Аб дзьверы яе хлапцы разьбівалі лбы,
пасьля залізвалі раны з рыльца за ровам.
А сонца хавалася ў шатах яе вярбы,
а вецер ганяўся па лузе за ейным роварам.

Цёткі казалі: «Надта ж любіць сябе».
Дзеўкі казалі: «Хопіць фарсіць, карова!»
Хлапцы маўчалі. Адзін выразаў імя на вярбе,
іншы лісты пакідаў на багажніку ровара.

Дні цяклі, як заўжды: касьба, малацьба,
рыбнадзор, браканьерства, схаваны бровар.
А малец пісаў у рыфму: «Вярба – судзьба»,
а іншы таксама ў рыфму: «Ровар – гейм овэр».

Дзяўчыну зьвязуць у горад – і ўсё, труба!
Мужык яе, кухар (па‑гарадзкому «шэф‑повар»),
нядаўна купіў круты рэстаран «Вярба»
і мае крутую тачку маркі Land Rover.

Палова вёскі нап’ецца – у знак журбы,
другая ўжо будзе пад мухай, а мух тут прорва...
А вецер пляце на прутках ейнай вярбы,
а сонца вяжа на сьпіцах ейнага ровара.

* * *

Аўтарская назва верша — «Класіка».

* * *

Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?