04.06.2019 / 14:21

Пасажырка распавяла, якія брыдкасці крычалі ў самалёце «Белавія» п’яныя расіянкі 43

31 мая на рэйсе з Пецярбургу ў Мінск здарыўся канфлікт. Па словах пасажыркі, дзве п’яныя дзяўчыны паводзілі сябе неадэкватна, у выніку, пасля прызямлення давялося выклікаць міліцыю.

«Наша Ніва» звязалася з той пасажыркай. Яе завуць Вольга, яна беларуска, працуе медыкам. Жанчына паведаміла, што ў той сітуацыі ў яе засталося шмат прэтэнзій і да супрацоўнікаў авіякампаніі, і да міліцыянтаў.

«У самалёце ляцела кампанія з чатырох дзяўчын з расійскімі пашпартамі. Маладыя, гадоў 20-25, прыгожыя, вельмі добра апранутыя. Але паводзіны дзвюх з іх мяне, мякка кажучы здзівілі і абурылі, — кажа Вольга. —

У мяне дзве сур’ёзныя прэтэнзіі. Першая — да авіякампаніі. Як і чаму такіх людзей дапусцілі на рэйс? Бо ап’яненне было відавочным.

Калі яны напіліся на борце, то чаму бортправаднікі ім налівалі столькі? Я бачыла, як бортправаднік адбіраў у іх бутэльку віскі. То бок, яны пілі сваё і ён бачыў?»

Але, можа, супрацоўнікі «Белавія» сапраўды не заўважылі ап’яненне дзяўчат пры пасадцы?

«Вы проста не ўяўляеце як сябе паводзілі тыя дзве дзяўчыны. Па першае, ад іх рэальна смярдзела алкаголем.

Па-другое, яны неслі такое, што нармальнаму чалавеку ў галаву не прыйдзе. Яны танчылі ў праходзе, спявалі песні — а замест мікрафона ў іх быў чаравік. Пасля пачалі штосьці там шукаць у багажы, адкрывалі паліцы з чужымі рэчамі.

Таксама яны здзекаваліся з нашай краіны і мовы. Гэта не было хіхіканне з нейкага смешнага слова. Яны казалі такое: «А чаму ў беларусаў паўсюль «гэ» і «шо»? Чаму яны паўсюль «свісцяць»? Можа ім трэба зубы ўставіць?»

Крычалі, што яны грамадзяне вялікай дзяржавы і мусяць ганарыцца сваімі пашпартамі. Сачынялі нейкія вершы пра «беларашка-бацькарашка-бл***рашка», «Пуцін круціў на **** ўсю вашу Белоруссію»…

Другая прэтэнзія ў Вольгі — да міліцыі.

«Калі я ўсё распавяла міліцыі, то рэакцыя была: «Ну і што тут такога?»

Чаму я мусіла ўгаворваць скласці пратакол? П’янства на борце было? Было. Мацюкаліся яны? Так, нават у прысутнасці міліцыянтаў.

Крычалі мне: «Пачвара, каб ты здохла, мужыка, напэўна, даўно не было».

Але міліцыя пачала расказваць мне, што я спазняюся, і ўхіляцца ад пратакола. Яны разлічвалі, што справа сама сабою «рассмокчацца» і не прыйдзецца нічога рабіць, — сцвярджае Вольга. —

І толькі калі я запэўніла, што нікуды не паеду, пакуль не будзе складзены пратакол, з цяжкімі ўздыхамі мы накіраваліся ў дзяжурную частку. Пры гэтым гэтых двух грамадзянак Расіі ніхто асабліва не ахоўваў і пры жаданні яны б спакойна паспелі і змаглі б мяне ўдарыць (колькі ішлі — столькі яны крычалі мне ў спіну мацюкі).

Мы зайшлі ў дзяжурную частку, гэтыя дзве засталіся за дзвярыма.

Выйшаў нейкі начальнік і ляніва спытаў «сутнасць прэтэнзій». Я ўсё працытавала даслоўна.

На што мне было адказана: «Ну, артыкула за абразу нацыянальнай свядомасці ў нас не існуе. Абразы дзяржаўнай улады тут няма. І кожны чалавек мае права на выказванне свайго прыватнага меркавання. Кажыце, чым канкрэтна абразілі вас».

Я была ў шоку. Я спытала «а вам самім не сорамна? Прылюдна абражаюць вашу краіну, а вы кажаце, што гэта нармальна?»

Як такое можа быць? Як можна настолькі не паважаць сваю нацыянальную свядомасць, сваю нацыянальную ідэнтыфікацыю, не любіць сваю Радзіму, каб шчыра не разумець сутнасць маіх прэтэнзій?!

Пасля я спытала ў міліцыі, а калі будзе суд?

Мне адказалі, маўляў, які суд, штраф дадуць. Усё, едзьце дадому, усё патрэбнае вам пасля дашлюць на пошту».

Усё, што ведае Вольга пра далейшае развіццё сітуацыі, гэта тое, што дзве дзяўчыны з той кампаніі паляцелі сваім рэйсам у Кіеў без п'яных сябровак. Абедзве «мацюкальшчыцы» на рэйс не трапілі.

«Белавія» пракаментавала сітуацыю парталу Анлайнер:

«Сапраўды, на рэйсе 946, які рухаўся з Санкт-Пецярбурга ў Мінск 31 мая, адбыўся канфлікт паміж пасажырамі. Падчас раздачы харчавання да кабiннага экіпажу звярнуўся адзін з пасажыраў з просьбай выклікаць міліцыю па прыбыцці рэйса ў Мінск. Да гэтага моманту заўваг з боку іншых пасажыраў не паступала, а таксама не было заўважана сітуацый, якія пагражаюць бяспецы палёту. Экіпаж зрабіў усё магчымае, каб улагодзіць канфлікт да пасадкі. Пасля таго, як канфлікт пагасіць не ўдалося, экіпаж выклікаў міліцыю».

Вольга гэта абвяргае:

«Расіянка, якая сядзела побач, рабіла дзяўчатам заўвагі, каб яны паводзілі сябе нармальна. Тады дзяўчаты пераключыліся на нас і пачалі паліваць нас брудам.

З імі сварыліся і іншыя пасажыры: рабілі заўвагі, казалі, што яны ганьбяць сваю краіну. Але тыя былі настолькі неадэкватнымі, што на іх не ўплывала нічога».

«Грамадзянкі РФ былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 17.3 КаАП Рэспублікі Беларусь за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення. Жанчыны прызналі сваю віну, аплацілі штраф, іх адпусцілі», — паведамілі «Анлайнеру» ў ГУУС Мінскага гарвыканкама.

УШ

8
Белачупакабра / Адказаць
04.06.2019 / 14:37
Ну дзякуй хоць нехта з сумленнем на борце знайшоўся
11
фелікс / Адказаць
04.06.2019 / 14:40
А што яшчэ рабіць расейскаму ражыму, калі "гаспадары" прыязджаюць ? Натуральна цалаваць ногі.
7
Niemand / Адказаць
04.06.2019 / 14:42
Як кажа прыказка, "сістріцы" ад "братьіф" недалёка валяюцца.
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру