Паўтара месяца таму 28-гадовы Уладзімір стаў дырэктарам Гудагайскай сярэдняй школы. І ўвесь гэты час жыве ў шалёным рытме. З намі ён гутарыць, паралельна падпісваючы граматы, прымаючы настаўнікаў у кабінеце і адказваючы на тэлефанаванні.

Як малады фізік папрасіўся на размеркаванне ў Астравец, навошта ён насіў у заплечніку спірт, ці прызнаваліся яму вучаніцы ў каханні і як да новаспечанага кіраўніка ставяцца старэйшыя калегі — «Наша Ніва» запісала гісторыю аднаго з самых маладых дырэктараў беларускіх школ.

«Мой рэкорд — сем двоек за адзін урок»

— Курткі можаце павесіць сюды, — адкрывае дырэктар шафу ў прыёмным пакоі. — Вы ўжо прабачце, што няма часу як след вас прыняць: столькі спраў. Мне на ўрок пара.

Уладзімір Мікалаевіч узбягае па прыступках на другі паверх. У класе яго чакаюць сямікласнікі: у іх сёння апошні занятак па фізіцы, і дырэктар абяцаў паказаць эксперыменты. «Абяцаў — значыць, будуць», — усміхаецца Мікалаевіч. І на 45 хвілін пераўтвараецца ў фокусніка, які можа перавярнуць шклянку з вадой, накрытую аркушам паперы, і не праліць ні кроплі і дазваляе дзецям лопаць шарыкі — усё дзеля навуковага інтарэсу.

— Я не тэарэтык, а практык. Многія эксперыменты бяру з савецкіх падручнікаў. Раней у мяне ў заплечніку заўсёды ляжалі запальнічка і спірт, каб у любы момант на вопыце можна было спіртоўку заправіць, — расказвае Уладзімір.

Папярэджвае, што не заўсёды такі добры на ўроках: калі дысцыпліна кульгае, можа і насварыць. Двойкі таксама ставіць.

— Рэкорд, напэўна, сем за адзін урок. Дзеці непадрыхтаваныя былі. Але мне сказалі, я яшчэ не пабіў рэкорд раёна, — дзеліцца дырэктар. — Двойка — гэта не за веды, а, хутчэй, за стаўленне да прадмета. Часам яе трэба паставіць у мэтах выхавання, каб дзіця зразумела, што неабходна працаваць. Не дарма ж ходзіць прымаўка: вучань без двойкі што салдат без вінтоўкі.

«Сказалі, што з маім зрокам у хірургію не возьмуць, і я пакрыўдзіўся на ўсіх»

Уладзімір родам з Ашмянаў. Рос сціплым і цікаўным хлопчыкам і збіраўся стаць будаўніком, як бацька. Потым сям’я і знаёмыя параілі ісці ў медінстытут: Уладзіміру добра давалася біялогія, у 11 класе ездзіў на абласную алімпіяду па ёй.

— Але мне сказалі, што з маім зрокам у хірургію не возьмуць. Я пакрыўдзіўся на ўсіх і вырашыў: раз не бяруць, пайду тады на фізіка-тэхнічны факультэт, — успамінае мужчына.

Ён паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы — на выкладчыка фізікі і інфарматыкі. Быў шанец падацца ў навуку (год студэнт вучыўся па абмене ў Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце), але Уладзімір зразумеў: не яго. «Можна 15—20 гадоў ісці па адной дарозе і верыць, што ты зараз зробіш адкрыццё, а ў выніку нічога не здзейсніць і вельмі расстроіцца».

На пятым курсе студэнт ажаніўся. І яго, і жонку, якая вучылася на медыка, чакала размеркаванне. Балы дазвалялі выбіраць. У Горадню маладым спецыялістам было не ўбіцца, таму разглядалі два варыянты: Ліду (бо горад вялікі) або Астравец (перспектыўны). З’ездзілі, паглядзелі, як будуецца будучы горад атамшчыкаў, і вырашылі: пасуе.

— Я калі на размеркаванні сказаў «Астравец», на мяне вось такімі вачыма паглядзелі: ніхто ж туды ехаць не хоча! А я ні кропелькі не шкадую.

Спачатку Уладзімір выкладаў фізіку ў Гудагайскай школе, потым перавёўся ў горад. У жніўні падняўся да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. А калі ў верасні ў Гудагаі школа засталася без кіраўніцы (папярэдняя пераехала ў Мінск), мужчыну паклікалі туды.

