Фота Юлii Дарашкевiч

Фота Юлii Дарашкевiч

Арыштаваны былы начальнік аддзелу ўласнай бяспекі Генпракуратуры Макараў, паведаміў журналістам генеральны пракурор Рыгор Васілевіч.

«Трапіўся на празе атрымліваць хабар», — адзначыў Р.Васілевіч. Ягонае месца ўжо заняў малады следчы Сяргей Шыкунец.

Што датычыць карупцыйнага скандалу з былым пракурорам Міншчыны Міхаілам Снегіром, то яму ў аўторак яму было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачанне па артыкуле КК 424 частка 3 «Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі».
«Вельмі шкада, што гэта супрацоўнік нашых органаў», — сказаў генпракурор.

Разам з тым, Васілевіч адмовіўся каментаваць рашэнне аб канфіскацыі катэджаў у Снегіра і супрацоўнікаў МУС.

Васілевіч пацвердзіў арышт начальніка дэпартаменту фінансавых расследаванняў камітэту дзяржкантролю Анатоля Грамовіча. Ён падазраецца ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Справа звязаная з злачынствамі на мытні «Заходні Буг». Пракурор сказаў, што ў гэтую справу ўцягнута шмат людзей, але называць іх прозвішчы, ці пасады не стаў.

Дарэчы, на пытанне пра Грамовіча, як і на ўсе пытанні, зададзеныя па‑беларуску Рыгор Васілевіч адказваў на добрай беларускай мове.

Генеральная пракуратура падтрымала Ўладзіміра Навумава з ягонай ініцыятывай дактыласкапіі ўсіх ваеннаабавязаных беларусаў.
«Справа выбуху 4 ліпеня павінна быць раскрытая, незалежна ад таго, якіх палітычных поглядаў мы прытрымліваемся», — сказаў Р.Васілевіч.

Генеральная пракуратура лічыць абгрунтаваным існаванне ў краіне смяротнага пакарання. Але Васілевіч зазначыў, што мы імкнёмся ў Рада Еўропы, то павінны выконваць іхныя правілы. У тым ліку і адносна ўвядзення мараторыя, ці адмены смяротнага пакарання.

Чуткі пра ўласную адстаўку Васілевіч пракаментаваў так: «Хацелася б папрацаваць далей. У любым выпадку вырашальнае слова за кіраўніком краіны, а не за тымі людзьмі, што распаўсюджваюць такія звесткі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?