Былы вайсковец Міраслаў Марчэк, які падазраецца ў забойстве славацкага журналіста Яна Куцяка і яго нявесты Марціны Кушніравай, заявіў, што заказчыкам забойства быў рускамоўны невядомы мужчына, паведамляе славацкае выданне Noviny.

Інфармацыю пра тое, што заказчыкам быў іншаземец, Марчэк даведаўся ад іншага падазраванага ў забойстве Золтана Андруско. Пра гэта Марчэк заявіў у сваіх паказаннях следчым 11 красавіка.

Раней Марчэк прызнаўся, што менавіта ён страляў у журналіста і яго нявесту.

Вось што Марчэк адзначыў у сваіх паказаннях: «Золтан Андруско сказаў, што гэты заказ — для аднаго яго знаёмага, рускага, які дрэнна размаўляе па-славацку. Ён казаў, што спадар з'яўляецца журналістам і піша некаторыя рэчы, якія яму не падабаюцца».

Такія паказанні Марчэка заблытваюць справу, бо абвінавачванне ў загадзе забіць Куцяка было вынесена набліжанаму да ўлады мультымільянеру Мар'яну Кочнеру.

Ян Куцяк і яго нявеста Марціна Кушнірава былі забітыя 21 лютага 2018 года. Рэзананснае забойства выклікала вялікія пратэсты ў Славакіі, пасля чаго прэм'ер-міністр Роберт Фіцо, міністр унутраных спраў Роберт Каліняк і кіраўнік паліцыі Цібар Гаспар былі вымушаныя падаць у адстаўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0