23—25 студзеня ў Мінску пройдзе Першая канферэнцыя Беларускай супольнасці людзей, якія жывуць з ВІЧ.

Як паведаміла БелаПАН кіраўнік супольнасці Алена Грыгор’ева, канферэнцыя прысвечана першай гадавіне працы арганізацыі, якая з’яўляецца нацыянальнай сеткай ВІЧ‑пазітыўных людзей Беларусі. Супольнасць створана з ініцыятывы саміх людзей, якія жывуць з ВІЧ, яе дзейнасць скіравана на абарону правоў і адстойванне інтарэсаў ВІЧ‑пазітыўных людзей.

Для ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны эксперты, псіхолагі, а таксама людзі, якія жывуць з ВІЧ, з Расіі, Літвы, Малдовы, Украіны.

Асноўная тэма мерапрыемства — «Жыццё з дыягназам: пытанні і адказы». У межах канферэнцыі адбудзецца прэзентацыя дзейнасці ініцыятыўных груп Беларускай супольнасці ЛЖВ з Мінска, Магілёва, Бабруйска (Магілёўская вобласць), Гомеля, Жлобіна, Мазыра, Светлагорска, Рэчыцы (Гомельская вобласць), Віцебска, Оршы (Віцебская вобласць). Міжнародныя эксперты правядуць майстар‑класы па эфектыўнай адвакацыі, а таксама на тэмы: «Партнёрства і грамадскія сувязі», «Эфектыўныя ўзаемаадносіны ўрач — пацыент», «Прававое рэгуляванне пытанняў ВІЧ‑інфекцыі» і іншыя.

На адкрыццё канферэнцыі запрошаны намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Валянціна Качан, кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Паўмесяца Джо Лаўры, прадстаўнік Шведскага агенцтва міжнароднага развіцця Венке Шрыбальт, прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, СААЗ, ЮНІСЕФ, ПРААН, ЮНЕЙДС.

«Наша грамадскае аб’яднанне выказвае заклапочанасць існуючай у Беларусі прадузятасцю ў дачыненні да ВІЧ‑пазітыўных людзей. Мы лічым, што якраз стыгма ў дачыненні да ВІЧ‑інфікаваных шмат у чым з’яўляецца перашкодай у прафілактыцы ВІЧ‑інфекцыі, і гатовы агучыць сваю пазіцыю», — заявіла А.Грыгор’ева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?