— Мне прапанавалі пасаду ў снежні — дагэтуль шукалі іншых, больш дасведчаных, але не знайшлі. Работа такая, што не кожны падпішацца, не так гэта ўсё проста. Я зараз разумею, што намеснікам па выхаваўчай рабоце вельмі нават добра было, — смяецца.

— Я шчыра прызнаўся: калі б мне далі яшчэ тры гады намеснікам папрацаваць, прыйшоў бы да вас добры дырэктар. А так будзе цяжка і мне, і вам.

Калектыў узрост кіраўніка не збянтэжыў. Наадварот, жартуе Уладзімір, гудагайскія педагогі не маглі яго дачакаць. Усё пыталіся: ну калі?

— Я 8 сакавіка яшчэ не быў дырэктарам школы, але ўжо віншаваў калектыў у відэароліку.

Самым складаным на новай пасадзе аказалася зусім не запаўняць паперы, а аператыўна рэагаваць на пазаштатныя сітуацыі.

— Вось уявіце: адзін выкладчык захварэў. Расклад адразу мяняецца. А дзеці падвазныя. Здавалася б: раней развязём. Але ж нашы аўтобусы забіраюць і дзяцей з садкоў. А як там скарачаць дзень? Бацькі на працы, ніхто не забярэ. І трэба хутка вырашаць такія задачы.

З бацькамі вучняў і калегамі, кажа дырэктар, канфліктаў пакуль не было. «Я чалавек добры і адкрыты, заўсёды стараюся ўсім дапамагчы. Ніколі не баюся падстаўляць сваю шыю, калі я камусьці штосьці не так параіў».

Ці радаваўся ён новай пасадзе? Уладзімір адмахваецца: для яго куды большы гонар, калі яго вучні здаюць ЦТ па фізіцы на 98 балаў ці атрымліваюць дыплом на навукова-практычнай канферэнцыі.

— Заробак тут велізарны? Хапае на жыццё, не скарджуся — я і настаўнікам, калі быў заняты больш чым на стаўку, нармальна атрымліваў. Але, калі чалавек працуе ў адукацыі, то часцей таму, што яму тут падабаецца. Бо сысці дзесьці зарабляць у іншай галіне нашмат прасцей.

«Ёсць меркаванне, што ў кабінет дырэктара павінны прыйсці і ахнуць»

Кабінет дырэктара выглядае сціпла: шпалеры ў кветкі, просты пісьмовы стол, камода з вучнёўскімі ўзнагародамі.

— А дзе ваша дырэктарскае скураное крэсла? — жартуем.

— Вось як у класах будзе ўсё ў парадку, тады і куплю, — усміхаецца ў адказ Мікалаевіч. — Ёсць такое меркаванне, што ў кабінет дырэктара павінны прыйсці і ахнуць. Не, лепш хай тут будзе сціпла, але я прывяду госця ў школьны музей, кабінеты з мультымедыйнымі дошкамі. Пакажу, што дзецям ёсць на чым вучыцца, а не мне на чым сядзець.

У планах новаспечанага дырэктара — зрабіць рамонт у школе, паставіць для дзяцей альтанкі на прыпынку. У арганізацыю працы Уладзімір таксама хоча ўнесці змены, але пакуль не разгалошвае задуманае.

— Разумееце, у нас будуюцца новыя ўстановы, і частка педагогаў, магчыма, перавядзецца туды. Плюс прыйдуць маладыя спецыялісты. Жнівень будзе гарачым, калі ў нас пачнецца ператасоўка кадраў. Вось тады буду планаваць.

Парнікоў і агародоў у школы няма, але дырэктар мяркуе, што яны былі б не лішнімі — дзецям трэба прывыкаць да працы на зямлі.

— Будучы выкладчыкам, я ездзіў з вучнямі і бульбу выбіраць, і лес садзіць. Ніколі не стаяў убаку: маўляў, дзеці працуюць, а я кантралюю, каб кагосьці лапатай не ўдарылі.

Па назіраннях Уладзіміра, вясковыя школьнікі шчырэйшыя і больш працавітыя, чым гарадскія. А тое, што кожнае пакаленне адрозніваецца ад папяпэрэдняга, — гэта правільна. «Галоўнае — каб была павага да старэйшых. У гэтым плане мне падабаюцца ўсходнія дзяржавы. Уявіце: чалавеку 25 гадоў, а ён баіцца купіць цыгарэты, бо тата даведаецца».

Уладзімір па натуры эксперыментатар. Расказвае, што ў розных класах у яго розны падыход.

