Яшчэ 7 мая былы палітвязень і ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч паставіў перад Аляксандрам Лукашэнкам ультыматум, што той мусіць сысці ў адстаўку цягам 30 дзён.

«Я прад'яўляю гэтаму рэжыму ультыматум ад свайго імя і ад імя каманды сваіх аднадумцаў, якія гатовыя ўстаць побач са мной у барацьбе з беззаконнем. Упэўнены, што ў далейшым мае патрабаванні і дзеянні падтрымаюць мільёны абражаных, прыніжаных, абрабаваных, несправядліва асуджаных гэтай уладай беларусаў», — напісаў Аўтуховіч.

Трыццаць дзён сканчваюцца, ультыматум, зразумела, не выкананы. Што цяпер прапануе рабіць Аўтуховіч?

Аўтуховіч абвесціў, што працу пачынае «Народны Трыбунал», які будзе «разглядаць канкрэтную віну кожнага з памагатых рэжыму».

«Юрысты, праваабаронцы і грамадскія дзеячы дадуць іх учынкам ацэнку і вынесуць свой вердыкт, кіруючыся пры гэтым палажэннямі міжнародных пагадненняў і канвенцый, падпісаных Беларуссю. І галоўны дакумент, якім мы кіруемся, — гэта Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года», — гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым былы палітвязень падкрэслівае, што цэніць права чалавека на жыццё, таму не вядзе гаворку пра тэрарыстычную дзейнасць. Аўтуховіч звярнуўся да людзей з просьбай падтрымаць ягоную ініцыятыву фінансава. Маўляў, беларусам, якія жывуць на радзіме, дастаткова пералічваць 1 рубель на месяц, а беларусам замежжа можна пералічваць па 10 даляраў ці еўра на месяц.

«Праз нейкі час мы будзем мець дастаткова сродкаў для ўсяго неабходнага, каб вырашаць самыя складаныя задачы. Любы клерк сто разоў падумае, перш чым парушаць правы чалавека ў Беларусі. Метад падпольнага супрацьстаяння — вельмі эфектыўны сродак супраць любога самавольства чыноўнікаў», — піша Аўтуховіч.

Прадпрымальнік кажа, што не будзе заклікаць пакуль людзей пад «дубінкі АМАПа» на Плошчу. Ён просіць неабыякавых людзей скідваць каардынаты тых чыноўнікаў, якія парушаюць закон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?