31.05.2019 / 17:03

З’явілася масонская Вялікая ложа Беларусі. Вялікім майстрам стаў Сяргей Дубавец 77

25 мая ў Мінску была інсталяваная масонская Вялікая ложа.

Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзіла некалькі крыніц.

Беларусь была апошняй краінай Еўропы, якая пакуль не мела сваёй уласнай Вялікай ложы.

Што такое Вялікая ложа? Пра гэта нам пагадзіўся расказаць масон Ложы Бірмінгемскага ўніверсітэта (графства Уорыкшыр, Вялікабрытанія) Сяргей Харытонаў, пры гэтым ён наадрэз адмовіўся размаўляць аб працэсах у беларускім масонстве.

«Вялікая ложа — гэта кіраўнічы орган масонскіх арганізацый, які рэгулюе масонскія ложы на канкрэтнай тэрыторыі. У нашым выпадку, на тэрыторыі Беларусі. Апроч таго, Вялікая ложа займаецца прадстаўніцтвам нацыянальных ложаў на міжнародным узроўні і за мяжой. Для Беларусі стварэнне Вялікай ложы — гэта эпахальная падзея.

Гэта азначае афіцыйнае вяртанне паўнавартаснай масонскай традыцыі на беларускія землі ўпершыню пасля ўсталявання камуністычнага ўраду ў 1917—1919 гг.

За савецкім часам ВЧК-ОГПУ жорстка пераследавала масонаў, і праца брацтва была цалкам забароненая па ўсім СССР ажно да ягонага падзення.

Напачатку 1990-х адраджэнне масонскай традыцыі пачалося ва ўсёй Усходняй Еўропе. Тое, што брацтва, нарэшце, афіцыйна вярнулася ў Беларусь, я разглядаю як вельмі пазітыўны знак не толькі для Беларусі, але і для ўсяго еўрапейскага масонства», — лічыць Сяргей Харытонаў.

«Прынцыпова адзначыць, што Вялікая ложа не можа быць створаная сама па сабе — яе павінны прызнаць замежныя Вялікія ложы.

Гэтая працэдура і крытэры ў нейкай ступені падобныя да фармальных крытэраў, якія існуюць пры прызнанні дзяржаваў на дыпламатычным узроўні. Але пры гэтым масонства ніколі і ні ў адной юрысдыкцыі свету (у тым ліку, у Беларусі) не супрацьпастаўляе сябе дзяржаве, на тэрыторыі якой існуе ці ствараецца наноў Вялікая ложа. Гэта адзін з прынцыповых фактараў прызнання ў больш як 300-гадовай еўрапейскай масонскай традыцыі», — працягвае Сяргей Харытонаў.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Вялікую ложу Беларусі падтрымалі Вялікія ложы Літвы, Украіны і Польшчы. Праца па стварэнні Вялікай ложы Беларусі праводзілася два дзесяцігоддзі. Да гэтага часу беларускія масонскія ложы складалі Дыстрыкт (акругу) «Беларусь» у Вялікай ложы Расіі (ВЛР), і расіяне спрабавалі не дапусціць узнікнення незалежнай ад сябе Вялікай ложы ў Беларусі.

Мы звярнуліся па каментар да вялікага майстра ВЛР Андрэя Багданава, але пакуль не атрымалі ад яго адказу.

Атрымліваецца, што беларускае масонства выйшла ад залежнасці з боку расійскага.

У Расіі масонства не мае вялікага ўплыву. Вялікім майстрам там з'яўляецца 49-гадовы паліттэхнолаг Андрэй Багданаў. Ён быў сузаснавальнікам васьмі карлікавых партый — ад «Правого дела» да «Камуністычнай партыі сацыяльнай справядлівасці» і нават балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах 2008 года, сабраўшы 1,8% галасоў. 

У Беларусі існуе некалькі — магчыма, шэсць — масонскіх ложаў, якія цалкам прызнавалі над сабой расійскі ўплыў. Адна з іх мае нават свой сайт і каналы ў сацсетках. Звычайна ў адну ложу ўваходзяць ад 15 да 100 чалавек.

Іншая частка змагалася за незалежнае масонства. Пытанне было ў тым, хто першым паспее стварыць сваю Вялікую ложу. Перамаглі незалежнікі.

Тры розныя крыніцы пацвердзілі «Нашай Ніве», што вялікім майстрам Вялікай ложы Беларусі стаў літаратар, супрацоўнік «Радыё Свабода» Сяргей Дубавец. Сам спадар Дубавец адмовіўся каментаваць гэтую падзею: «Я не маю патрэбы выказвацца».

Фота belcollegium.by.

Цяпер стаіць пытанне юрыдычнай рэгістрацыі масонскага руху ў Беларусі. Наколькі вядома «НН», Вялікая ложа мае намер атрымаць афіцыйны статус унутры Беларусі. Хаця для сусветнага масонскага руху яна ўжо мае паўнавартасны статус.

Масонскі рух паўстаў на пачатку XVIII стагоддзя ў Вялікабрытаніі. Ён аб’ядноўвае розных людзей з мэтай «праўдзівых шляхоў духоўнага абнаўлення грамадства». У заходніх краінах масонскі рух перастаў быць тайным, «браты» не хаваюць сваіх імён, але ён па-ранейшаму аточаны арэолам таямнічасці. 

Дакладная колькасць масонаў у свеце невядомая. Называюць лічбы 4 або 6 мільёнаў.

Вядомымі беларускімі масонамі былі Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Яны далучыліся да «брацтва», бо спадзяваліся такім чынам забяспечыць сабе патрэбныя знаёмствы для развіцця беларускага руху. Іх удзел у масонстве даследаваў гісторык Аляксандр Смалянчук. Масонам быў і прэм'ер Часовага ўрада Расіі Керанскі. Гісторыя паказала, аднак, што «масонская салідарнасць» адыходзіла на другі план, калі супярэчыла палітычным ці бізнэс-інтарэсам. Так, Керанскі рашуча адмовіўся задаволіць нацыянальныя прагненні братоў-масонаў паняволеных нацый.

У масонаў складаныя рытуалы і алегарычная сімволіка. Да сімвалаў масонства адносяцца цыркуль і вугольнік. Бо ж «франкмасон» з французскай мовы перакладаецца як «вольны муляр, будаўнік». Да сімвалаў адносяцца таксама кельма, узровень, малаток і зубіла, а таксама акацыя, што звязана з легендай пра смерць галоўнага архітэктара Храма цара Саламона.

Здаецца, у масонства няма ніякай агульнапрынятай мэты, і ні адзін масон не можа гаварыць ад імя ўсяго масонства.

Узнікненне масонства адносяць да XVIII ст., але рытуалы саміх масонаў адсылаюць да часу пабудовы біблійнага Храма Саламонавага.

У некаторых краінах масонства больш шматлікае, у іншых — менш. Напрыклад, у Чылі існуе 240 лож, масонамі былі некаторыя прэзідэнты краіны, да прыкладу, Сальвадор Альендэ.

Масонам быў правадыр нацыянальна-вызвольнага руху Італіі Джузэпэ Гарыбальдзі.

У XVIII—XIX ст. масоны падтрымлівалі рэвалюцыйныя і антыклерыкальныя рухі. 

Атацюрк быў масонам некаторы час — здаецца, з тымі ж мэтамі, што Луцкевіч і Ластоўскі.

Расійскі цар Аляксандр І то далучаўся да масонства, то забараняў яго. Першая палова ХІХ стагоддзя была пікам уплыву масонства ў Заходняй Еўропе. Масонскія рытуалы крытычна апісвае Талстой у «Вайне і міры».

Масоны не маналітныя, унутры руху існуюць розныя традыцыі. Так, ёсць масонскія ложы, умова ўдзелу ў якіх — вера ў боства, а ёсць такія, якія, наадварот, настойваюць на свабодзе сумлення і свецкасці.

У ісламскіх краінах масонства забараняюць, лічачы, што яно звязанае з сіянізмам.

Цэрквы — як каталіцкая, так і пратэстанцкія, і праваслаўныя — ставяцца да масонства рэзка негатыўна. Яны асуджаюць яго за містыцызм, акультызм і сакрэтнасць. Каталіцкая царква, як і праваслаўная, забараняюць прычашчаць сяброў масонскіх арганізацый.

У дэмакратычных краінах Захаду масоны таксама часам маюць негатыўную рэпутацыю з прычыны сакрэтнасці, якая атачае іх дзейнасць. Іх сяброў падазраюць у тым, што яны «цягнуць сваіх». 

<###dynamic-0###>

Зміцер Панкавец

15
Дзмитро Александрыйски / Адказаць
31.05.2019 / 17:08
Клоунада это и цырк. В великую ложу России можно вступить отстегнув бабла. Их рекламу вижу в Инстаграм постоянно. С этой ложей тоже самое будет
3
мясцовы2 / Адказаць
31.05.2019 / 17:13
У сучасных масонаў у сымболіцы мае дадацца перфаратар і ліст гіпсакартону, а ў беларускіх яшчэ і мех касцюковіцкага портландцэменту.
12
Васіль / Адказаць
31.05.2019 / 17:15
Гульні гэта ўсё. Работу рабіце, муляры.
Паказаць усе каментары/ 77 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру