Улады акругі Джэферсан у Каларада прапанавалі знесці школу «Калумбайн», дзе 20 гадоў таму адбылася страляніна, якая шакавала ўвесь свет. Злачынцы, якія ідуць на страляніну ў школах, да гэтага часу натхняюцца нападам на «Калумбайн», лічаць чыноўнікі, піша BBC.

Двое падлеткаў забілі 12 вучняў і настаўніка ў «Калумбайн» у красавіку 1999 года.

Супэрінтэндант акругі Джэферсан Джэйсан Глас звярнуўся да бацькоў школьнікаў з прапановай знесці будынак «Калумбайн» і выбудаваць нанова, каб спыніць гэтае «агіднае захапленне» масавым забойствам.

«Трагедыя, якая адбылася ў 1999 годзе ў сярэдняй школе «Калумбайн», служыць зыходным пунктам у эпідэміі выпадкаў школьнай страляніны. Стралкі вывучаюць выпадак «Калумбайна» і кажуць пра яго як пра крыніцу натхнення. Гэтыя людзі жывуць па ўсім свеце і называюць сябе «калумбайнерамі». Яны памяшаныя на страляніне ў школе «Калумбайн».

Па словах Гласа, кожны год у школу спрабуюць прайсці некалькі сотняў чалавек, каб паглядзець на месца злачынства. За апошнія 11 месяцаў колькасць такіх людзей узрасла да рэкорднага ўзроўню, сцвярджае чыноўнік.

«У 1999 годзе не існавала ніякіх дапаможнікаў, як паступаць з такімі будынкамі, як «Калумбайн», — гаворыцца ў звароце. — Зараз эксперты па бяспецы рэкамендуюць зносіць будынкі школ, дзе была страляніна».

Школа «Калумбайн» была часткова перабудавана пасля нападзення. Згодна з новымі прапановамі, будынак школы варта знесці і выбудаваць нанова. Назва і сімволіка школы застануцца ранейшымі.

Мемарыяльны будынак бібліятэкі, пабудаваны пасля нападу, прапануецца пакінуць, а на месцы старой школы з'явіцца засаджанае травой поле.

20 красавіка 1999 года двое вучняў школы «Калумбайн», 17 і 18 гадоў, здзейснілі напад на школу, забіўшы 12 вучняў і выкладчыка, пасля чаго скончылі жыццё самагубствам.

З таго часу ў ЗША адбылося некалькі дзясяткаў выпадкаў школьнай страляніны. У шэрагу выпадкаў стралкі рабілі адсылкі да злачынства ў школе «Калумбайн».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0