Пракуратура Вілейскага раёна перадала ў суд справу супраць 26-гадовай жыхаркі Вілейкі, якая падманвала людзей у інтэрнэце.

Ад восені 2018 года да сёлетняга студзеня жанчына стварала ў сацсетцы «Аднакласнікі» старонкі нібыта інтэрнэт-крам. Пакупнікам яна прапаноўвала адзенне па коштах, у разы ніжэйшых, чым у іншых крамах.

— Натуральнае норкавае футра каштавала ў інтэрнэт-краме віляйчанкі 320 рублёў, — кажа намеснік пракурора вілейскага раёна Андрэй Жукоўскі.

Грамадзяне з усёй Беларусі звярталіся да фігуранткі, каб набыць добрае таннае адзенне.

Тая запэўнівала, што крама працуе выключна па перадаплаце. Калі ж людзі пералічвалі грошы, жанчына або не дасылала нічога, або дасылала тое, што не адпавядае замове.

Напрыклад,замест новых ботаў — тыя, што ўжо былі ў выкарыстанні.

Праз пэўны час пацярпелыя пачалі звяртацца ў міліцыю. Сярод іх — жыхары Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай абласцей, Гродна.

Выявілі 11 выпадкаў махлярства.

Па словах Андрэя Жукоўскага, фігурантку неаднаразова каралі за падобныя злачынствы. У 2017 годзе яна заплаціла за гэта штраф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?