Ад 7:30 раніцы студэнты ўсіх мінскіх ВНУ выстройваліся ў чэргі, каб прайсці кантроль, атрымаць талоны і зайсці ў сталовую.

Студэнтаў ставілі ў калоны па пяць чалавек і суправаджалі да дзвярэй сталовай.

На ўваходзе патрэбна было аддаць талон, назваць сваё прозвішча, здаць у гардэроб пакеты ды заплечнікі — як высветлілася пасля, каб студэнты не змаглі набраць поўныя кішэні яблык, кексаў і ёгурту — і зайсці ў абедзенную залу.

«Мы ўжо двойчы паабедалі і паснедалі. Раніцай тут было чалавек 300, таму нас прымушалі заходзіць, есці, а затым заходзіць у сталовую па другім коле. На абед ужо было прышпільна самім заходзіць двойчы. Тут вячэра яшчэ ў 18:30, думаем таксама застацца», — расказалі дзяўчаты-валанцёркі, якія на лавачцы перад уваходам пілі ваду.

«Ваду, што стаяла ў халадзільніках, з сабой выносіць дазвалялі, а вось пахту і кексы забіралі», — дзеляцца дзяўчаты.

Абедаць у 12:30 прыйшло 2000 студэнтаў — большасць з БДУ, астатнія з Лінгвістычнага ўніверсітэта. Дарэчы, калі які мінак затрымліваўся ля агароджы, яго таксама маглі запрасіць прайсці ўнутр. Дастаткова было паказаць пашпарт.

Нягледзячы на такую колькасць чалавек, натоўпу не адчувалася. Досыць аператыўна быў арганізаваны праход у сталовую.

Самае цікавае пачыналася там.

Міраслава, валанцёрка з Лінгвістычнага ўніверсітэта, фатаграфуе паднос з ежай, адсылае здымак сяброўцы:

«Я думала, тут будуць толькі якія бутэрброды, а тут такая прыемная некачанасць. Шкада, што так будуць карміць толькі спартсменаў», — кажа Міраслава.

Асартымент страў сапраўды ўражвае.

Такім чынам, на бясплатным абедзе можна было пакаштаваць: піцу капрычоза, грэчаскую, «Маргарыту»; спагеці, локшыну і фузілі з грыбным соусам і соусам карбанара; рыс, вараную ялавічыну, курынае філе з сырам, рулецікі са свініны з яблыкам і чарнаслівам, папрыкаш па-балгарску, хек на грылі, хек запечаны са шпінатам, біф-стэйк, пельмені з мясам, хумус, лазанню з гародніны, смажаную качку, сырны крэм-суп, грыбную поліўку, салаты з тунца і курыцы.

 

Шмат гародніны: і брусэльская капуста, і адварная морква. Свежая гародніна: памідоры чэры, перац, фасоля, кукуруза, гарошак, зеляніна, салера, агуркі.

Некалькі відаў каўбас і сыру, ягадны соус. На дэсерт — чызкейк і кексы.

Кава, гарбата, таматны і яблычны сок, ражанка, кефір, пахта.

Садавіна: бананы, яблыкі, грушы, апельсіны, лімоны.

Су-шэф Валянціна расказала, што падчас гульняў меню будзе мяняцца штодзённа.

«Будуць стравы з усіх кухань свету. Дранікі, вядома, гвозд праграмы. Яны былі сёння на сняданку і скончыліся першымі. Адзінае, што сушы гатаваць не будзем. Працоўны дзень з 21 чэрвеня ў нас будзе пачынацца а 6-й раніцы. Нас папярэдзілі, што будзем карміць яшчэ больш людзей. Але мы гатовыя, галодны ніхто не будзе», — запэўніла Валянціна.

У памяшканні сталовай стаяць кантэйнеры для паасобнага збору смецця. На ўваходзе — спецыяльныя дэзынфектары для рук.

«Я вельмі прыемна здзіўленая, што так кормяць. Усё вельмі смачнае. Я разумею, што гэта толькі рэпетыцыя, але ўсё адно вельмі рада, што прайшла адбор на валанцёра. Я запаўняла на сайце форму, выконвала тэсты. А затым, у залежнасці ад валодання англійскай мовай, нас размяркоўвалі па аб’ектах. Хтосьці трапіў у суправаджэнне віп-персон, хтосьці будзе працаваць з гледачамі. Я сёння першы дзень. Мая задача — складаць спісы тых, хто прыходзіць абедаць. Я ужо запоўніла ведамасць на 5000 чалавек. Але мне ўсё падабаецца. Гэта і рух, і магчымасць падцягнуць англійскую мову», — кажа Карына, валанцёрка з Магілёва.

Валанцёры працуюць бясплатна. «Але нас папярэдзілі, што калі мы накасячым, то заплацім штраф», — удакладняе Міраслава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?