Яшчэ ў сакавіку мінулага года ЗБС «Бацькаўшчына» на просьбу Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі падрыхтавала і накіравала дакумент з прапановамі па карэкціроўцы заканадаўства краіны ў сферы адносін з беларусамі замежжа. Прапановы занялі ажно 13 старонак і тычыліся не толькі закона «Аб беларусах замежжа», але і законаў «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб грамадзянстве», статут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і кодэксы Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» і «Аб адукацыі».

Прапановы былі скіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва з беларускім замежжам у самых розных сферах, прыцягненню эканамічнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларусаў замежжа для ўзбагачэння нацыянальнай эканомікі, навукі, культуры і сацыяльнай сферы, бо сённяшняя практыка стасункаў вельмі часта абмяжоўваецца ўсяго толькі задавальненнем культурніцкіх патрэб дыяспары, і тое, даволі сціпла.

Днямі ЗБС «Бацькаўшчына» атрымала адказ з Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, з якога вынікае, што:

  • прапановы Згуртавання па змяненні Закона Рэспублікі «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» будуць разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь»;

  • прапановы па карэкціроўцы Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» і закона «Аб сродках масавай інфармацыі» будуць разгледжаны пры наступным комплексным змяненні гэтых заканадаўчых актаў.

Што датычыць перспектываў увядзення ва ўжытак пасведчання «беларуса замежжа», дакумента, які мог бы, да прыкладу, дазваляць трымальніку карыстацца правам бязвізавага ўезду ў Беларусь, спрошчанай працэдурай рэгістрацыі, атрымліваць ільготны крэдыт для аплаты вышэйшай адукацыі і да т.п., Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў лічыць мэтазгодным дадаткова вывучыць меркаванні кампетэнтных органаў адносна магчымасці ўвядзення такога дакумента.

Гэта звязана з пазіцыяй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у дачыненні да закону Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка». Паводле яе прадстаўленне ільгот і прывілеяў замежным грамадзянам — уладальнікам «карты паляка» супярэчыць палажэнням шэрагу міжнародных дагавораў і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права.

Адметна, што, паводле адказу Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, з 23-х дзяржаўных органаў і іншых арганізацый Рэспублікі Беларусь пераважная большасць адрасатаў, у тым ліку МЗС, паведамілі аб адсутнасці прапаноў па змяненні Закону, і асноўная маса заўвагаў па карэкціроўцы заканадаўства паступіла ад «Бацькаўшчыны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?