— Я не люблю, калі перад выкладчыкам усе сядзяць трасуцца. На ўроку школьнік мусіць працаваць. Павінны быць давяральныя адносіны з настаўнікам.

У мяне быў клас, да якога на ўрок перыядычна «прыязджаў Воўчык». Я прызначаў, хто сёння са школьнікаў будзе выкладчыкам, а сам садзіўся за парту і быў шкодным вучнем Воўчыкам.

Не скажу, што гэты прыём паўсюль можна выкарыстоўваць, але ў тым класе ён дапамог дысцыпліну палепшыць. Потым дзеці пыталі: «Уладзімір Мікалаевіч, а сёння Воўчык прыедзе?» — «Не, ён у санаторыі».

Класным кіраўніком, дарэчы, Уладзімір не быў: заўсёды адмаўляўся. Кажа, што педагогам, якія пагаджаюцца на такое, гатовы пакланіцца, бо прасцей узяць лішнюю нагрузку і атрымліваць за яе даплату, чым адказваць за калектыў дзяцей.

Ці прызнаваліся маладому выкладчыку ў каханні? Уладзімір задумваецца: не, такога не здаралася.

— Нават неяк крыўдна. Пісалі перыядычна ў сшытках: «Ну Уладзімір Мікалаевіч, не стаўце двойку», але каб у каханні хтосьці прызнаваўся ці дзяўчаты млелі ад мяне — не. Калі ў гарадзенскай школе працаваў, там іншых маладых хапала, было, напэўна, з каго выбіраць, — смяецца.

Памыліцца перад вучнямі дырэктар не баіцца. І таго, што з яго могуць пасмяяцца, таксама. Але перажывае, што як фізік страчвае спрыт.

— Пачаў заўважаць, што ў школе крыху дэградую. Бо, калі ты студэнт, навуковыя працы пішаш, мазгі кіпяць. А тут паступова ўсё забываецца. Я тады сябе лаўлю на думцы: так-так, трэба штосьці рабіць. Выкладчык, які ведае толькі школьную праграму, — гэта дрэнны выкладчык.

«Мікалаіч, што ты робіш у школе, ідзі на БелАЭС»

Жонка Уладзіміра працуе тэрапеўтам у цэнтральнай раённай бальніцы Астраўца. Калі маладая сям’я толькі прыехала па размеркаванні, жыла ў бацькоў у Ашмянах. Потым ужо атрымала арэндную «двушку». Чым пары падабаецца Астравец, ад якога ўсе шарахаюцца?

— Горад развіваецца, перспектыў шмат. Пытанне працы адпадае: не атрымаецца тут у школе — паспрабую ў іншым месцы, — тлумачыць дырэктар. — Мне часта казалі: «Мікалаіч, што ты робіш у школе, ідзі на БелАЭС». Я ж, паколькі ў маскоўскі інстытут ездзіў, мог бы быць фізікам-ядзершчыкам. Сачыць за эксперыментамі, здымаць паказанні — такая навуковая праца на тэрыторыі атамнай станцыі. Ёсць магчымасць туды сысці, ведаю, што людзі з менш адпаведнай адукацыяй там працуюць. Але пакуль у мяне іншыя планы.

Па Астраўцы з дазіметрам Уладзімір не бегаў. АЭС пад бокам яго не пужае. Мужчына аргументуе: 100 гадоў таму, як з’явіўся першы паравоз, усіх спачатку вазілі бясплатна, бо людзі баяліся гэтай велізарнай дыхаючай машыны. А цяпер жа цягнікоў ніхто не баіцца.

— Я не перажываю за атамную станцыю, ведаючы, як яе будуюць. Калі тэрміны адсоўваюцца, гэта добра. Не таму, што «ай, можа, яе не пабудуюць», а таму, што якасна робяць. Адзінае, што хвалюе, — дзе будуць захоўвацца ядзерныя адкіды, бо гэта пытанне яшчэ не вырашана.

…Уладзімір пазірае на гадзіннік: яму трэба паспець у аддзел адукацыі — пракансультавацца па афармленні папер. А яшчэ ўладзіць пытанні з бухгалтэрыяй, правесці ўрок, забраць трохгадовага сына з садка, бо жонка дапазна будзе ў бальніцы.

— Магчыма, толькі ў снежні звыкнуся з гэтым тэмпам і прыйду ў раўнавагу. Унутры нервуюся жудасна! Але калі я зараз буду сядзець і трэсціся, што зменіцца? Успамінаем АБЖ. Першае, што трэба зрабіць пры любой надзвычайнай сітуацыі, — прыбраць паніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?