гэта непрымальна. Мая палітыка ў дачыненні да Расеі наўрад ці зменіцца, — распавёў ён. — Наўрад ці магчыма падтрымліваць цёплыя адносіны з краінай, якая, на жаль, цяпер з'яўляецца агрэсарам у адносінах да Украіны».

Жыхары Расеі, дадаў ён, не павінны лічыць Літву ворагам.

«Хацелася б не выкарыстоўваць такія тэрміны, якія… былі б непрыемныя для людзей Расіі. Калі мы выкарыстоўваем моцныя тэрміны, гэта яшчэ і перадаецца праз СМІ Расеі ў такім выглядзе, што складваецца імідж Літвы як ворага, — растлумачыў ён. — Думаю, людзі павінны стасавацца, абменьвацца досведам… Хацелася б пабольш бачыць у Літве спектакляў выдатнага рускага тэатра, класічнай музыкі».

Наўседа не лічыць расейскую мову часткай палітыкі, называе яе «набыццём» і гатовы гаварыць з журналістамі ў тым ліку па-руску — многія балтыйскія палітыкі не робяць гэтага па прынцыповых меркаваннях.

«Было б вельмі наіўна звязваць мову з геапалітыкай, калі са мной хочуць камунікаваць на рускай мове, я спрабую гэта рабіць. Навыкі трохі зменшыліся — не так шмат падстаў гаварыць на рускай, — сказаў Бі-бі-сі абраны прэзідэнт Літвы. — Калі некаторыя людзі кажуць, можа, лепш размаўляць на англійскай мове, я тады пытаюся: а вы чытаеце Дастаеўскага на англійскай? Напэўна, калі вы можаце гаварыць на абедзвюх мовах, вы хацелі б чытаць Дастаеўскага на рускай».

Ліберальная роўнасць

Знешняя палітыка не была ў цэнтры выбарчай кампаніі Наўседы. У Літве ён у першую чаргу вядомы як эканаміст: у пачатку 1990-х вёў эканамічную калонку ў літоўскай газеце, працаваў у радзе па канкурэнцыі, уваходзіў у кіраванне Банка Літвы, быў галоўным эканамістам банка SEB, актыўна каментаваў у СМІ эканамічныя пытанні.

У пачатку 1990-х Наўседа вучыўся ў Германіі — кажа, менавіта там ён заразіўся ідэямі вольнага рынку і ліберальнай эканомікі.

«Там я зразумеў, што заходні лад жыцця, рынкавая эканоміка з'яўляюцца менавіта тым шляхам, які не выклікае ні найменшых сумненняў, а тым часам мелі месца наіўныя думкі пра нейкую сярэдзіну або трэці шлях — поўны абсурд. Мае заходнія погляды сёння толькі ўзмацняюцца», — цытуе Наўседу літоўскі сайт Delfi.

Наўседа прызнае сябе ліберальным эканамістам у адносінах да прыватнай уласнасці: дзяржаўная ўласнасць павінна быць толькі там, дзе ёсць манаполія.

«Што тычыцца рэгулявання, то я хутчэй кансерватыўны, чым ліберальны. Я бачу, што сацыяльная дыферэнцыяцыя ў Літве не знікае з эканамічным ростам. Я падтрымліваю актыўную ролю дзяржавы ў рэгуляванні, падтрымліваю прагрэсіўныя падаткі — гэта, напэўна, адносіць мяне да сацыял-дэмакратычнай часткі», — сказаў Наўседа Бі-бі-сі.

Барацьба з сацыяльнай няроўнасцю і адрозненнямі ва ўзроўні жыцця ў рэгіёнах краіны сталі цэнтральнай часткай перадвыбарчай кампаніі Наўседы.

Каталікі, геі і жанчыны

У сацыяльных пытаннях Наўседа хутчэй кансерватыўны — аднаполыя шлюбы ён не падтрымлівае, лічыць, што пакуль лепш спыніцца на партнёрскіх адносінах.

«Я за правы чалавека. Але я бачу, што наша каталіцкая грамадскасць пакуль не гатовая. Я не хацеў бы, каб гэты працэс быў штучна актывізаваны, каб гэтым людзям жылося яшчэ горш, чым да прыняцця гэтага рашэння», — патлумачыў абраны прэзідэнт Літвы.

А вось рост ролі жанчын ва ўладзе ён падтрымлівае — кажа, гэты ўплыў скандынаўскіх банкаў, у якіх ён прапрацаваў 19 гадоў: «Ненармальна, калі ў нашым урадзе адны мужчыны».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

73
Serg / Адказаць
29.05.2019 / 18:09
Прибалтика ничего не меняет. Ее роль вредить России и новым объединением на постсоветском пространстве.
4
фелікс / Адказаць
29.05.2019 / 18:53
Serg, а Абама не стамляецца сікаць у расейскіх пад'ездах.
6
Ёпрст / Адказаць
29.05.2019 / 19:06
Serg, не смяшы. Расея дэградыруючы хутар планеты, але усё роўна лезе за свае межы, нават са зброяй і забіваючы людзей! Засранцы - адно слова!
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру